Рынак, кірмаш, гандаль, торг — як ні назаві, а ўсё адно гэта тое месца ў любым горадзе, дзе сыходзяцца гандлёвыя шляхі і збіраюцца масы людзей, так што пасля храмаў рынкавыя пляцы спрадвеку былі энергетычнымі (калі не намоленымі, то ўжо сапраўды натаптанымі) цэнтрамі населеных пунктаў. Planetabelarus.by вырашыла высветліць, дзе ж яны размяшчаліся ў Мінску — ад старажытнасці да ХХ стагоддзя.
Самы стары мінскі кірмаш — Ніжні рынак — з’яўляўся фактычна аднагодкам горада. Ён стыхійна ўзнік каля брамы замка яшчэ ў ХI стагоддзі і быў дзейным да сярэдзіны ХХ стагоддзя. І калі напачатку свайго існавання рыначак, на якім прадаваліся драўляныя бочкі ды вёдры, гліняныя чыгуны, палатнянае адзенне і скураныя вырабы, змяшчаўся на невялікім участку зямлі (на месцы сумна вядомага ўваходу на станцыю метро «Няміга»), то ў ХIХ стагоддзі ён стаў самым вялікім губернскім кірмашом, заняўшы ўсю тэрыторыю сучаснай плошчы 8 Сакавіка.
«Гэта была найбольш ажыўленая гандлёвая частка горада, — піша гісторык Захар Шыбека. — Шматлікія крамы служылі для задавальнення патрэб гараджан у самых разнастайных прадуктах харчавання. З раніцы да вечара там стаяў няўяўны шум і гоман». Сам Ніжні рынак (мінчукі звалі яго «дрэвам») быў цесным, запар застаўленым падстрэшкамі і драўлянымі крамамі — малюсенькімі, з глінянай падлогай і ацынкаванымі прылаўкамі. Тут жа размяшчалася некалькі каменных крамаў, выкупленых горадам у яўрэйскай абшчыны. У святочныя дні Ніжні рынак, нібы мора, выходзіў з берагоў, «затапляючы» бліжэйшыя вуліцы.
Мясныя шэрагі, а таксама сталы для гандлю трыбухой — асноўным прадуктам харчавання гарадской беднаты, размяшчаліся бліжэй да ракі, а невялікая прастора паміж імі і Свіслаччу (прыкладна на месцы сучаснай набярэжнай праспекта Пераможцаў) належала гандлярам гароднінай, якія раскладвалі свой тавар прама на зямлі. Агародным бізнесам у Мінску ў той час займаліся ў асноўным жыхары Татарскай слабады (раён цяперашняга гатэля «Юбілейны» да сярэдзіны ХХ стагоддзя з’яўляўся месцам кампактнага пражывання мусульман). Там жа, на Вялікай Татарскай вуліцы, жыў вядомы ўсяму Ніжняму рынку катрыншчык.
У XVI стагоддзі адміністрацыйны, гандлёвы і культурны цэнтр Мінска перамясціўся з замка, які прыйшоў у заняпад, на плошчу Верхняга рынку, названую так па аналогіі з Ніжнім рынкам. Аднак плошча так і не стала рынкавай у прамым сэнсе: пасля таго, як у яе цэнтры з’явілася ратуша, а перыметр быў забудаваны палацамі шляхты і манументальнымі манастырскімі комплексамі, тут толькі зрэдку дазвалялі праводзіць кірмашы, на якіх гараджанін, зрэшты, мог не толькі выгадна «затарыцца», але і ўбачыць выступы скамарохаў ці батлейку — беларускі лялечны тэатр.
У пачатку ХIХ стагоддзя на Верхнім рынку былі збудаваны гандлёвыя рады, якія пазней атрымалі назву «віленчукі», бо ў іх гандлявалі ў асноўным багатыя купцы з Вільні. Старадаўні супермаркет быў збольшага разбураны падчас Вялікай Айчыннай вайны, аднак у пачатку 2000-х яго аднавілі па архіўных чарцяжах.
Зрэшты, вернемся да рынкаў, тым больш што ў канцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў Мінск апаясваў цэлы комплекс спецыялізаваных базараў. Так, на месцы сучаснага Гандлёвага дома «На Нямізе» існаваў Рыбны рынак. Над вуліцай былі збудаваны драўляныя памосты, на якіх самі рыбакі або пасярэднікі з самай раніцы спяшаліся раскласці свой лускаваты тавар.
Прыкладна на тым пятачку, дзе зараз стаіць забаўляльны комплекс «Журавінка», знаходзіўся Малочны рынак — сыр, тварог, малако прывозілі сюды з бліжэйшых вёсак і маёнткаў. А на рагу Захар’еўскай (цяпер праспект Незалежнасці) і Чырвонай вуліц працаваў Конскі рынак — запаветны адрас для навакольных канакрадаў. Акрамя хатніх жывёл, на ім гандлявалі дровамі, і калі ў 1911 годзе коней тут было прададзена на 80 тысяч, то дроў — на цэлых 800 тысяч рублёў.
