Пра каханне як рухавік, памылку выжыўшага і першы аўтобус да Беларусі, «Салідарнасці» распавёў лідар гурта J: Морс Уладзімір Пугач напярэдадні канцэрта да Дня ўсіх закаханых.

Фота прадастаўленыя суразмоўцам «Салідарнасці»
— Як, на ваш погляд, усе жахі і непаразумеласць апошніх гадоў сумяшчаюцца з пазітыўнымі эмоцыямі ды каханнем? Хтосьці нават падумае: ці можна пець пра каханне, калі навокал столькі болю?
— На мой погляд, не толькі можна, але і патрэбна. Бо гэта ратуе.
Чым больш цемры, тым больш патрэбныя ліхтарыкі. Чым больш цемры — тым больш здалёк іх бачна, як маякі.
Для мяне каханне і светлыя цёплыя пачуцці — гэта менавіта такія ліхтарыкі ў цемры. Канешне, яны патрэбныя. І разважаць пра тое, што трэба толькі напружвацца ды сумаваць — ну, гэта проста не ў натуры чалавечай.
Чалавеку патрэбна і светлае, і цёплае, у незалежнасці ад таго, якое за вокнамі надвор’е. Так пабудаваныя мы ўсе. І адмаўляць гэта крывадушна.
— Нашай традыцыі граць канцэрт на Дзень усіх закаханых ужо, можа, год 15. Гэта склалася паступова, калі мы зразумелі, што вельмі шмат песен, большая частка нашай творчасці, прысвечаны менавіта ўнутраным перажыванням: пачуццям, эмоцыям, каханню.
З таго часу кожны год, амаль без перапынкаў, мы робім такія канцэрты.
— Зараз дзіўна гучыць, але ж вы рабілі такі канцэрт і 14 лютага 2021-га ў Менску, ў Прайм Холе.
— Так (усміхаецца). Гэта даволі чароўная была сітуацыя. Бо калі канцэрт ужо прайшоў, людзі, якія там працавалі, распавялі, што гэта было не дазволена.
Адбылося ўсё на аўтамаце, бо мы кожны год з імі працавалі. А потым у іх былі праблемы. Бо ў 2021-м у Беларусі мы распачалі тур з гэтага канцэрта, паехалі далей і нават да канца ўжо не даехалі. Бо ўжо ўсё. Нас забаранялі.
Але ж той канцэрт яны праглядзелі, бо шмат чаго ў краіне адбывалася. І вельмі цяжка адначасова ўсё і ўсіх забараніць.
— Напэўна хтосьці і тады казаў, што не час спяваць пра каханне...

— Мне здаецца, паўтаруся, што гэта крывадушна. Бо дваравыя канцэрты для тых самых людзей вельмі іх грэлі. Якія мы таксама рабілі і гралі. Бо калі мы ўжо канцэрты пачнем дзяліць на правільныя і няправільныя — то будзе ўжо зусім такое сабе.
— А асабіста вы не баяліся? Бо тады, здаецца, ужо ж было «больш за трох не збірацца». А да вас прыйшлі сотні, калі не тысячы беларусаў з ліхтарыкамі.
— Гэта зараз памылка выжыўшага — меркаваць, што тады гэта было ўвогуле немагчыма і здзіўляцца гэтаму. Зараз мы робім памылку, калі экстрапалюем на мінулае свой сённяшнні стан і страхі. Тады мы не ведалі, што будуць рэпрэсіі і тэрор 2022-га, калі музыкаў масава сталі забіраць.
У 2021-м яшчэ была інэрцыя пратэстаў, эмацыянальны ўздым. І нагадаю, што да гэтага канцэрта 14 лютага 2021-га, мы гралі на балконе на плошчы Перамен, дзе за намі ганяўся губопік.
Мы сыгралі цэлы шэраг дваравых канцэртаў, дзе было значна больш небяспечна, чым у Прайм Хол. Мы ставіліся да гэтага так: «Давайце спрабаваць. Забароняць дык забароняць».
Пасля мы паехалі ў Магілёў. Там прадалі квіткі, але за дзень да мерапрыемства нам адмовілі ў пляцоўцы. Бо «нешта з электрычнасцю». Але мы за дзень знайшлі іншую залю і сыгралі.
А калі даехалі да Гродна і Ліды — там ужо нам адмовілі канчаткова. Паспелі тады ў туры сыграць тры канцэрты. Яшчэ і ў Віцебску. На ім я ўжо бачыў кадэбэшнікаў, што прыходзілі да нас на канцэрт у менскую Пясочніцу ў 2020-м. З таго часу нам усё было забаронена.
— У красавіку будзе чатыры гады, як я з’ехаў. Ужо больш ведаю, як тут жыць. Але ж лягчэй ад гэтага жыццё ў эміграцыі не становіцца. Менавіта маё. Бо імкнуся займацца ты, чым займаўся ўсё жыццё. А слухачоў тут, зразумела, менш.
Даволі цяжка, але працягваю, бо падабаецца і ёсць вера ў тое, што я раблю. Гэта дадае моцы.
Што ў мяне не змянілася ад першага дня, як я прыехаў у Варшаву і да сёння, — я буду ў першым аўтобусе да Беларусі. Калі там зменіцца сітуацыя, вярнуся імгненна. Бо няма такога, што я абвыкся і буду ўжо тут жыць.
Для мяне гэта працоўная рэлакацыя, у якой шмат пазітыўных бакоў. Пашырылася геаграфія нашых канцэртаў.

Калі жылі ў Беларусі і гралі для беларусаў (менавіта тое, што планавалі і хацелі ўсё жыццё), мы не думалі пра суполкі беларусаў у іншых краінах. Толькі ў Швейцарыю ездзілі.
А зараз мы аб’ехалі ўсю Еўропу, тройчы — Злучаныя Штаты. Пазнаёміліся са шмат якімі цікавымі беларусамі ў розных краінах. Гэта вялікі плюс.
Ты бачыш, што беларусаў шмат, што яны жывуць па ўсім свеце, што яны розныя, яскравыя, цікавыя. І гэта вельмі надае моцы, надзеі на будучыню ды натхняе.
— Як прайшла сустрэча з Максімам Знакам, калі ён прыйшоў да вас на спектакль «Зэкамерон»?
— Мы даволі часта паміж сабой абмяркоўвалі, марылі, што калісьці сыграем, і Максім пабачыць.
Чамусьці нам падавалася, што гэта будзе ў Беларусі, на сцэне Купалаўскага тэатра. Але так супала, што праз тры дні, як Максім прыехаў у Варшаву, у нас быў запланаваны спектакль. Мы яго запрасілі, і месцамі мне было даволі цяжка на сцэне. Трохі прабівала, асабліва напрыканцы спектакля, калі было вельмі цяжка стрымаць слёзы.
Спадабалася, што, калі Максім выйшаў на сцэну пасля спектакля, ён быў такі сабраны, канцэнтраваны, бадзёры, моцны, з бліскучымі вачыма. І гэта вельмі ўсцешвае: што ёсць людзі, якіх не зломіш.
Да гэтага дня я асабіста не ведаў Максіма. Ён прыйшоў з сястрой прыкладна за гадзіну за спектакля, мы пазнаёміліся. Абняўся з ім нібыта з чалавекам, якога ведаю даўно. Бо праз яго творчасць, апавяданні з «Зэкамерона», падаецца, што чалавека заўсёды ведаў.
Мы і пасля гэтага бачыліся не раз. Пару дзён таму сустракаліся ў кампаніі, пелі, гралі на гітарах, абмяркоўвалі жыццё.
— Сяргей Чуб распавёў, што вы запрасілі Максіма Знака на гастролі.
— Так, спадзяюся, ён паедзе з намі ва Уроцлаў і Кракаў. Літаральна на наступны дзень пасля канцэрта J: Морс 14 лютага.

