
Безыменны сквер, назваць які трэба будзе мінчанам, размешчаны ў Мінску на тэрыторыі мікрараёнаў Малінаўка і Паўднёва-Захад. Сквер заклалі яшчэ ў першай палове 1990-х гадоў. Адміністрацыя Маскоўскага раёна прапанавала жыхарам сталіцы абмеркаваць назвы сквера. Пры гэтым назва павінна мець гістарычныя карані, адзначылі ў адміністрацыі.
Як сказала намесніца кіраўніка адміністрацыі раёна Таццяна Каліціна, краязнаўцы, заснавальнікі музея гісторыі раёна “Мой родны кут” ужо прапанавалі некалькі варыянтаў: Вярховіцкі парк, Старакурганны (Курганны) парк, Дворыцкі парк, паведамляе газета “Мінскі кур’ер”.
Гэтыя назвы звязаны з гісторыяй сквера. На яго месцы ў пачатку мінулага стагоддзя быў хутар Вярховічы. У Нацыянальным атласе Беларусі на картах горада Вярховічы значацца спачатку як ваколіца, затым як урочышчы, а пазней як хутар. Магчыма, назва звязана з тым, што тут знаходзілася вярхоўе ракі Лошыцы. На карце 1920 года Вярховічы яшчэ ёсць, а ў 1940-м хутара ўжо няма. Паселішча з такой назвай значыцца і ў “Алфавітным спісе населеных месцаў Мінскай губерні” 1909 года выдання.
Побач са скверам таксама захаваліся два старажытныя курганы.
Непадалёк знаходзіцца вёска Дворышча, назва якой магла б перайсці да сквера, падобна таму, як у свой час вёска Малінаўка перадала сваю назву мікрараёну.
Свае меркаванні і прапановы мінчукі могуць даслаць у адміністрацыю Маскоўскага раёна з паметкай “Ідэя для сквера” па адрасе: 220036, г.Мінск, пр. Дзяржынскага, 10 ці пакінуць у “Гасцявой кнізе” на сайце mos.minsk.gov.by.
Паводле telegraf.by