Цёплыя сустрэчы халоднаю парой

Перадкалядны карагод цікавых сустрэч з творчымі людзьмі ад грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і грамадскага аб’яднання “Саюз беларускіх пісьменнікаў” працягваецца…

8 снежня паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла сустрэўся з вучнямі Ракаўскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Госць пазнаёміў школьнікаў са сваёй творчасцю, а таксама захапляльна расказаў пра пісьменнікаў, якія ў свой час мелі дачыненне да Ракава.

Першым было ўзгадана імя Сяргея Пясецкага, чые прыгодніцкія раманы пра ракаўскіх кантрабандыстаў у свой час разыходзіліся па ўсёй Еўропе і толькі цяпер прыходзяць да беларускага чытача. Менавіта Пясецкі прыдумаў такую жартоўную загадку: “Як называецца беларускі аўтамат? – Вілы. – Чаму вілы? – Адзін удар – чатыры дзіркі”…

Таксама цікавая гісторыя атрымалася пра адзін з псеўданімаў Францішка Багушэвіча – Мацей Бурачок (ён не аднойчы праязджаў праз Ракаў). “Чаму ён – знакаміты адвакат і пісьменнік – назваўся нейкім “бурачком”? Так, бурачок – гэта вядомая ўсім гародніна, з якой можна прыгатаваць смачную і карысную салату. Але – пра гэта мала хто ведае – раней у беларускіх храмах карысталіся падсвечнікамі, зробленымі з… бурачкоў.

Упэўнены, і ў Ракаўскім касцёле былі такія падсвечнікі. У маладых, акруглых бурачках выразалі адтуліны і ставілі ў іх свечкі. Таму Багушэвічаў псеўданім Бурачок азначае “падсвечнік” і становіцца ў адзін шэраг з такімі імёнамі ў беларускай літаратуры, як Янка Лучына і Карусь Каганец. Усе яны асвятлялі шлях беларусам да незалежнасці, былі нашымі асветнікамі” – распавёў спадар Міхась. Па словах ракаўскіх старшакласнікаў, такіх цікавых фактаў з гісторыі роднай літаратуры яны раней ніколі не чулі.

 

 

10 снежня Дзіцячую бібліятэку № 3 наведалі госці з грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма Беларусамі!”. Гэта была незвычайная сустрэча – гэта быў сапраўдны рыцарскі турнір, таму што ў бібліятэку завіталі Юрый Усціновіч і Андрэй Дундукоў – аматары гісторыі роднага краю. Яны з’явіліся перад вучнямі 4 класа сярэдняй школы № 186 у даспехах і паказалі “рыцарскую праграму”. Юрый і Андрэй прадэманстравалі баёўкі на мячах, уменне валодаць шаблямі і шмат цікавага распавялі пра ўзбраенне і вайсковыя традыцыі даўніх часоў. Маленькія ўдзельнікі мерапрыемства з вялікай цікавасцю слухалі пра шляхцічаў, Грунвальдсую бітву і крылатых гусараў.

Падчас гутаркі з дзецьмі госці запытвалі ў дзяцей, ці ведаюць яны, хто такія рыцары і калі яны жылі. Вядома, вучням не зусім было лёгка адказваць на пытанні, але размаўляць і бачыць такіх герояў было цікава і пазнавальна. Самыя кемлівыя дзеці атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма Беларусамі!”.

Таксама і госці адказвалі на розныя пытанні дзяцей. Высветлілася, што яны з самага маленства цікавіліся гісторыяй Беларусі: Юрый майстраваў з дроту зброю, ляпіў з пластыліну воінаў і разыгрываў сапраўдныя баталіі, а Андрэй дасканала вывучаў вайсковае жыццё тых далёкіх часоў.

З вуснаў дзяцей часта гучала слова “дзякуй” за цікавы аповяд, за выставу ўзбраення і за самую захапляльную частку праграмы – дэманстрацыю рыцарскага майстэрства.

“Добрую справу робяць людзі, якіх аб’яднала кампанія “Будзьма Беларусамі!” па далучэнні маленькіх грамадзян нашай краіны да вытокаў беларускай культуры і гісторыі” – такія цёплыя словы прагучалі ад супрацоўнікаў бібліятэкі № 3.

