26 траўня паэтычна-спеўны дуэт Таццяны Матафонавай і Міхася Скоблы выступіў у Вялейцы.
Дзве сустрэчы (з вучнямі малодшых і старэйшых класаў) прайшлі ў гарадской гімназіі №2. Прайшлі пераважна пад знакам Максіма Багдановіча, чый дзень памяці адзначаўся напярэдадні, 25 траўня.
Т. Матафонава з уласцівым ёй душэўным уздымам выканала песні на вершы класіка – “Зорку Венеру”, “Па-над белым пухам вішняў”, “Пагоню”.
М. Скобла займальна расказаў пра свае пошукі магілы М. Багдановіча ў Ялце (на той час нават вартаўнікі мясцовых могілак не ведалі пра яе месцазнаходжванне), прачытаў вершы, прысвечаныя “Страцім-лебедзю айчыннай паэзіі”, і пераклады з украінскіх паэтаў.
Творцы павіншавалі гімназістаў з заканчэннем навучальнага года – адмысловай песняй “Школьны званок”, уручылі найбольш актыўным удзельнікам сустрэчаў падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
А трэцяя, незапланаваная, сустрэча адбылася ў Вялейскім райвыканкаме – гасцей з Мінска запрасіў да сябе на гутарку загадчык раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Пуцэйка. Падзякаваўшы за “паэтычна-песенныя ўрокі” роднай мовы і літаратуры, Аляксандр Часлававіч запрасіў наведвацца ў іхні горад часцей.
Тэгі: Вялейка