Пабудаваны ў канцы ХІХ ст. склад (на фота вышэй) у вёсцы Белыя Балоты Гродзенскага раёна апошнія дзесяцігоддзі не выкарыстоўваўся. На хвалі ўпарадкавання яго знеслі на мінулым тыдні.
Вёска знаходзіцца літаральна ў пяці кіламетрах ад Аўгустоўскага канала. Тут захавалася шыкоўная сядзіба Сабалеўскіх-Тукалаў, узведзеная ў канцы XIX ст. Сядзіба аточана шыкоўным паркам, навокал стаіць шмат былых гаспарадчых пабудоваў – гарэльня, сушыльня табака, кароўнікі з бутавага камня. Апошнія, дарэчы, яшчэ выкарыстоўвацца калгасам.
Сядзібны дом пакуль стаіць
Сама сядзіба стаіць амаль пустая ўжо добрых дзесяць гадоў, хаця некалькі гадоў таму была ўключана па загаду віцэ-прэм’ера Тозіка ў спіс старых будынкаў, пад якія мясцовыя ўлады павінны шукаць інвестараў.
Літаральна на днях на хвалі ўпарадкавання быў знесены цікавы аб’ект, які быццам “сустракаў” усіх, хто ўязджаў у Белыя Балоты з боку Гродна. Раней гэта была вінакурня або гажэльня (тут у пачатку ХХ ст. гналі спірт), а ў савецкі час проста калгасны склад. Апошнія гадоў трыццаць будынак не выкарыстоўвалі.
Чарговы раз маем дачыненне з тыповай абыякавасцю і адсутнасцю думання на перспектыву – няма ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей будынка – значыць яго можна знесці. Чаму нельга было спачатку паспрабаваць увесь белабалоцкі сядзібна-паркавы ансамбль прапанаваць інвестарам?. Ёсць верагоднасць, што хутка возьмуцца і за “добраўпарадкаванне” парку.
Андрэй Мяцельскі, Твой стыль