У Курапатах зробяць «турыстычную зону». Такая прапанова ўтрымліваецца ў прадстаўленым учора гарадзкімі ўладамі генэральным пляне разьвіцьця Менску.
Усяго такіх турыстычных зонаў у Менску будзе дзевяць — «Менск-цэнтар», «Праспэкт Пераможцаў», «Праспэкт Незалежнасьці», «Партызанскі праспэкт», «Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс», «Курасоўшчына», «Студэнцкая вёска», «Кальварыя» і «Курапаты».
Стварэньне турыстычных зонаў, паводле аўтараў праекту, дапаможа сфармаваць Менск як цэнтар турызму эўрапейскага ўзроўню.
Гісторык Ігар Кузьняцоў адзначае, што мяняць статус Курапатаў немэтазгодна — ён ужо зафіксаваны ў дакумэнтах:
«Курапаты — гэта месца масавага пахаваньня, для якога панятак „экскурсіі“ не зусім карэктны. Можа быць толькі наведваньне такога месца.
Што да генэральнага пляну, то ўсё будзе залежаць ад яго выкананьня. Калі з Курапатаў зробяць чарговую „Лінію Сталіна“ з забавамі і шашлыком, гэта недапушчальна.
Згодна з усімі нарматывамі, Курапаты — гэта аб’ект культурна-гістарычнай каштоўнасьці пераліку № 1, і ён павінен ахоўвацца. Гэтага няма. Мы шмат гадоў падымаем гэта пытаньне, але безвынікова. Тэрыторыя ўрочышча не абслугоўваецца камунальнікамі, каб падтрымліваць там парадак, людзі самастойна ладзяць талокі.
Зь іншага боку, калі будзе абазначана ў даведніках слова „Курапаты“, то людзі будуць зьвяртаць на гэта ўвагу, шукаць інфармацыю пра Курапаты. Хоць ня выключана, што экскурсаводы, якія будуць распавядаць пра Курапаты, будуць гаварыць, што там ляжаць не ахвяры пэрыяду сталінскіх расстрэлаў, а пэрыяду нацысцкай акупацыі».
«Трэба разабрацца, што значыць „турыстычная зона“. Курапаты — гэта ўжо народны мэмарыял, праца праведзеная, стаіць больш за тысячу крыжоў. Канцэпцыя мэмарыялу зразумелая: там павінен быць лес, прыбраныя магілы і крыжы. Таму ніякіх шашлычніц там быць не павінна. Больш за тое — трэба прыбіраць „Бульбаш-хол“, які знаходзіцца за 40 мэтраў ад месца нашай нацыянальнай трагедыі. На касьцях ня можа быць танцаў. Калі з розумам ствараць там турыстычны аб’ект, то трэба дадаць пляц набажэнстваў, капліцу і музэй. Трэба, каб з усёй Беларусі, з усяго сьвету ў Курапаты ехалі людзі і даведваліся пра сотні тысяч ахвяраў сталінскага рэжыму, якія былі там расстраляныя».