У пяці беларускіх гарадах адбудуцца лекцыі, прысвечаныя Ігнату Абдзіраловічу

10.12.2015 Афіша

Лятучы ўніверсітэт, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”, курсы беларускай мовы “Мова Нанова” прадстаўляюць цыкл лекцый, прысвечаных Ігнату Абдзіраловічу. Першую лекцыю “МІНУЛАЯ БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ: ЗАПАВЕТ ІГНАТА АБДЗІРАЛОВІЧА” прачытае ў Гродна ПАВЕЛ БАРКОЎСКІ.

Ігнат Абдзіраловіч – аўтар маленькага эсэ “Адвечным шляхам” і несувымерна вялікай ідэі “ліючайся формы”. Амаль невядомы ў мінулым стагоддзі, цяпер ён выразна бачыцца намі як пачынальнік самастойнай беларускай інтэлектуальнай традыцыі – якая і ўзнікае, калі мы звяртаемся да яе пачатку, спрабуючы прачытаць запаветы заснавальнікаў і ўбачыць праз іх вобразы будучыні. У час, калі вялікія праекты здаюцца вычарпанымі і будучыню трэба ствараць нанова, ідэі Абдзіраловіча выяўляюцца неверагодна жывымі і дзейснымі.

----8

У межах Году беларускага мыслення  Лятучы ўнівэрсітэт  у партнёрстве з грамадскай культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!”, курсамі беларускай мовы “Мова Нанова” падрыхтаваў інтэлектуальны калядны падарунак для беларусаў – цыкл пяці лекцый пра спадчыну Ігната Абдзіраловіча. У межах гэтага цыклу сваімі разважаннямі і рэфлексіямі дзеляцца сучасныя беларускія філосафы: Павел Баркоўскі, Ігар Бабкоў, Ірына Дубянецкая,  Міхаіл Баярын, Валянцін Акудовіч.  Лекцыі адбудуцца на працягу снежня і студзеня ў пяці беларускіх гарадах: Гародня, Гомель, Віцебск, Маладзечна, Магілёў.

17 снежня а 18.30 у гарадзенскай галерэі “Крыга” Павел Баркоўскі прамовіць першую лекцыю  “Мінулая будучыня Беларусі: запавет Ігната Абдзіраловіча”. Праз асэнсаванне апісанай Абдзіраловічам культуралагічнай і геапалітычнай дылемы  паміж Усходам і Захадам і прапанаваных ім магчымых сцэнароў будучага развіцця Беларусі ў палітычных, культурных, гаспадарчых формах, разам з лектарам спрабуем разважаць над пытаннямі:  наколькі прапановы, агучаныя сто год таму, працягваюць заставацца дзейснымі і карыснымі сёння? Наколькі пасуюць сённяшнім варункам нашага развіцця, даюць нам належны шлях?

Лекцыя адбудзецца па адрасе: вул. Савецкая, 3-11 (галерэя “Крыга”). Пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Дадатковая інфармацыя па тэлефонах:  +375297843221 (Гародня); +375297422040 (Менск)

Анонс лекцыі суправаджае акварэль беларускага мастака Вячаслава Паўлоўца, крыніца тут.