 

 

 

11 снежня ў гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 12 горада Барысава ў межах тыдня беларускай мовы адбыліся творчыя сустрэчы з літаратуразнаўцам і паэтам Віктарам Жыбулем і музычным гуртом “Балцкі Субстрат”. Падчас імпрэзаў Віктар прэзентаваў анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду “Бліскавіцы”, якую ўклаў разам з Аксанай Данільчык. Ён чытаў вершы вядомых і забытых паэтак 1920 – 1930-х гг., а таксама – на просьбу ўдзячнай публікі – і свае ўласныя. “Балцкі Субстрат”, які гэтым разам прадстаўлялі Ганна Селядцова і Максім Іўкін, выканаў песні на словы Наталлі Арсенневай, Сяргея Дарожнага, Максіма Танка, Юлія Таўбіна, Арона Юдальсона, Віктара Сямашкі. Паміж чытаннем і спевамі выступоўцы праводзілі літаратурную міні-віктарыну з розыгрышам прызоў ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, без якой не адбыліся б гэтыя сустрэчы. Вучні і настаўнікі засталіся прыемна ўражаныя.

 

 

 

Яшчэ адным прыемным падарункам ад “Будзьмы” ды СпБ для барысаўскіх вучняў у тыдзень беларускай літаратуры сталі сустрэчы з паэтам, даследчыкам літаратуры Міхасём Скоблай і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Сустрэчы атрымаліся з гістарычным ухілам. Калі нечакана высветлілася, што школьнікі не маюць паняцця пра гімн Барысава (на беларускай мове), але ведаюць на памяць рускі верш “Бородино”, паэт расказаў, як забараніў свайму сыну-шасцікласніку вучыць яго на памяць, як таго патрабавала настаўніца.

“Бо не трэба юным беларусам запамінаць расійскія патрыятычныя мантры: “Ребята, не Москва ль за нами? Умрёмте ж под Москвой!”. Не трэба ім – разам з усёй Расіяй – “помнить про день Бородина”. Трэба ва ўсіх гістарычных падзеях знаходзіць беларускія сюжэты. І такім сюжэтам у вайне 1812 года бачыцца мне пераправа Напалеона цераз Беразіну – акурат пад вашым Барысавам. Менавіта на Беразіне ён пацярпеў канчатковую паразу, кінуў рэшткі войска і ўцёк у Парыж. Нездарма ў французскай мове слова “беразінá” і сёння азначае поўны канец. Беразінá, а не Барадзіно! Беларуская рака, а не падмаскоўная вёска павінны прысутнічаць у нашай свядомасці. Дарэчы, на Беразіне, каля вёскі Студзёнка, штогод ладзіцца рэканструкцыя бітвы – грымяць старадаўнія гарматы, скачуць у бой вершнікі з Пагоняй на кукардах”, – падсумаваў свае развагі спадар Міхась. Ён таксама чытаў вершы на гістарычную тэматыку і ладзіў бліц-конкурсы “10 слаўных дат айчыннай гісторыі”.

Спадарыня Таццяна аздобіла сустрэчы песнямі на вершы беларускіх класікаў і ўручыла пераможцам конкурсаў памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

 

 

 

 

11 снежня ў мінскую бібліятэку № 6 прыйшлі вучні з суседняй школы, каб паглядзець першы ў гэтым сезоне спектакль “Мама Му, Крумкач і Каляды” тэатрыка “Лямцавая батлейка” паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Выступ праходзіў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

…Самы час рыхтавацца да святаў! Гаспадар упрыгожыў кароўнік, Мама Му падабрала сабе вобраз на святочны маскарад, Крумкач сам сабе зрабіў шыкоўныя падарункі. Дзеці смяяліся, падказвалі Крумкачу, як рабіць нельга, пляскалі ў далоні і напрыканцы пагадзіліся, што добра не толькі атрымліваць падарункі, але і самім іх дарыць. Памятныя паштовачкі з выявамі Мамы Му і Крумкача атрымаў кожны глядач каляднага спектакля.

 

 

 

 

 

 

Гэтым жа днём адзінаццацікласнікі суседняй школы завіталі ў 16-ю мінскую бібліятэку на сустрэчу з творцай Анатолем Івашчанка. Ва ўтульнай атмасферы, якую стварае тут гаспадыня – спадарыня Вольга, вучні і пісьменнік размаўлялі пра жыццёвыя планы і часопіс “Дзеяслоў”, пра літаратуру і псіхалогію, пра мары і іх дасягненні… З цікаўнасцю першаадкрывальнікаў слухалі пераклад класікі рок-музыкі (В. Цой “Мурашнік”) на родную мову. А таксама прынялі ўдзел у літаратурнай віктарыне ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў”. Госць быў прыемна ўражаны хуткасцю і лёгкасцю, з якой вучні адказвалі на пытанні – нават настаўніца падказваць не паспявала! За правільныя адказы хлопцы і дзяўчаты атрымлівалі прызы.

