У Паставах адбыліся прэзентацыі кніг Яські Драўніцкага

14.12.2015 У краіне

10 снежня ў  чытальнай зале Пастаўскай раённай бібліятэкі на запрашэнне бібліятэкі адбылася сустрэча чытачоў з вядомым ў рэгіёне краязнаўцам, ураджэнцам Пастаўшчыны, які пражывае на Мядзельшчыне – Іванам Пятровічам Драўніцкім.

На гэтай сустрэчы І. Драўніцкі прэзентаваў новы зборнік “Легенды і паданні Нальшчанскага Паазер’я”, укладальнікам якога ён з’яўляецца. Акрамя гэтага, ён распавёў пра свае новыя кнігі, выдадзеныя сёлета. Гэта своеасаблівая трылогія “У мядзведжым кутку”, “На правабярэжжы Страчы”, “Наваколле Сарачанскіх азёр”, у якіх ён распавядае пра памежныя з Пастаўшчынай вёскі і мясцовасці Астравеччыны. Тут ён у маладосці працаваў настаўнікам і сабраў шмат матэрыялу пра гісторыю гэтых мясцін, прыроду і славутых людзей, якія адтуль паходзілі ці пастаянна там жылі. Таксама распавёў пра кнігу-ўспаміны “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі”, якая прысвечаная ягонаму аднакласніку і сябру дзяцінства, вядомаму беларускаму навукоўцу-географу, гісторыку, філолагу, энцыклапедысту, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР, актыўнаму ўдзельніку адраджэнскага руху беларускіх татараў Якубу Якубоўскаму.

Затым падзяліўся новымі творчымі планамі – закончыць у гэтым годзе кнігі пра Пастаўскую педагагічную семінарыю, якая існавала пры фашысцкай акупацыі, і пра Пастаўскае педагагічнае вучылішча, якое існавала некалькі пасляваенных гадоў, і ў якім яму даводзілася навучацца. Таксама ў планах Івана Пятровіча напісаць сямейны радавод Драўніцкіх, кнігу пра родныя Камаі і наваколле, а таксама пра свае сустрэчы і знаёмствы са знакамітымі людзьмі, якіх ён у сваім жыцці (а яму ўжо пайшоў 84-ты год), нямала сустракаў. Затым адказаў на шматлікія пытанні і напрыканцы падараваў бібліятэцы некалькі сваіх новых кніг.

У 12.00 адбылася другая сустрэча з навучэнцамі Пастаўскай гімназіі, дзе таксама Іван Пятровіч распавёў пра свае новыя кнігі, прызваў навучэнцаў удзельнічаць у краязнаўчым руху, адказаў на пытанні і падараваў бібліятэцы свае кнігі.

 

Тэгі: