Гаворка ў артыкуле пойдзе, вядома, не пра нашага амерыканскага сучасніка, а пра больш прыстойную асобу. Леў Эпштэйн на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў жыў і працаваў у Менску. Ён быў адным з найбольш знакамітых фатографаў таго часу, перамагаў на спецыялізаваных выставах і зрабіў свой унёсак у фіксаванне гісторыі безлічы жыхароў Беларусі. Давайце глянем на яго працы.
Сям’я Пашковых і Сафія Герасімовіч. 1903 год. Фота: Леў Эпштэйн
Леў, ці інакш Лейба, сын Меера Эпштэйн працаваў на Губернатарскай вуліцы (на сёння гэта вуліца Леніна), у доме Ярохава, насупраць Менскай гарадской управы. Пачаткам прафесійнай дзейнасці ў Менску варта лічыць 1895 год, калі майстар атрымаў дазвол ад паліцыі і цывільных уладаў на сваю працу.
Чальцы апякунскай рады Менскай гарадской думы. 1908 год. Фота: Леў Эпштэйн
На мяжы ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў у Менску фотасалонаў, мастацкіх і фатаграфічных выставаў было больш, чым у Вільні ці Маскве. А на той самай Губернатарскай вуліцы амаль па ўсёй яе працягласці адзін за адным размяшчаліся фотасалоны майстроў.
У 1901 годзе Эпштэйн атрымаў пасведчанне фатографа Віцебскага фатаграфічнага гуртка. Гэта было аб’яднанне фатографаў-аматараў, чальцы якога ладзілі выставы і адзначалі найлепшыя працы адмысловым медалём, зацверджаным Міністэрствам унутраных спраў 20 кастрычніка 1903 года.
У 1903-м па выніках конкурсу адным з пераможцаў стаў Леў Эпштэйн. Таксама вядома пра перамогу і медаль менчука ў 1909 годзе ў горадзе Феліне.
Адмыслоўцы па менскай фатаграфіі пачатку ХХ стагоддзя падкрэсліваюць, што Леў Эпштэйн умела працаваў са святлом, знаходзіў удалыя позы, а мадэлі на ягоных здымках выглядалі свабодна і натуральна, як людзі, якія на хвіліну спыніліся перад аб’ектывам.
Сафія Герасімовіч. 1903 год. Фота: Леў Эпштэйн
Даследчыца Надзея Саўчанка адзначала і ягоную любоў да простых аксесуараў, без перагружаных дэкарацый, але з дэталямі, якія дапамагаюць зразумець характар ці занятак чалавека. Партрэтная фатаграфія ўжо станавілася масавай, але гэта не абавязкова значыла бяздушнай. Фотапартрэты часта замаўлялі адразу па 12 штук, каб пакінуць сабе і мець копіі для сваякоў ці знаёмых. А негатывы доўга захоўваліся ў самім атэлье, каб праз месяцы ці гады можна было замовіць паўторны друк.
Перад намі партрэт аўтарства Эпштэйна, створаны ў 1895 годзе. У кадры — чыноўнік, старшыня Менскай казённай палаты (у будучыні) і нават выканаўца абавязкаў губернатара Менска ў пачатку ХХ ст. — Фёдар Ястрэмскі. Цікава, што апроч справаў з паперамі, Ястрэмскі і сам быў фатографам, перадусім маляўнічых краявідаў ля Заслаўя.
Фёдар Ястрэмскі. 1895 год. Фота: Леў Эпштэйн
Знаёмства Эпштэйна і Ястрэмскага цягнулася не адно дзесяцігоддзе, вядомы прынамсі яшчэ адзін фотапартрэт чыноўніка, ужо падчас вайны, у 1916 годзе.
Фёдар Ястрэмскі. 1916 год. Фота: Леў Эпштэйн
У другой палове ХІХ ст. выбухнула мода на carte-de-visite (візітныя фотакарткі), якімі абменьваліся, збіралі, складалі ў спецыяльныя альбомы.
Фатаграфічныя ўстановы павінны былі весці адмысловыя рэгістравыя кнігі, куды ўпісвалі імя, званне і месца жыхарства пакупніка. За парушэнні прадугледжваліся штрафы. Эпштэйн, вядома, не вёў усю справу самастойна. У атэлье існаваў падзел працы, былі капіроўшчыкі, рэтушоры (па негатывах і па адбітках), асістэнты. Некаторыя фотамайстэрні налічвалі па некалькі дзясяткаў чалавек.
Абарот фотакарткі Эпштэйна
Леў Эпштэйн перажыў шмат драматычных падзеяў у гісторыі Беларусі. Вядома, што нават пасля Першай сусветнай вайны, перавароту бальшавікоў і абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі фатограф працягваў сваю дзейнасць. У 1919 годзе Эпштэйн, як і некалькі дзесяцігоддзяў таму, запрашаў у сваё фотаатэлье ў цэнтры Менска.