 

 

12 снежня ў мінскай дзіцячай бібліятэцы № 6 імя Васіля Віткі прайшла прэзентацыя новых беларускіх перакладаў кніг пра Пэтсана і Фіндуса. Сустрэча адбылася дзякуючы кампаніі “Будзьма беларусамі!” і “Саюзу беларускіх пісьменнікаў”.

“Мітусня ў агародзе”, “Час пеўня”, а таксама “Каляндар Пэтсана” на 2019 год – гэта выданні, што выйшлі ў кніжнай серыі “Саюза беларускіх пісьменнікаў” “Каляровы ровар”. Аўтар гэтых кніг – вядомы шведскі пісьменнік і мастак Свэн Нурдквіст, пераклад на беларускую мову зроблены Надзеяй Кандрусевіч.
Прэзентавалі іх вучням трэцяга класа адной з мінскіх школаў пісьменнік Аляксей Шэін ды Таццяна Крыцкая, кіраўнічка праекту “Альтанка для чытанкі”.

Дзеці пазнаёміліся з героямі, паслухалі ўрыўкі з кніжак, паўдзельнічалі ў віктарыне з прызамі ад “Будзьма беларусамі!”, а таксама зрабілі цацкі-самаробкі, якія ўзялі з сабой на памяць пра сустрэчу.

 

 

 

Гэтым жа днём у бібліятэцы № 14 імя Ф.Багушэвіча ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў” адбылася цёплая сустрэча з паэтам, перакладчыкам, выканаўцам уласных песень Алесем Камоцкім і спявачкай, рэжысёрам Алесяй Сівохінай. Канцэрт наведала каля 60 слухачоў, большасць з якіх – бібліятэкары школ Фрунзенскага раёна г.Мінска.

Алесь Камоцкі расфарбаваў гэты зімовы дзень у розныя колеры настрою: ад актуальнай песні пра восень і раманса на словы Рыгора Барадуліна да цыганскага раманса. Алеся Сівохіна праспявала для наведвальнікаў знакамітыя пераклады-перасьпевы Алеся Камоцкага.

Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы, якой спрыялі пытанні гледачоў і цікавыя гісторыі ад спадара Алеся.

 

 

 

 

 

14 снежня ў Гомельскім тэхнічным універсітэце імя Сухога адбылася творчая сустрэча з паэткамі Людмілай Паўлікавай-Хейдаравай і Валянцінай Осіпавай. Цудоўная была арганізацыя выступу з боку бібліятэкараў, якія выказалі непадробнае захапленне ад кніг і часопісаў, ахвяраваных бібліятэцы ўніверсітэта “Саюзам беларускіх пісьменнікаў”, а таксама падарункаў у выглядзе паліграфічных і тэкстыльных вырабаў ад ГКК “Будзьма беларусамі!”. Вялізарная зала была амаль поўная. Адчувалася шчырая зацікаўленасць аўдыторыі, якую склалі ў асноўным студэнты. Разумныя, неабыякавыя, стрыманыя, усмешлівыя, яны актыўна адказвалі на пытанні падчас сустрэчы, шчыра адгукаючыся апладысментамі на тое, што ўзрушвала іх, падабалася.

Ноўтбукі і планшэты, раскладзеныя некаторымі студэнтамі перад пачаткам сустрэчы, аказаліся незапатрабаванымі.

Паэтэсы пачалі сустрэчу разам, дапаўняючы адна другую, знаёмячы прысутных з напрамкам дзейнасці і мэтамі кампаніі “Будзьма беларусамі!”, “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

Валянціна Осіпава ў асноўным прысвяціла выступ сваёй малой радзіме. Яна распавяла пра гісторыю Бярозаўскага краю, пісьменнікаў, якія там нарадзіліся, чытала свае вершы, навеяныя людзьмі, падзеямі, старабытнымі мурамі Бярозаўшчыны. Праз прызму лірыкі яе вершы часта выкрывалі хібы грамадства, чалавечых адносінаў:

Не спрабуй мяне з думкай зрадніць,
Што пяшчота душы не ў фармаце,
Асалода, разлік і карысць –
Тры сланы, што сучаснасць трымаюць.

Згодна я: прыцягальны – камфорт.
Тэмп жыцця закілзаў нашы душы
І ў шматлікіх людзей боскі код
Ад штодзённай напругі парушыў.

Пакрываецца сэрца ільдом
Ад нуды, ад душэўнай ляноты.
Ды ратуе не модны садом…
А сяброўства, любоў і пяшчота.

Заклікаеш да тых, хто гатоў
Неабачліва перлы кахання
Прамяняць на пуды медзякоў,
Каб нацешыцца зманлівым ззяннем…

Слепакам можаш ты выдаваць
Усур’ёз чорны колер за белы,
І с халоднай усмешкай сцвярджаць,
Што любоў, як дуэль, састарэла.