Дарэчы на той «Зэкамерон» прыйшла і Марына Золатава, і Аляксандр Федута. І, як мне перадалі, Калеснікава з Бабарыкам таксама хацелі прыйсці, але яны ў той дзень з’ехалі ў Нямеччыну.
— Якія песні будуць на канцэрце ў Варшаве 14 лютага?
— У нас хапае матэрыялу, бо 10 альбомаў, і кожны раз нешта новае. Плануем узгадаць рамантычныя песні пра каханне, каб перанесціся ў атмасферу, якая больш адцягвае ад сённяшняй рэчаіснасці. Калі ты закаханы, нават калі гэтае адчуванне праходзіць паўз усё жыццё, — лягчэй жыць, лягчэй трываць.
Не раз у нас адбывалася, што на канцэрце мужчына выходзіў на сцэну і рабіў прапанову сваёй каханай. Такі сюрпрыз для дзяўчыны. І ведаеце, што вельмі прыемна? Праз 3-4-5 гадоў сустракаеш іх на канцэрце ўжо з дзіцём і чуеш: «Дзякуй вам вялікі! Гэта нам вельмі дапамагло» (смяецца).
Што тычыцца прэм’ер, мы рыхтуем зараз два рэліза. З J: Морсам, Алегам Гарбузам і Сяргеем Чубам запісваем альбом песен спектакля «Зэкамерон». Планую, што паспеем увесну гэта выдаць, як паўнавартасны альбом. І паралельна робім новы альбом J: Морс.
— Гэты год для вас юбілейны. Які б самы лепшы атрымаўся падарунак?
— Абняць бацькоў і сваякоў у Беларусі. Я ўвогуле не люблю планаваць святы. Сябры ведаюць, што я ніколі не раблю адмысловых рэстаранаў і вось гэта ўсё. Альбо з’язджаю ў вандроўку, альбо раблю канцэрт у гэты дзень.
Можа нават так і адбудзецца ў гэтым годзе. Але ж пакуль пра гэта не думаў, бо гэта ўсё даволі ўмоўна: 50 віткоў на планеце Зямля вакол Сонца.
— Калі не рэстараны на свята, то што сёння радуе Пугача?
— Прафесійныя поспехі і вандроўкі. Чаго не было ў мінулым жыцці ў Беларусі, бо гастролі былі больш абмежаваныя. А зараз даязджаеш ад Цурыха да Сан-Дыега. Бачыш розных цікавых беларусаў, пашыраеш далягляд, эмацыйны і ментальны.
— Можа здзейснілася мара пабываць недзе нават не з гастролямі?
— Даволі шмат было такіх гісторый. Я люблю дакументальныя натуралістычныя фільмы пра дзікую прыроду. І ў мінулым годзе глядзеў фільм Кевіна Костнера пра нацыянальны парк
Ёсеміці на поўначы Каліфорніі. Там растуць самыя вялікія секвоі ў свеце. І тры самыя вялікія дрэвы, якія я пабачыў у фільме.
А прыкладна праз чатыры месяцы я ў гэтым парку апынуўся. Пасля канцэрта ў Сан-Францыска мы адмыслова паехалі туды з сябрамі. Правялі там цудоўны дзень.

А яшчэ, гэта ўжо на на ўсходнім узбярэжжы, трапіў у музей братоў Райт, стваральнікаў першага аэраплана. Шмат чаго давялося паглядзець, аб чым марыў.
— Да гэтых секвояў можна было на аўтобусе пад’ехаць, але мы вырашылі, што пашпацыруем. У гару, бліжэй да вечара, вакол цёмны лес, людзей амаль няма.
Мы ведалі, што гэта месца, дзе вандруюць мядзведзі. Дык пакуль ішлі, было такое адчуванне, што божачкі, хіба б толькі мядзвездзяў не сустрэць. Даволі яскравая карціна (смяецца). Там нават каб мядзведзі не з’елі вашу ежу, у намётавых лагерах парка усталявалі металічныя шафы, каб яе хаваць. Але яны ўсё роўна прыходзяць, нават могуць зайсці ў намёт. Таму шанец сустрэць мядзведзя ў нас быў даволі вялікі. Дзякуй Богу, пашанцавала, але было рызыкоўна.
— Да секвоі не прытуляліся, каб жаданне загадаць?
— Гэта настолькі чароўнае месца, што хочацца яго ўсё абняць. Ахінуць гэта ўсё, заплюшчыць вочы і марыць (смяецца). Былі такія эмоцыі і адчуванні.
Другое маё жаданне, пасля таго, як абдыму бацькоў, — гэта магчымасць граць канцэрты для беларусаў у Беларусі.
— А якая сёння, у 2026-м, у Пугача-чалавека галоўная складанасць?

— Не губляць надзею. Падбадзёрваць сябе, трымаць у прадуктыўным актыўным стане.
Не магу сказаць, што атрымліваецца штодня. Бо над гэтым трэба асобна працаваць, і вельмі шмат моцы на гэта сыходзіць.
— Хтосьці кажа, што гэта надзея нас і заб’е, калі мы не будзем яе губляць.
— Я не згодны. Надзея — гэта рухавік. Такі чыннік мэтанакіраванасці. У любым жыцці, у любога чалавека.
Проста жыць з мінулага ў будучыню, не мець плана, надзеі — гэта даволі марнае існаванне для чалавечай годнасці. Таму мець надзею — гэта той самы рухавік. Каханне і надзея.

Гэта сапраўды пафасныя і заезжаныя словы. Але гэта як з біблейскімі запаведзямі. Яны аказваюцца самымі правільнымі, сапраўднымі. І асабліва гэта адчуваеш у змрочныя часы. Таму ўсім нам вельмі патрэбныя маячкі надзеі і асабліва кахання.