21 кастрычніка 2016 года а 18:00 у выставачнай прасторы Этнацэнтра “РАГНА”, размешчанага па адрасу: вуліца Караля, дом 22 / вуліца Сухая, дом 4, Мінск, Беларусь, адбудзецца адкрыццё міжнароднай выставы графічных эскізаў (флэшаў) мастакоў-татуіроўшчыкаў – «ФЛЭШБЭК».
Гісторыя з’яўлення татуіроўкі ўзыходзіць да старажытных часоў і лічыцца, што яна з’яўляецца на целе чалавека ўжо ў перыяд першабытнаабшчыннага ладу. Шмат у чым гэта была знакавая сістэма, якая дазваляла вызначаць не толькі прыналежнасць індывідуўма да канкрэтнага племені альбо сацыяльнай групы, але і быць, свайго роду, нататнікам, па якому можна было даведацца пра жыццёвы шлях чалавека. Індывідуальныя асаблівасці малюнка адрозніваліся ў залежнасці ад тэрытарыяльнай прыналежнасці, этнасу і колеру скуры. Да сённяшняга дня ў практыцы татуіроўкі выкарыстоўваюцца палінезійскія, японскія, кельцкія і іншыя неа-этнічныя матывы. Сэнс нанесеных на скуру чалавека арнаментаў, знакаў і малюнкаў змяняўся з цягам часу і ў залежнасці ад грамадскага ладу, рэлігіі і моды. Татуіроўка выступала ў ролі абярэга, таўра, паслання, папярэджання і нават пропуску ў замагільны свет. Яна дазваляла і вымушала да дзеянняў, альбо магла папярэджваць навакольных і абмяжоўваць свабоду дзеянняў чалавека.
Пытанне, якое цікавіць нас найперш – ці было гэта мастацкім актам? Наколькі пад час працэсу нанясення малюнка на скуру прысутнічаў творчы пачатак? Ці можам мы казаць пра мастацтва татуіроўкі не як пра па-мастацку выкананае паведамленне, а як пра Мастацтва з вялікай літары, дзе цела чалавека выкарыстоўваецца як палатно альбо аркуш паперы?
У татуіроўцы флэш – гэта шаблонны малюнак, надрукаваны альбо намаляваны на паперы альбо кардоне, які можа быць аднесены да кшталту дызайну. Як правіла, флэшы дэманструюцца ў тату-салонах на сценках, у месцах, дапасаваных для агляду кліентам і наведнікам. Традыцыйны флэш прызначаўся для масавага выкарыстання і тыражавання ў невялікіх вулічных тату-установах. Кажучы пра флэшы класічных памераў, трэба ўзгадаць, што амерыканцы часта выкарыстоўваюць памер 11 на 14 дзюймаў, у еўрапейцаў жа прынята браць за аснову фармат паперы А3. У асяроддзі татуіроўшчыкаў часта адбывалася расслаенне на работнікаў, якія па-майстэрску рабілі татуіроўку па гатовых чужых эскізах і аўтараў, якія выкарыстоўвалі толькі свае флэшы. Прафесійныя малявальшчыкі, якія адмыслова займаліся распрацоўкай, маляваннем і продажам альбомаў-зборнікаў аўтарскіх флэшаў, суправаджалі іх, для зручнасці майстроў-татуіроўшчыкаў, контурамі (трафарэтамі) для пераносу эскіза на цела замоўцы. У працы прафесійнага татуіроўшчыка, які не карыстаецца чужымі эскізамі, стварэнне флэша часта абапіраецца на ідэі, з якімі прыходзіць замоўца. З іншага боку, аўтарскія эскізы могуць прапаноўвацца кліентам ужо гатовымі, альбо як аснова для індывідуальных змен.
Беручы пад увагу, што ў сваіх лепшых узорах флэшы выконваюцца ня толькі добрымі малявальшчыкамі, але і аўтарамі, якія маюць прафесійную мастацкую адукацыю, іх можна аднесці да твораў выяўленчага мастацтва. Так жа ж, як і ў традыцыйнай графіцы, асноўнымі выяўленчымі сродкамі з’яўляюцца рысы, рыскі, плямы, якія кантрастуюць з паверхняй паперы на этапе стварэння эскіза, а пасля з паверхняй і аб’ёмам чалавечага цела. Аднак наступнае выкарыстанне гатовага эскізу абумоўлівае асаблівую выяўленчую мову, памер эскізу. Прадстаўленыя працы выкананыяў традыцыйнай манеры і гэта дыктуе асаблівую манеру малюнка – тлустыя контуры, спрашчэнне колеравых адносін, часта заліўка колерам, лаканізм і вострая тыпізацыя выяўленых аб’ектаў. У бальшыні выпадкаў флэш нясе ў сабе сімвалічную нагрузку, з’яўляецца аўтарскім выказваннем і суправаджаецца гранічна кароткім, зразумелым з першага прачытання тэкстам. Усе гэтыя прыкметы прысутнічаюць і ў прыкладной графіцы, як, напрыклад, у мастацтве плакату, з’яўленне якога шмат у чым супадае з часам з’яўлення мастацкай татуіроўкі.
У наш час у мастаціве татуіроўкі існуюць шмат стыляў і накірункаў. Работы “старых” майстроў, такіх як Норман Коллінз, Эд Хардзі, Майкл Мэлоун і незлічоная колькасць меньш вядомых аўтараў, якія зараз сталі “абразáмі” традыцыйнага стылю, шмат у чым вызначылі развіццё ўсяго сучаснага мастацтва татуявання. Працы арыгінальных мастакоў выйшлі за межы студый і ўвайшлі ў галерэі і музеі сучаснага мастацтва. Трэба ўзгадаць, што адна з першых выстаў адбылася ў ЗША ў 1973 годзе ў Музеі амерыканскага народнага мастацтва, і гэта таксама дастаткова сімвалічна!
Упершыню ў Беларусі прадстаўлена звыш пяцідзесяці арыгінальных графічных эскізаў (флэшаў), выкананых аўтарамі з Еўропы і краін СНД. На выставе можна ўбачыць як унікальную графіку, выкананую ў тэхніцы малюнка алоўкам, акварэллю, пастэллю, тушшу, маркерамі, так і некалькі прац друкаванай графікі ў тэхніцы лінагравюры.
Выстава працягнецца да 13 лістапада 2016 года.
Тэлефоны: +375 29 127-72-54, +375 29 217-70-91.
Працуем кожны дзень з 10:00 да 20:00, у нядзелю з 10:00 да 17:00.