У Браславе пакажуць, што такое авантурная мода

20.11.2014 Культура

Конкурс авантурнай моды «Марэнга-2014» пройдзе ў Браславе 29 лістапада. Навыкі шыцця і канструявання адзення прадэманструюць школьнікі Браслаўскага раёна. Кульмінацыяй конкурсу стане дэфіле ў строях з непрыдатных матэрыялаў.

У гэтым годзе тэматыка «Марэнга-2014» абумоўлена юбілеем горада – Браславу споўнілася 950 гадоў.

Аб конкурсе з 10-гадовай гісторыяй Край.бай распавяла дырэктар Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі Ірына Угарэнка. Паводле яе слоў, арганізатары не робяць абмежаванняў у залежнасці ад полу: удзельнікамі конкурсу і нават яго пераможцамі становяцца не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі.

– Нягледзячы на тое, што конкурсу ўжо шмат гадоў, кожны раз мы стараемся прыдумаць нешта новае. У гэтым годзе конкурс прысвечаны 950-годдзю Браслава. Гэта значыць, – патлумачыла яна, – у строях павінен абавязкова прысутнічаць блакітны колер і ў якой-небудзь форме прасочвацца гісторыя нашага горада.

Школьнікаў чакаюць чатыры конкурсы, галоўным з якіх стане дэфіле ў строях з непрыдатных матэрыялаў.

Пры гэтым са слоў Ірыны Угарэнка, стваральнікі авантурнага адзення павінны кіравацца прынцыпамі высокай моды: на подыуме мадэлі ходзяць у тым, што ў звычайным жыцці не надзенеш.

– Канкурсанты не перастаюць нас здзіўляць, – адзначае дырэктар цэнтра. – Для стварэння авантурных вобразаў яны выкарыстоўваюць літаральна ўсё: ад бліноў да алоўкаў і пластыкавых бутэлек. Прыемна ўсведамляць, што за перыяд існавання конкурсу мы выйшлі за яго рамкі. Нашы мадэлі, – падкрэсліла яна, – дэфілявалі на вялікай сцэне падчас гарадскіх мерапрыемстваў, у тым ліку на Міжнародным свяце традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы».

Па словах Ірыны Угарэнка, ацэньваць уборы, створаныя школьнікамі, будзе журы, у склад якога ўвойдуць творчыя і стыльныя мужчыны.

Кацярына Сушко, kraj.by