Два гады таму на адным з факультэтаў ГрДУ некалькі студэнтаў-замежнікаў скардзіліся адміністрацыі з нагоды выкладання некаторых прадметаў па-беларуску. Замежнікі не валодалі беларускай мовай і ім складана было разумець лекцыі. Зараз сітуацыя паўтараецца.
Крыніцы ва ўніверсітэце паведамілі “Твайму стылю”, што на факультэце гісторыі, камунікацый і турызму замежнікі пішуць кіраўніцтву, каб выкладчыкі перасталі выкладаць па-беларуску. Іншаземныя студэнты хацелі б, каб беларускамоўныя выкладчыкі размаўлялі па-руску падчас лекцый і практычных заняткаў. Студэнты аргументуюць гэта тым, што яны плацяць за адукацыю, таму іх патрабаванні адміністрацыя павінна выканаць.
У прэс-службе ўніверсітэта расказалі, што чуюць пра праблему ўпершыню. Тым больш, зараз рэктар у адпачынку, а ў яго адсутнасць ніякіх рашэнняў звязаных з мовай выкладання не прымалася і не можа прымацца. “Такое пытанне не абмяркоўвалася, бо такой праблемы і не паўставала”, – запэўнілі нас. А потым дадаткова спаслаліся на дзве дзяржаўныя мовы ў краіне.
Ці сапраўды праблемы няма, альбо проста кіраўніцтва ВНУ не хоча яе бачыць?
Фота sb.by
Мікола Дзямідаў, Твой стыль