Людміла Паўлікава-Хейдарава распавяла пра ўплыў радзімы на яе творчасць, падмацоўваючы гэта вершамі, якія паказвалі прыгажосць, славу, трывогі і радасці яе родных мясцінаў на Асіповіччыне: Ялізава, Свіслач, Кассё, Вуглата, Слабада, Сталяры, Шэйпічы…

“Над Свіслаччу на Замкавай гары,
дзе замак быў, а ўжо пры мне канюшня,
адно слізгае позірк раўнадушны –
маўчаць зніякавелыя муры.

Яшчэ гару трымаюць карані
памёрлых дрэў і вецер косці студзіць,
ды ўсё для іх мінулася і людзям
не вераць тут вада і камяні.

Кроў утравела на былых мурах
і на былых вірах так сонна-гладка,
бы ў зале, дзе напляскаліся ў ладкі,
і толькі стынуць крэслы на радах…”

Прагучалі таксама вершы філасофскага складу і лірыка з яе творчасці: “Суцяшэнне”, “Крыж”, “Гравюры”, “Трыпціх душы”, “Ave amen” і інш.

Паміж выступамі Людміла Паўлікава-Хейдарава з дапамогай Валянціны Осіпавай правяла віктарыну на прыгодніцка-гістарычную тэматыку. Да прыкладу, “Кажуць, што пан, калі быў незадаволены сваім халопам, мог паабяцаць таму: “Загадаю паставіць цябе вышэй за мяне”. Што ён меў на ўвазе? (Абяцанне павесіць.)”, або “Як зваўся родавы маёнтак беларускага шляхціца, які быў продкам вядомага рускага пісьменніка Дастаеўскага?”(Дастоева), ці “3apacлі канопляў некалі называлі «раслінаю ўцекачоў», бо ў каноплі чалавека i з сабакам не дагоніш. А чаму? (Собака губляе нюх.)” і інш.. За правільныя адказы гледачы былі ўзнагароджаны прызамі ад “Будзьма беларусамі!”.

 

 

(www.pho.to) PhotoEngine::Collage::1

 

 

15 снежня ў Пружанскім інфармацыйна-культурным цэнтры “Вясковы Рэнесанс” пры падтрымцы “Будзьма беларусамі!” і “Саюза беларускіх пісьменнікаў” адбыўся незвычайны калядны квэст “На мастку сонцазваротным”. Вось што распавядае пра перадкалядныя прыгоды паэтка, этнограф Антаніна Хатэнка:
“…А вы ўсё яшчэ не верыце?

Не верыце, што заўжды-заўжды на Каляды ў прыродзе і ў людзях, ува ўсім неабсяжным жыцці адбываецца нешта чароўнае, нешта зусім- зусім непаўторнае, нешта першаРОДнае, чыстае, існае?

Ну, тады вам неадкладна трэба выпраўляцца ў дрымучы казачны лес, у векавую пушчу, што хавае ў густых перапляценнях вецця нейкія важныя-важныя таямніцы, абярожаныя ўладнымі-ўладнымі Духамі.

Тады… Настае пара наваражыць, начараваць, напрарочыць – самім сабе, сваёй дарозе і ўсяму неабдымнаму свету – калядна-навагодні цуд. І… патрапіць-такі нарэшце ў сонцазваротную зімовую містэрыю, у якой Усё здараецца, Усё супадае, Усё пераўтвараецца… І заўсёды іначай, ясней, прыгажэй, прывабней, заўсёды больш загадкава і прыцягальна, чым раней. Заўсёды нібыта наноў.

Але напачатку… Напачатку варта даверыцца сваім перадкалядным жаданнням. І… той мясціне, куды вас пакліча і прывядзе зычлівы Калядны дзед. Толькі ж тут, у кропцы прадаўняе праўды, пошумна агорнутай дрэвамі надарыцца, быць можа, спаткацца з нябеснай радасцю.

Ці вы па-ранейшаму не верыце?..

А тое азначае, што вам патрэбна падмога. Патрэбны дарада, падказка. Вяшчунскі знак.

І раз мы на самым парозе Каляд, варта падпільноўваць гэткія таемныя знакі ды навучацца іх расчытваць.
Вось, прыкладам, амаль паўсотні берасьцейскіх школьнікаў-падлеткаў разам са сваімі настаўнікамі якраз і выправіліся ў мінулую суботу, 15-га снежня, пушчанскім шляхам да спусцелай вёскі Стойлы, дзе… спрабавалі адшукаць Ледзянога дзеда Зюзю ды вярнуць у Край ці то скрадзенае, ці то знячэўку заснулае Сонца.

