З 13 снежня ў Львове на Плошчы Рынак каля Львоўскай Ратушы пачала дзейнічаць выстава «#Справа #ЯеСправа», на якой прадстаўлены партрэты актывістак з Беларусі і Украіны, піша «Салідарнасць». Работы выкананы маладымі журналісткамі, удзельніцамі ўкраінска-беларуска-нямецкага праекта «МедыяЛаб Фем».
Падчас адкрыцця экспазіцыі прагучалі імёны 106 палітзняволеных жанчын з Беларусі і 18 імёнаў украінскіх жанчын-вайскоўцаў, якія загінулі на фронце.
Выстава на Плошчы Рынак — працяг выставы, якая праходзіць у лекторыі Львоўскага муніцыпальнага мастацкага цэнтра. Там выстаўлены дзесяць гісторый актывістак у фатаграфіях і тэкстах. У аркавай прасторы галерэі можна ўбачыць калажы львоўскай мастачкі-плакатысткі Багданы Давідзюк з партрэтамі беларускіх актывістак Машы Калеснікавай, Аланы Гебрэмарыям, Марфы Рабковай і Вольгі Гарбуновай — чатырох са 106 палітзняволеных жанчын.