Пад бульдозер пайшоў драўляны дом па вуліцы Сялянскай, 6. Для сучаснага горада будынак быў унікальны: ён заставаўся адзіным захаваным драўляным домам з вонкавым брандмаўэрам — мураванай супрацьпажарнай сцяной на торцы, піша тэлеграм-канал «Спадчына».

Будынак пачатку XX стагоддзя некалі належаў багатаму гараджаніну. У 1981 годзе тут адкрыўся Музей этнаграфіі, які працаваў на гэтым месцы да канца 1990-х. У апошні час у памяшканнях месціліся рэстаўрацыйныя майстэрні абласнога краязнаўчага музея.
Гістарычная Ледзькаўская вуліца (перайменаваная ў Сялянскую) амаль цалкам страціла сваю аўтэнтычную забудову і трасіроўку яшчэ ў 1930-я гады, калі яе перагарадзілі сталінскім домам па вуліцы Першамайскай. Дом № 6 быў апошнім сведкам маштабу і характару гістарычнай забудовы гэтага раёна.

На месцы гістарычнага дом пабудуюць чатырохпавярховы інтэрнат для навучэнцаў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3.
«Выглядаць ён будзе як дом у якім-небудзь Задрыпінску для тых, хто мае патрэбу — тупа скрыня з панэляў. Пры тым пад пляму забудовы стары дом не трапляў, яго знеслі толькі каб намаляваць яшчэ адну пляцоўку для суседняга дзіцячага садка, быццам бы з гэтым там былі хоць нейкія праблемы дагэтуль.

Трасіроўка гістарычнай Ледзькаўскай (Сялянскай вуліцы) цалкам знікне, бо апошні кавалак асфальтаванай дарогі, які вёў да гэтага дома, знясуць і пераплануюць зусім па-іншаму. Пра тое, каб паказаць трасіроўку страчанай вуліцы хоць бы адрозным брукам, вядома, ніхто нават не задумваўся», — адзначае тэлеграм-канал «Спадчына».
