24 красавіка ў Лепельскай раённай бібліятэцы адбылася літаратурна-музычная сустрэча ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У госці да літаратурна-музычнага клуба “Вытокі” , вучняў СШ №3 і аграрна-тэхнічнага каледжа прыехалі паэт Анатоль Вярцінскі, ураджэнец Лепельшчыны, і спявачка Белдзяржфілармоніі Таццяна Матафонава. Выстава, прысвечаная 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага, якая была падрыхтаваная да прыезду паэтычна-музычнага дуэта, задала ўзвышаны настрой.
Паэт узгадаў сваю сустрэчу з унукам вялікага кампазітара Анджэем Залускім, з натхненнем чытаў верш свайго сябра Ніла Сымонавіча Гілевіча, напісанага на паланэз Агінскага. Гэтая цудоўная музыка ва ўсе часы не пакідала абыякавымі творцаў – на паланэз свае словы паклалі Уладзімір Караткевіч і Алесь Жамойцін, а словы Сержука Сокалава-Воюша нарэшце прагучалі доўгачаканай песняй “Развітанне з Радзімай” у выкананні Таццяны Матафонавай. Дзеці таксама падрыхтаваліся да сустрэчы са сваім вядомым земляком – з задавальненнем чыталі ягоныя вершы, за што атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Паэтка Сташка Грыніч прысвяціла верш Анатолю Вярцінскаму, каторы калісці стаў для яе першым рэдактарам. У гэты вечар прагучала яшчэ многа цудоўных беларускіх песен, у тым ліку “Было ў салдата два полі” на верш Анатоля Вярцінскага. А словы Рыгора Барадуліна “Трэба дома бываць часцей” сталі ў гэты дзень для паэта значнымі, бо цэлы год ён не быў дома.