Шчыры і рахманы суайчыннік яшчэ не паспеў прыбраць са стала селядзец пад шубай, закінуць у пральную машыну абрусы з плямамі ад шпротаў, вымыць посуд ды баязліва зазірнуць у гаманец, як у свеце запахла “паленым”. Прычым не з Аўстраліі. І нават не з духоўкі на кухні.
Амерыканскія ракеты адправілі на той свет іранскага генерала Сулеймані. Іран у адказ адправіў свае ракеты па амерыканскіх базах у Іраку. У ноч ракетнага ўдару ў Іране разбіўся ўкраінскі “Боінг”, поўны канадцаў ды іранцаў. СМІ не выключаюць, што ў яго таксама трапіла ракета… Кіраўніцтва ЗША і Ірана ўжо абмяняліся ўзаемнымі пагрозамі. Зразумела, што гэта чарговы крызіс на Блізкім Усходзе. А магчыма, і паўнавартасная вайна.
Здавалася б, што нам, беларусам, да ўсяго гэтага? Перажываць за тых, хто галадае ў Эфіопіі, і працоўны клас Чылі трэба было ў часы СССР, а не цяпер. У 1990-я ды нулявыя міжнародныя крызісы і праблемы ператварыліся выключна ў карцінку на ТБ. Пасля – на экране планшэта ці тэлефона. Развітаўшыся ў 1991-м з “вялікай дзяржавай”, беларусы, падавалася, прыйшлі да ўнутранай гармоніі: unhappy unknown state. Маўляў, краіна ў нас хай і не самая шчаслівая, затое ніхто пра яе не ведае. І не чапае. Абы вайны не было!
У 2014-м усё змянілася. Порахам запахла зусім блізка, ва Украіне. Суайчынніку, хутараніну ды інтраверту па натуры, давялося цікавіцца справамі паўднёвых суседзяў. Тады, у 2014-м, людзі на вуліцах Мінска маглі назваць нават прозвішча лідара “Правага сектара”, у адрозненне ад прозвішча кіраўніка БНФ ці АГП. Суайчыннікі калі і не прачнуліся, то прынамсі пачалі сніць каляровыя сны.
Напрыканцы 2019-га ў беларусаў з’явілася чарговая нагода паразважаць пра вялікую палітыку: у кантэксце “інтэграцыйных мапаў” ды пагрозы незалежнасці. Нечакана выявілася, што unhappy unknown state у сэрцы Еўропы можа раптоўна зноў стаць атамам у вялізнай імперыі, якая вядзе войны і пагражае свету ядзернай зброяй. Марам пра ўтульную зямлянку сярод пушчы прыйшоў канец. Свет зноўку пачаў рухацца.
Зразумела, што Расія зараз пацягнецца на Блізкі Усход. Мары пра “вялікую дзяржаву” абавязваюць. ЗША – ужо там. Позіркі ўсяго свету найбліжэйшым часам будуць скіраваныя нават не на Крым з Данбасам, а туды – на зямлю фінікаў і нафты. Цікава, што менавіта там, сярод пустыняў і камянёў, ужо не ўпершыню вырашаецца, каму ж мае належаць фуражка “сусветнага жандарма”, – Вашынгтону ці Крамлю.
Зрэшты, “увесь свет – тэатр, а людзі ў ім акторы…” Расія тэатральна абураецца “падступным і вераломным” забойствам Сулеймані, быццам Дудаева ў свой час забілі неяк інакш. Быццам Башыраў з Пятровым у Солсберы зусім нядаўна сапраўды ездзілі на шпілі паглядзець. Іран паказальна запускае ракеты па аб’ектах, на якіх не будзе ахвяраў з боку амерыканцаў, папярэдзіўшы пра тое Ірак. Навошта? Каб быў прыгожы факт для іранскага ТБ-гледача: адпомсцілі, абстралялі. Але каб толькі грамадзяне ЗША не пацярпелі!
Што нам, беларусам, да ўсяго гэтага? Па-першае, Расіі прынамсі нейкі час будзе не да нас. Як пісалі ў 1990-я ўкраінцы, “пакуль будзе стаяць фронт на Каўказе, яго не будзе ў Крыме і на Данбасе”. Гісторыя з Каўказам скончылася – прыйшоў час на Крым з Данбасам. Калі сціхне на ўсходзе Украіны – можа надысці і чарга Беларусі. Пасля – Прыбалтыкі… Таму кожны канфлікт у свеце, у які ўцягваецца Крэмль, дае ўсім астатнім адтэрміноўку.
Калі на Блізкім Усходзе заварыцца сапраўды нешта сур’ёзнае, то ЗША ды іншым краінам – чальцам НАТА таксама будзе не да нас. Не да нашых правоў чалавека, выбараў, дэпутатаў і г.д. Гэта працягвае “зямляначны перыяд” у unhappy unknown state. Але можа быць і па-іншаму: усё абернецца мілітарызацыяй Польшчы ды Прыбалтыкі, дзе з’явяцца базы Альянсу. Расія гэта ўспрыме як чарговы выклік ды нашпігуе Беларусь сваімі вайскоўцамі ды тэхнікай.
Ну, а яшчэ вельмі цікава, што скажа ў выпадку эскалацыі канфлікту афіцыйны Мінск. Ну праўда, сябравалі ж мы гадамі з Іранам. З Расіяй і цяпер сябруем. З ЗША пачынаем зноўку сябраваць, хай Майк Пампеа і не прыехаў гэтым разам, не атрымаў свой мех з бульбай, “пушчанку” ды іншыя пратакольныя прысмакі ў саламяным кошыку. Проста можа так стацца, што пазіцыя “хлопчыкі, не сварыцеся”, якую Мінск адпрацаваў на сітуацыі з Данбасам, больш не спрацуе. Давядзецца вызначацца, хто ты і з кім. Ну нарэшце!
Алесь Кіркевіч, budzma.org
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!