Здымак менскага габрэя. Невядомы год. Фота: Леў Эпштэйн
А цяпер хочацца зрабіць невялікі крок убок, у шум і пыл тых менскіх вуліц, дзе фатограф канца ХІХ — пачатку ХХ ст. быў адначасова і рамеснікам, і прадпрымальнікам, і чалавекам, які кожны дзень сутыкаўся са святлом і хімічнымі рэчывамі і адначасова з кліентамі, модай і паліцыяй.
З успамінаў сучасніка і калегі па знакамітай менскай вуліцы з фотамайстэрнямі Майсея Напельбаўма можна скласці ўяўленне пра некаторыя аспекты жыцця фатографа.
Ён згадваў, як падлеткам трапіў капіроўшчыкам у атэлье на Губернатарскай, з шыкоўнай шыльдай, са шкляным дахам у павільёне, з адмысловымі прыладамі і падстаўкамі для галавы, каб чалавек вытрымліваў позу працяглы час. Улетку ў такіх майстэрнях было невыносна спякотна, а ўзімку страшэнна халодна. Зранку неабходна было зграбаць снег са шкляной столі, а потым цэлы дзень лавіць сонца і супакойваць кліентаў, каб яны не варухнуліся ў працэсе здымкі.
Здымак менскай габрэйкі. Невядомы год. Фота: Леў Эпштэйн
Ва ўспамінах Напельбаўма ёсць і будзённая магія рэтушы, калі, напрыклад, снег для патрэбнага эфекту маглі дамаляваць ужо пасля здымку. Ці, напрыклад, чалавек мог прасунуць галаву ў спецыяльную адтуліну, каб потым атрымаць фотакартку, на якой ён стрымгалоў нясецца на кані з шабляй у руцэ.
У інтэр’ерах стаялі крэслы, этажэркі, карункавыя сурвэткі, кнігі, статуэткі, кветкі, мноства драпіровак і фонаў. Цікавым падаецца вядомы эпізод, калі адзін з фатографаў, Рыгор Міранскі, у 1911 годзе прасіў знізіць дадатковую плату за электраэнергію, якую ён выдаткоўваў на лямпу для здымак у цемры.
З абвестак у 1908 годзе вядома, што ў Менску за фотапартрэт у шырокай рамцы прасілі 3 рублі 50 капеек. Гэта ўжо не раскоша, якую маглі сабе дазволіць толькі заможныя жыхары, але і не штодзённы капрыз юнай модніцы, якая магла прагнуць зафіксаваць усе свае вобразы на памяць.
Паводле статыстычных матэрыялаў пра фабрычную працу ў Еўрапейскай частцы імперыі, сярэдні гадавы заробак працоўных на фабрыках і заводах каля 1900 года быў прыблізна 190 рублёў у год.
Пячатка Эпштэйна
Фатаграфія таго часу ўвогуле была часткай вялікай гарадской машыны. З аднаго боку, меўся някепскі попыт, фотапартрэт быў патрэбны ўсім, ад студэнта да купца, ад настаўніцы да жаўнера, ад шчаслівых сем’яў з немаўляткам да ўстановаў, якім былі неабходныя фота для розных мэтаў.
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, напрыклад, ёсць цэлы корпус фотаздымкаў выхаванак Менскай жаночай гімназіі, агулам 218 кадраў. Сярод аўтараў пазначаныя і Леў Эпштэйн, і Майсей Напельбаўм.
З іншага боку, у Расійскай імперыі быць фатографам значыла ўвесь час балансаваць паміж мастацтвам і рэгламентам. Каб адчыніць фотаатэлье, патрэбныя былі дазволы, потым праверкі, пастаноўкі на ўлік. Гэта адбывалася пад пільным вокам дзяржаўных структураў, якія ўспрымалі фатаграфію як вытворчасць, што можа мець палітычныя наступствы. Гісторыкі адзначаюць, што ў другой палове ХІХ стагоддзя фатографы трапляюць у поле дзяржаўнага нагляду, бо іхная праца датычыла распаўсюду выяваў, якія маглі быць зусім нават «экстрэмісцкага» характару.
Вайсковец у Менску. 1914 год. Фота: Леў Эпштэйн
Вядомы выпадак з 1865 года, калі палітычны вязень падчас канвою ў глыб імперыі трапіў у фотаатэлье ў Казані і зрабіў здымак са сваім канваірам. Паліцэйскія чыноўнікі найвышэйшага рангу былі шакаваныя і паспяшаліся забараніць падобныя вольнасці.
У імперскіх рэаліях фатографу істотна было быць «бяспечным», каб мець права працаваць, і не мець праблемаў з паліцыяй. Кожнае прашэнне на адкрыццё атэлье мусіла прайсці дазвол галоўнага па паліцыі і нават губернатара. Вядомыя выпадкі, калі той ці іншы заяўнік атрымліваў адмову праз не тыя палітычныя погляды, ці толькі праз падазрэнне ў іх.
Павал Хадзінскі, budzma.org