Сёння дакументальнай стужкай «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка ў варшаўскім кінатэатры «Ілюзіён» распачаўся 10-ты фестываль беларускіх фільмаў Bulbamovie. Са сцэны публіку фэсту віталі дырэктар Bulbamovie Януш Гаўрылюк, прадстаўніца Нацыянальнай фільматэкі Польшчы Магдалена Уханюк, кіраўнік НАУ, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, паведамляе Reform.news.
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.
Падчас вітальнага слова Януш Гаўрылюк нагадаў, што фестываль беларускага кіно «Бульбамуві» вярнуўся на сцэну пасля значнага перапынку ў некалькі гадоў. Гісторыя фэсту вядзецца з 2011 года, але калі Мінскі Міжнародны кінафестываль «Лістапад» у 2010-х уключыў у сваю праграму конкурс Нацыянальнага кіно, «Бульбамуві» звярнуў сваю дзейнасць. І паўстаў з попелу ў 2021 годзе, калі той самы Нацыянальны конкурс быў скасаваны з праграмы «Лістапада» — годам раней Міністэрства культуры Беларусі замест прыватнай кампаніі «Арт-карпарэйшн» прызначыла дырэкцыяй кінастудыю «Беларусьфільм».
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.
Януш Гаўрылюк заўважыў, што цяпер на фестывалі «Бульбамуві» працуе каардынатар Нацыянальнага конкурсу «Лістапада» — Мікалай Лаўранюк, які курыруе конкурс маладога кіно на варшаўскім аглядзе.
Павел Латушка ўзгадаў той час, калі будучы міністрам культуры, адстойваў на «Лістападзе» добрае кіно.
Ён нагадаў пра 2011 год, калі ў конкурсе Мінскага Міжнароднага форуму быў фільм «Чорны чацвер» Антонія Краўзе.
«Гэта карціна пра тое, як 17 снежня 1970 года польскія ваенныя страляюць у польскіх рабочых у Гдыні, — распавёў палітык. — Ірына Дрыга, якая на той момант займала пасаду намесніка кіраўніка ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта, сказала зняць яго з конкурсу, — узгадвае Павел Латушка. — Сказала, што ў аніякім разе нельга дапусціць, каб гэты фільм быў паказаны на фестывалі «Лістапад». Я тады спытаў яе: «Ці вы думаеце, што тое, што паказана ў карціне, можа здарыцца ў Беларусі?» Яна адказала: «Не». «Тады фільм застанецца», — настаяў я. Колішні міністр замежных спраў Уладзімір Макей спрабаваў уплываць на тое, каб зняць гэты фільм, але стужка была паказана, і нават болей — была ўзнагароджана. І польская актрыса Марта Ханзатка, якая выконвала ў фільме галоўную ролю, атрымала тады ўзнагароду як «Найлепшая акторка».
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.
Таксама Павел Латушка расказаў пра гісторыю стварэння фільма «У тумане» Сяргея Лазніцы — сусветнавядомы рэжысёр з’яўляецца госцем сёлетняга «Бульбамуві» і будзе прадстаўляць заўтра сваю стужку паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава.
«Гэты фільм было прапанавана зняць як сумесную вытворчаць «Беларусьфільму», Украіне, Германіі, Расіі. І да мяне прыйшоў ліст з Адміністрацыі прэзідэнта за подпісам Аляксандра Радзькова, першага намесніка кіраўніка, — узгадвае палітык.— Я пайшоў да кіраўніка кінастудыі «Беларусьфільм», і ён адказаў мне, што не атрымліваў падобнага ліста. І я давёў, што ўваходзім у вытворчасць разам і нясем адказнасць разам. І «Беларусьфільм» стала партнёрам той карціны. І ў выніку стужка атрымала ўзнагароду FIPRESCI на Канскім кінафестывалі».
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.
Кіраўнік НАУ падсумаваў, што фестываль «Бульбамуві» ўрэшце мусіць адбыцца ў Беларусі.
«Каб ніхто не мог забараніць рэалізацыю кіно паводле твораў выбітнага пісьменніка Васіля Быкава. Каб ніхто не мог забараніць удзел у конкурсе фестываля польскіх фільмаў».
Пасля прагляду кіно «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка і дыскусіі з аўтарамі, праграму першага дня фэсту завяршыў канцэрт беларускага акардыяніста-эксперыментатара Ягора Забелава.
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.
10 фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві» будзе доўжыцца да 24 лістапада.
Падрабязней даведацца пра яго праграму можна тут.
На адкрыцці фестываля «Бульбамуві». Фота: Reform.news.