Набліжалі, так скажам, Сонцазварот.

І каго толькі ні спаткалі ў дарозе пошукаў героі перадкаляднага містычнага квэсту – і памагатых, і шкадліўцаў, і баязліўцаў, якія век не могуць вызначыцца, да якога берагу прыстаць!
Затое ж ахоўнік хатняга агню Жыжаль падкінуў прыгаршчу відушчых вугельчыкаў, каб усім дамоў лёгка павярталася, Каляда з Калядным дзедам сагравалі й на мацаванне частункаў падсыпалі, пані Завея і пан Падвей вятры сцішвалі, слядоў не замяталі. Ваўкі піліпаўскія й тыя пазмаўкалі, у логавы пазбягалі, каб не замінаць героям Свяціла з палону вызваліць.

Гэткай еднасці й не памятаў, здаецца, ніхто з падарожнікаў. Бо на тое ж яны, відаць, і Каляды, каб усё на дабро паварочвалася.

Мабыць, таму і ўдалося дзятве няўтомнай і Зюзю з пушчы-дрымушчы выклікаць, і Сонца адчараваць, і каляднымі гульнямі-карагодамі нацешыцца, і блізу агменю зыркага бліноў усоладзь пасмакаваць, і дарункі ад “Будзьма беларусамі!” атрымаць, што верылі яны ў цуд адпачатна. У перамогу верылі. Перамогу святла над цемрай, дабра над ліхам, жыцця над сконам.

А яшчэ ў сустрэчы гэтай ці не кожнаму сутнасць пракаветная адкрылася: гэта ж мы самі (і ніхто іншы!) і ёсць у няспыннай плыні часу галоўнымі чарадзеямі, галоўнымі геніяльнымі канструктарамі і памкнёнымі пілотамі таго шуканага-снёнага з маленства кілім-самалёту, які – пажадай толькі, моцна-моцна! – перанясе ўраз у нябачаную, незнаёмую, недасяжна мройную, здавалася б, Краіну скарбаў і адкрыццяў. У Краіну, дзе з прасторы пад імём Каляды паўстае здзяйснёнае карункавае… Дзіва.

Слухайма! Тройчы паўторыцца Калядная Куцця. Тройчы ўздымуцца ўгору гімны Калядныя. Слухайма! Аднекуль з элінскай сівое далечы ляціць і падае ў наш дзень, нібы святлюткая знічка, мудрая-мудрая падказка: “Колькі ні ўваходзь у адну й тую ж раку, шторазу ступацьмеш у ваду новую”. Ляціць і падае паратункава, асвятляльна. Як хвілі, як снег, як звон. Слухайма!

Бо нам жа абавязкова трэба адшукаць тую зіхоткую-зіхоткую раку, вада якой усё ззяе-плыве-аднаўляецца, люстэркава адбіваючы неадменную зменлівасць і непрадказальнасць самога Быцця. Раку шчасця.
Бо недзе чакае ж нас ціхі куток ладу. Чакае, каб сцвердзіць і пераканаць: Усё немагчымае бывае магчымым. Нават узнёслым. Нават незвычайным. Асабліва ж – на самай сакрэтнай празрыстай мяжы – на мяжы ад году Старога да Новага!”

 

 

 

17 снежня ў дзіцячую бібліятэку № 2 завітаў тэатрык “Лямцавая батлейка” са спектаклем “Мама Му, Крумкач і Каляды” паводле кніг шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр. Выступ праходзіў у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і пры падтрымцы “Саюза беларускіх пісьменнікаў”.

Кампанія “Будзьма беларусамі!” падтрымлівае мерапрыемствы на роднай мове. Дзеці, што завіталі ў бібліятэку на спектакль, упэўнены, што родная мова беларусаў – беларуская. Таму, ім лёгка было адгадаць, што такое смачныя ўзбітыя вяршкі.

Далей пачаліся Калядныя цуды: святочны маскарад у кароўніку, зімовы лес і ялінка з падарункамі, скокі ды абдымкі, усмешкі ды спевы і самаробныя калядныя паштоўкі!

На развітанне, адна дзяўчынка сказала, што ей спадабаўся Крумкач таму, што ён як маленькі дзіценак, а другой спадабаўся таму, што ён лятаў як шалёны. Вось такі водгук!

 

P.S. Калі Вы жадаеце зладзіць цікавую сустрэчу з ГКК “Будзьма беларусамі!” і ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” у сваёй мясцовасці, пішыце на скрыню: stasyaky88@gmail.com – будзем рады новым сябрам!