Тутэйшы квэст ў Смаргоні прайшоў паспяхова. У ім удзельнічалі восем камандаў, большасць з іх – з Мінска. Са Смаргоні была адна каманда. У параўнанні з вілейскім квэстам, які адбыўся ў верасні, большасць удзельнікаў аддалі перавагу шпацыру, чым яздзе на ровары.
Вялікая ўвага пры распрацоўцы заданняў квэсту была скіраваная на гістарычныя падзеі горада. Узгадалі былыя назвы вуліц, мядзведжую акадэмію, якая існавала ў горадзе; успомнілі і першых уладальнікаў Смаргоні – Зяновічаў, месца, дзе раней стаяла праваслаўная царква, але спыніла сваё існаванне ў 1960 годзе.
Напярэдадні квэсту ў суполцы “Тутэйшых квэстаў” амаль кожны дзень з’яўляліся цікавыя факты пра Смаргонь.
Упершыню быў уведзены элемент анімацыі, на адным з заданняў стаяў вікінг, які задаваў тры пытанні пра Смаргонь. Камандзе са Смаргоні найбольш спадабалася гэта заданне.
У гэты раз было шмат валанцёраў, якія падтрымалі праект. Сярод іх Настасся Грыневіч, якая рабіла здымкі ўдзельнікаў квэсту, Дзяніс Краўчонак, які забяспечыў анімацыю у квэсце, Алеся Дамброўская, яна дапамагала ў рэгістрацыі удзельнікаў.
Хочам выказаць падзяку Смаргонскаму гісторыка-краязнаўчаму музею за пляцоўкі для правядзення квэсту. І персанальна галоўнаму захавальніку фондаў музея Паўлу Картавіку, які кансультаваў па пытаннях гістарычнага мінулага Смаргоні.
Удзельнікі былі задаволеныя мерапрыемствам. Адзін з іх паведаміў, што часта праездам быў у Смаргоні, а вось пашпацыраваць, больш падрабязна разгледзець горад не атрымлівалася. “Тутэйшыя квэсты” дапамаглі ўвасобіць у жыццё гэта жаданне.
Напрыканцы зімы сумесна з гульнёй-правадніком “Адрыў”, якая ўжо на працягу 11 год арганізоўвае гарадскія гульні па Беларусі і гарадах блізкага замежжа, плануем правесці агульную гульню.
Для тых, хто не трапіў на тутэйшыя квэсты падчас іх правядзення, але хацеў гэта зрабіць, будзе магчымасць разгадаць заданні на сайце Shukaj.by. Гэта праект турыстычных онлайн-квэстаў для актыўнага і інтэлектуальнага адпачынку.
Фота забяспечана Воляй Трубач