Традыцыйнае свята ў гонар Св. Мікалая – “мікалайкі” прайшло ў касцёле мястэчка Лучай 6 снежня. Адметнасцю гэтага святкавання стала прэзентацыя падлеткавага рамана “Сем камянёў”, якая прайшла ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Удзельнікамі свята стала каля 70 чалавек: дзеці, моладзь і дарослыя з Лучая і суседніх мясцінаў.
Аўтар рамана, Аляксей Шэін, распавёў аб тым, чаму і як з’явілася на свет гэтая фэнтэзійная кніга для падлетакаў. Удзельнікі атрымалі сувеніры ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а мінскі музыка Сяржук Доўгушаў (гурт “Vuraj”) пазнаёміў усіх з беларускімі духавымі інструментамі, а таксама выканаў пад гітару сьпевы на словы Уладзіміра Караткевіча і Максіма Багдановіча.
Варта адзначыць, што культурніцкія мерапрыемствы ў Лучайскім касцёле праходзяць з зайздроснай перыядычнасцю. Гэтым разам акрамя культурніцкай часткі была і святочна-падарункавая: “Святы Мікалай” падараваў усім дзецям падарункі.
Св. Мікалай (Мікалай Цудатворац, каля 270, Лікія — каля 345) — хрысціянскі святы, архіепіскап Мір Лікійскіх (Візантыя).