вось растлумач мне, – кажа мне мама, – растлумач,
што мне казаць пры сустрэчы знаёмым, што мне казаць
гэтым дурнаватым суседзям,
што ўжо, пэўна, натапырылі вушы, што? – кажа яна.
я сяджу да яе спінаю, пазіраючы на манітор: там якраз
крытык А выклала новы пост у ЖэЖэ –
мы не знаёмыя з ёй асабіста, але, мяркуючы па
тым, што яна выкідае ў ЖэЖэ, у яе ў галаве
бардак. у мамы – таксама бардак. ва ўсіх сёння,
відаць, бардак, балазе не ўсе мы – літаратурныя крытыкі.
(мама не сцішваецца; крытык піша пра бэз і надвор’е).
вось растлумач мне, – кажа мне мама, – растлумач,
што мне казаць усім гэтым людзям? яны пытаюць,
як твой сын, чым ён займаецца, дзе працуе;
што мне казаць ім? што ён
сядзіць у чатырох сцянах, як нейкі манах,
што ён лічыць, што свет ператварыўся ў пекла,
што навокал усе вар’яты, а па начах піша нейкае трызненне?
МАМА, Я ПІШУ ВЕРШЫ І ПРОЗУ, ВЕРШЫ І ПРОЗУ.
калі ты нарэшце возьмешся за галаву?
МНЕ СОРАМНА, РАЗУМЕЕШ, МНЕ СОРАМНА.
МНЕ ТАКСАМА СОРАМНА, – кажу я і выходжу паліць на гаўбец.
божа, – думаю я, шукаючы цыгарэты, –
я тут усяго толькі месяц,
а мяне ўжо задзяўбаў гэты горад. што я раблю тут?!
нават птушкі грэбуюць грэбанай гэтай правінцыяй.
менавіта адсюль у сталіцы еўрапейскіх краін кантрабандай вязуць арго;
менавіта тут мужчыны збіваюць жанчынаў, а жанчыны даруюць
(але ці ёсць у іх выбар?);
менавіта тут самыя танныя надзіманыя дзеўкі;
менавіта тут я апусціўся настолькі, што не памятаю,
калі ў апошні раз чысціў зубы;
менавіта тут я пішу вершы і прозу (можа, калі надрукуюць);
менавіта тут выконваюць шлюбныя абавязкі;
менавіта тут я ніколі не хацеў жыць;
менавіта тут гомасэксуаліст – гэта значыць підар;
менавіта тут я не п’ю гарэлку і нават піва;
менавіта тут на пабудову культурна-аздараўленчага цэнтру задзейнічалі
аднаразовых мужчынаў;
менавіта тут старыя выскокваюць з вокнаў ад адзіноты;
менавіта тут працуюць мой брат і тата;
менавіта тут не сустрэць лесбіянак, бо яны, небаракі, адсюль з’язджаюць;
менавіта тут я, бясспрэчна, найлепшы паэт, бо
менавіта тут адны далікатныя, млявыя лірыкі (але іх, гаўнасмокаў, друкуюць);
менавіта тут мне сорамна;
менавіта тут кудысьці падзеліся мае цыгарэты;
менавіта тут самыя адмарожаныя адмарозкі;
менавіта тут я чытаю “Уолдэна” Генры Дэвіда Тора;
менавіта тут мяне калі-небудзь пахаваюць;
менавіта тут на праспекце Міра 33 кватэру здымае Д’ябал;
менавіта тут жыве мая маці (я часам яе ненавіджу);
менавіта тут самыя жахлівыя гопнікі на планеце;
менавіта тут афармляюць дагаворы па абавязальніцтве штогадовай пастаўкі
чалавечае сыравіны
для далейшай перапрацоўкі;
менавіта тут я ананірую;
менавіта тут кожны дзень нараджаецца новы дыктатар;
менавіта тут, дзякуй богу, няма літаратурных крытыкаў, што выкладаюць
пасты пра надвор’е і бэз у ЖэЖэ;
менавіта тут, калі пішуцца вершы, я адчуваю млоснасць;
менавіта тут нараджаюць упакаваных у кардонныя скрынкі дзяцей з гарантыйным
квітком тэрмінам на адно жыццё – не болей;
менавіта тут клануюць упэўненасць у неабходнасці чалавека на гэтым свеце;
менавіта тут як нідзе я ненавіджу сябе; менавіта тут…
я раптам
разумею, што
забыў цыгарэты
на шафе.
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Цімур Хоміч. Нарадзіўся 20 сакавіка 1985 года. Вучыўся ў БДУ (дызайн) і Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва (журналістыка), але вышэйшай адукацыі не атрымаў. Зараз з’яўляецца студэнтам завочнага аддзялення Літаратурнага інстытута імя М. Горкага (семінар прозы П. Басінскага) і Беларускага калегіума (філасофія і літаратура). Фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-Цэнтра да стагоддзя Ларысы Геніюш.