Паўзе падмарожаная Свіслач
Яна любіць калі качкі казычуць яе лапкамі
качкі – выгнанцы
рака – рэзервацыя
Яны месяць гушчу вады – за гэта дзякуй
дзякуй таксама рэдкім аматарам круціць катамараныя колы
што яшчэ паўзе, не застыгла, не стала колам
Яе пашчыпвае мароз ды чайка дзюбаю
абое вязнуць
Рыбіны ў ёй з цягам часу сталі нагадваць кратоў,
бо інакш аніяк не прабрацца скрозь зеленаваты кісель
Паўзе падмарожаная Свіслач
Мы часта задаемся пытаннем, куды падзяецца наш горад. Я ўспомніў адказ.
Як быў я малым, боўтаў пруточкам у свіслачы
я разбіваў павцінне за кустам
трэба падчапіць вось там
падалей цягнуся – бульк
крычу тата! і ня чую, толькі звініць увушшу
і тут я прыкмеціў, як па дне супраць плыні
валакуцца старыя будынкі драўляныя хаты камяніцы і цэрквы касцёлы і плошчы сядзібы
а між іх шпацыруюць па рухомых вулках дзіўныя людзі
я падумаў
вялікі эскалатар ляжыць на дне свіслачы і ўсё гэта падымае ўверх па цячэнні
напэўна, я не патануў тады
бо ўчапіўся за травяную чупрынку берага
бо тата схапіў мяне за руку
гэта здарылася, калі яшчэ можна было патануць у ёй
цяпер – толькі загразнуць
са свіслачы нельга напіцца, толькі адарваць кавалачак, вылепіць з яго свісцёлку і падараваць дзіцяці
паўзе падмарожаная Свіслач
я ведаю, калісьці я пакажу табе тое месца
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Уладзь Лянкевіч нарадзіўся 1987 годзе ў Мінску. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (беларуская філалогія) і Беларускі Калегіюм (філасофія / літаратура), вучыцца ў аспірантуры БДУ. Сябра рэдакцыі інтэрнэт-часопіса перакладной літаратуры “Прайдзісвет”. Фіналіст конкурсаў Беларускага ПЭН-Цэнтра імя Ф. Петраркі (2004) і памяці К. Шэрмана (2009).