У Мінску пройдзе калядны handmade-кірмаш-распродаж

12.12.2016 Музыка

Кірмаш-распродаж вырабаў беларускіх майстроў адбудзецца ў мінскай кавярні-клубе «Грай» 18 снежня. У яго межах можна будзе набыць эксклюзіўныя падарункі да Калядаў і Новага году.

1812handmadeafishaАднак арганізатары мяркуюць наладзіць не толькі выставу-продаж, але і сапраўднае беларускае свята з калядным антуражам: традыцыйнымі і сярэднявечнымі беларускімі танцамі, забавамі, гульнямі, майстар-класамі, а таксама жывой музыкай. Адзін з пакояў «Граю» будзе адведзены пад настольныя гульні, апроч гэтага можна будзе навучыцца рабіць калядныя паштоўкі ў тэхніцы выцінанка.

Асобнай частка праграмы будзе «Спеўны сход» Сержука Доўгушава, падчас якога ўсе прысутныя развучаць і выканаюць беларускія калядкі з розных рэгіёнаў. Зрэшты, арганізатары прыгатавалі яшчэ шмат цікавостак, якіх пакуль не раскрываюць, але зазначаюць, што цікава на мерапрыемстве будзе і маладзёнам, і дзеткам, і людзям сталага веку.

«Мы чакаем наведнікаў сем’ямі, бо на нашым кірмашы прыемнае можна сумясціць з карысным: добра адпачыць, дазнацца болей пра адметныя беларускія калядныя традыцыі, а таксама парадаваць сябе і сваіх блізкіх сапраўды незвычайнымі рэчамі, зробленымі ў адзіным экземпляры», – кажуць яны.

Таксама на мерапрыемства можна будзе падсілкавацца традыцыйнымі беларускімі стравамі і набыць іх з сабой.
Адметнасць кірмашу яшчэ і ў тым, што ўсе тавары будуць прадавацца са зніжкамі.

Завершыцца імпрэза вялікім сольным канцэртам фолк-рок-гурта Re1ikt, які зусім нядаўна прэзентаваў свой новы альбом “Kufar”.

Калядны handmade-кірмаш збярэ майстроў, якія займаюцца рознымі рамёствамі: ганчарствам, вырабам паштовак, рэчаў з дрэва, вышыўкай, ткацтвам, скрапбукінгам і інш.

Мерапрыемства пройдзе 18 снежня ў мінскай кавярні-клубе «Грай» (вул. Інтэрнацыянальная, 33) з 12 да 21 гадзіны.
Кошт уваходу на Кірмаш-распродаж сімвалічны – усяго адзін беларускі рубель.