Лідар гурта «Дай Дарогу!» Юры Стыльскі наведаў Вільню з акустычным канцэртам, які сабраў каля 200 чалавек. Потым быў яшчэ адзін — для невялікай аўдыторыі ў беларускім Замку. Пасля канцэрта паразмаўлялі з музыкам пра адаптацыю ў Варшаве, магчымасць і жаданне вярнуцца ў Беларусь, а таксама пра тое, ці адчувае сябе запатрабаваным і што яшчэ дапамагае зарабіць на жыццё, апроч музыкі.
Юры Стыльскі на канцэрце ў Вільні. Фота Андрэя Павука
Дзеля камернага канцэрту для жыхароў і наведнікаў Замка, знакамітага беларускага шэлтара, Юры Стыльскі, як прызнаецца, адмысловага сэт-ліста не рыхтаваў. Нешта граў па замове з залі, нешта прапаноўваў з таго, што не выконваў ужо шмат гадоў.
«Шчыра кажучы, я ні сёння, ні ўчора такога не чакаў. Асабліва сёння. Да прыезду ў Вільню ў мяне было некалькі акустычных канцэртаў, але каб я так, як сёння, сарваў голас — такога яшчэ не было. Здаецца, я апраўдаў надзеі, і Вільня таксама апраўдала мае. Я чакаў, што будзе нядрэнна, але, скажам, не да такой ступені. Аказалася, людзі сапраўды засумавалі па мне — і я па іх, як высветлілася, таксама», — падзяліўся ўражаннямі з budzma.org пасля канцэрта Юры Стыльскі.
Ён кажа, што ўжо адаптаваўся ў Варшаве, думае, што «ўсё ідзе да польскага грамадзянства»: «У мяне бацька — паляк. І я гадоў 10 таму атрымаў «карту паляка», практычна яна і не патрэбная мне была. Ну, у «Бедронку» раз на год па арэхі з’ездзіць або «спіртавозам» папрацаваць — гэта я так сабе тады думаў. Аказалася, вельмі дапамагла ў пэўны час.
З мовай так сабе яшчэ, на грамадзянства ж патрэбны ўзровень B1, а гэта ўжо сур’ёзна. Я пакуль на ручніку: я не паліглот, мовы мне цяжка даюцца. Затое музыка і карціны — лёгка».

Юры Стыльскі. Фота Андрэя Павука
Юры Стыльскі кажа, што яго перасталі катаваць сны, якія доўга прыходзілі: «Як вяртаюся ў Беларусь, як там круцяць мянты, амаль штомесяц такое было, але ўжо не, не прачынаюся ў халодным поце, як раней, трошкі лягчэй стала. Цяпер ужо сняцца нейкія, не ведаю, бытавыя рэчы, страшныя сны зніклі.
Неяк прасцей стала, бо я проста разумею і прымаю тое, што ў Беларусі мне няма чаго рабіць — там рэальны палон.
Нават калі б Лукаморыч сказаў: «Юра, прыязджай, калі ласка, жыві, працуй, уладкоўвайся, ніхто цябе чапаць не будзе», — там усё адно няма чаго рабіць. Мала таго, што няма чаго рабіць, трэба разумець і тое, дзе ты знаходзішся. Я гляджу ў сеціве нават на тых жа сваіх сяброў, нібыта вясёлыя ролікі, але гэты смех, жарты, яны для мяне нейкія штучныя, нацягнутыя. Яны не сапраўдныя, як мне здаецца. Гэта рэальна дзень нараджэння ў гета: вам дазволілі пасмяяцца — смейцеся, а калі мы закруцім гайкі, вы будзеце маўчаць. Вось такія ўмовы. Хіба ў такім можна адчуваць сябе чалавекам? Таму вяртацца я б не хацеў».
Але «надзея застаецца, так — на нешта вольнае, на нешта лагічнае, мы ўсе чакаем фіналу, дзе зло прайграе».
Што да апошняга альбому «Дай дарогу!», які выйшаў напрыканцы мінулага году пад назвай «Не да законаў», то «спецыяльна не сачу, як ён разыходзіцца і як рэагуе публіка, але ўсе кажуць, што ўсё добра, усё весела».
«Я ўклаў у яго гэтыя пяць нашых апошніх гадоў. Хоць некаторыя казалі, што палітыка ўжо людзей не цікавіць, што яна ўсіх стаміла, маўляў, Юры, табе трэба пераключацца на нешта жыццёвае, бытавое, як раней. Але я адказваў: мне проста трэба выказацца, выгаварыцца — гэта ўсё сядзела ў маёй галаве гэтыя пяць гадоў.
Хоць цяпер думаю, што ўжо, напэўна, магу і пра побыт нешта паспяваць, і пра каханне, і пра зялёную траўку і сонейка. Але альбом «Не да законаў» мне трэба было зрабіць», — сказаў Юры Стыльскі.
Юры Стыльскі на канцэрце ў Вільні. Фота Андрэя Павука
У Варшаве Стыльскі жыве музыкай і жывапісам: «Вучыў яшчэ гітары, выкладаў пры Фондзе беларускай салідарнасці. Але цяпер усё гэта прыпынілася, як і ў многіх, праз праблемы з фінансаваннем. Мне плацілі, я быў афіцыйна ўладкаваны, шмат часу прысвячаў дзецям, бацькі з задавальненнем прывозілі сваіх дзетак на заняткі. У нас быў класны гурток — каля дзесяці чалавек, было вельмі весела.
Я нават крыху сумую па тым часе: было крута, я быў такі сапраўдны настаўнік. Калі пыталіся, дзе я працую, я адказваў: «Я працую настаўнікам». Гэта гучала неяк нават крута. Хацелася б усё гэта аднавіць, але пакуль там нейкі стоп — магчыма, яшчэ ўсё наладзіцца».
«Прадаю свае карціны, пішу музыку. Я, дзякуй богу, запатрабаваны: людзі чакаюць, запрашаюць. Быў Лімасол, цяпер тут, далей паспрабую Іспанію. Увогуле, беларусаў усюды хапае, і, на шчасце, ім гэта цікава. Многія сумуюць па нечым такім, як у мяне. І гэта мяне радуе, — распавёў Юры Стыльскі. — Вось і ўчора на канцэрце прадаў дзве свае карціны на імправізаваным аўкцыёне — адну з буслом, другую з валошкамі.
Юры Стыльскі са сваімі карцінамі. Фота Андрэя Павука
Чаму буслы ў мяне паўсюль? Ну, у мяне ж ёсць і песня пра бусла. Неяк захацелася і карціну. Раней я думаў, што буслоў малююць нейкія дзядулі, ставіўся да гэтага з сумневам: балоты, буслы, бярозкі — усё гэта навявала нуду, меланхолію, апатыю. Але я перагледзеў свае погляды, бо напісаў першага бусла і зразумеў, што ён цалкам сабе прыстойны, не такі ўжо і рэтра. І панеслася.
Аказалася, што не толькі мая музыка запатрабаваная — гэтыя буслы таксама патрэбныя, яны падабаюцца людзям, яны нашы, беларускія. Я ўжо прадаў гэтых буслоў цэлы вагон, але людзям мала. Я і сам бы сабе такога бусла купіў. Мяне ўжо буслапісцам называюць. Як Ван Гог свае сланечнікі валіў, дык я — буслоў. Для мяне гэта як медытацыя».
Паводле Юрыя Стыльскага, магчыма, «Дай дарогу!» зладзяць вялікі канцэрт у Вільні на Дзень Волі 25 сакавіка.
Рыгор Сапежынскі, Budzma.org