На Суражскай, у Брэсцкага (1912-м яго перайменавалі ў Аляксандраўскі) вакзала (прыблізна там, дзе зараз знаходзіцца станцыя «Інстытут культуры»), размяшчаўся кірмаш, які спецыялізаваўся на продажы сала (у народзе ён так і зваўся — «сальнікам»). Рынак гэты праіснаваў да 1970-х гадоў і канчаткова знік падчас будаўніцтва дэпо Мінскага метрапалітэна.
На вяршыні Траецкай гары размяшчаўся Траецкі базар, які па значнасці саступаў толькі Ніжняму рынку, затое нашмат пераўзыходзіў яго ў плане добраўпарадкаванасці: уся плошча тут была выбрукавана бутавым каменем. Сюды часта наведваліся вандроўныя артысты, у часовых балаганах працавалі атракцыёны, хадзілі цыганы з вучонымі мядзведзямі, настойліва прапаноўвалі свае паслугі варажбіткі. Тутака ж, на нязменна люднай Траецкай гары, у 1870 годзе з’явілася першая ў нашым горадзе паштовая скрыня.
Кірмашовымі днямі ў дарэвалюцыйным Мінску былі панядзелак, серада і пятніца (у 1892 годзе гарадскія ўлады пад націскам духавенства забаранілі нядзельныя кірмашы). У 1911-м кілаграм жытняга хлеба на Траецкім рынку каштаваў 5 капеек, бульбы — 19, ялавічыны — 37 капеек. За дзясятак яек прасілі 30 капеек, за кіло сметанковага масла — амаль рубель. Пры гэтым у тым жа годзе мінскі чарнарабочы атрымліваў 75 капеек у дзень, чыгуначны служачы — 5 рублёў, а паспяхова практыкуючы ўрач зарабляў за дзень да дзесяці цалковых.
У 1928 годзе па даручэнні Мінскага камгаса Маскоўскае архітэктурнае таварыства аб’явіла конкурс на праект крытага рынку на Траецкай плошчы. Меркавалася збудаваць павільён для гандлёвых радоў, а таксама асобныя памяшканні для продажу мяса, рыбы і гародніны. «На рынку будуць пабудаваны новыя кааператывы і адкрыта некалькі савецкіх чайных, — пісала тады газета "Рабочы". — Пасля арганізацыі крытага рынку на Траецкай гары гандлёвыя рады на Ніжнім рынку будуць ліквідаваны».
Аднак гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца. У пачатку 1930-х на Траецкай плошчы пачалося будаўніцтва опернага тэатра, а Ніжні рынак праіснаваў яшчэ 20 гадоў.
На паўднёвай ускраіне Мінска размяшчаўся Ігуменскі рынак — ён, між іншым, захаваўся да нашых дзён, толькі пад іншым імем і змяніўшы гістарычную прапіску. У 1923 годзе горад з несавецкай назвай Ігумен быў перайменаваны ў Чэрвень, а разам з ім змянілі назвы і Ігуменскі тракт у Мінску (цяпер вуліца Маякоўскага), і Ігуменскі базар. Так апошні стаў Чэрвеньскім рынкам. Нядаўна яго перанеслі з «наседжанага» месца ў Лошыцу, а ранейшую тэрыторыю аддалі пад забудову іранскаму інвестару.
Бліжэйшы сусед той «Чэрвянкі» — Віленскі гандаль — да сярэдзіны мінулага стагоддзя надрываўся шматгалоссем крамнікаў у квартале ад чыгуначнага вакзала, на месцы сучаснага Міхайлаўскага сквера, вядомага сваімі незвычайнымі насельнікамі — жанравымі скульптурамі: Дзяўчынка пад парасонам, Незнаёмка і Прыкурыва. Можа, калі-небудзь да іх, у памяць аб Віленскім рынку, далучыцца і бронзавы Крамнік.
У пасляваенныя гады крамнікаў пацяснілі з цэнтра Мінска на Юбілейную плошчу, дзе да пачатку 1980-х дзейнічаў калгасны рынак. Прыблізна на гэтым участку зараз размешчаны адміністрацыя Цэнтральнага раёна і Нацыянальная школа прыгажосці.
Яшчэ адна знакамітая ў канцы 1940-х таўкучка знаходзілася ў раёне вуліцы Пуліхава. На абгароджанай пляцоўцы без прылаўкаў усё прадавалася з рук: тут можна было купіць папяросы і афіцэрскія боты, трафейныя гадзіннікі і швейныя іголкі, іншую бытавую драбніцу. Часта тут «усплывалі» крадзеныя рэчы. Але ўлады заплюшчвалі вочы на несанкцыянаваны гандаль, разумеючы, што толькі такім чынам мінчане маглі хоць неяк задаволіць пасляваенны таварны голад.
Гэты голад быў з лішкам задаволены да сярэдзіны 1970-х, калі ў раёне Камароўкі пачалося будаўніцтва самага вялікага ў Беларусі крытага рынку. Апроч гандлёвай залы плошчай 13 тысяч (!) квадратных метраў, яна ўключала самы сучасны на той час у СССР блок абслугоўвання: склады, мыйкі, халадзільныя камеры, пагрузачна-разгрузачнае абсталяванне... Да канца чацвёртага дзесяцігоддзя свайго існавання Камароўскі крыты і сезонны рынкі, дзе атаварваюцца штодня сотні тысяч мінчан, па-ранейшаму з’яўляюцца галоўнай харчовай Мекай і «ўлоннем» сталіцы.