«Гэтая ўпартая беларуска». Жанчына, якая вяртала святло і фарбы свету хворым

30 гадоў таму пайшла з жыцця вядомая афтальмолаг, першая жанчына-прафесар у Беларусі Таццяна Бірыч. «Салiдарнасць» расказвае пра яе жыццё і ўклад у айчынную медыцыну.


Tacciana Biryč

Фота з архіваў музея гісторыі БДМУ


Медыцынская дынастыя

Маці Тацяны Бірыч, Марыя Лявонцьеўна, была акушэркай у вясковай бальніцы ў Лошніцы (Барысаўскі раён), а бацька Васіль Самуілавіч — настаўнікам, які, дарэчы, не толькі выцягнуў з невядомасці тутэйшае народнае вучылішча, але і вынайшаў зразумелы наглядны дапаможнік па арыфметычным дзеянням.

Натхніўшыся яго прыкладам, пасля школы Таццяна сама пайшла працаваць настаўнікам пачатковых класаў і нават скончыла педагагічныя курсы, але потым канчаткова вырашыла, што хоча — як маці, лячыць і ратаваць людзей. Тым больш, на суседняй вуліцы практычна ўсе яе землякі хварэлі на трахому (хранічны кан’юктывіт, які часта вядзе да слепаты — С.), і ніхто не мог ім дапамагчы.

У 1923 годзе Бірыч скончыла медфакультэт у Мінску, прайшла ардынатуру пры вочнай клініцы і аспірантуру пры Акадэміі навук БССР, потым стажыравалася ў Маскве і Адэсе, і ўжо дацэнтам вярнулася ў Мінск.

Tacciana Biryč

Усю вайну яна лячыла параненых у шпіталі пры медыцынскім універсітэце Саратава, ратуючы і зрок, і жыцці — многія былыя пацыенты пасля перамогі прыязджалі спецыяльна, каб падзякаваць цуду-доктару.

Прыклад аказаўся заразлівым настолькі, што дачка Таццяны Бірыч, Тамара, таксама стала афтальмолагам — а потым і прафесарам і заслужаным урачом Мінска.

Tacciana Biryč
З сямейнага архіва, 1960-я

Жыццё за дваіх

Гадаваць дачку ёй прыйшлося ў адзіночку: мужа, Андрэя Шынкевіча, рэпрэсавалі ў 1938-м. Чаму не «ўзялі» і яе, невядома — ці то маладая лекарка-акуліст ужо не проста падавала надзеі, а гуляла прыкметную ролю ў беларускай медыцыне, ці проста хтосьці пашкадаваў цяжарную жанчыну.

Так ці інакш, мужа яна больш не ўбачыла, ён загінуў у ссылцы. А рэабілітаваны быў толькі пасля смерці Сталіна, як вынікала з дакументаў, атрыманых сям’ёй, «за адсутнасцю складу злачынства».

Магчыма, таму яна нібыта спяшалася жыць за дваіх: дачцэ стала і бацькам, і сябрам, кожныя выходныя вадзіла яе ў тэатр, сумяшчала чытанне лекцый у інстытуце, аперацыі, кансультацыі хворых, напісанне артыкулаў.

Многія здзіўляліся, адкуль у гэтай невысокай жанчыны столькі ўнутранай сілы і ўмення ў патрэбны момант «уключыць» камандны тон, калі трэба — не падвышаючы галасы, мякка указаць на памылку, а ў іншых абставінах — цёпла і спакойна падбадзёрыць самага нервовага пацыента.

Tacciana Biryč

У 1961 годзе пра доктара і яе пацыентаў знялі дакументальную стужку «Чалавек павінен бачыць».

Упартая беларуска ў Саратаве

Застаўшы пачатак вайны на змене ў 1-й Савецкай клініцы (цяпер мінская лякарня імя Клумава), яна спачатку арганізавала эвакуацыю пацыентаў і персанала, і толькі потым, калі прыёмны пакой быў ужо разбураны бамбёжкай, адправілася ў Барысаў да бацькоў і дачкі Тамары.

Пешшу, нават не падумаўшы, што магла б пад’ехаць з эвакуацыйным цягніком. Ледзь пераканала прынцыповага бацьку, што трэба эвакуіравацца, а сама папрасілася ўстаць на ўлік у ваенкамаце, дабралася да лініі фронту, а адтуль да Саратава.

У гэтым горадзе яна прапрацавала ўсю вайну — кансультантам эвакашпіталя, затым начальнікам ваеннага аддзялення клінікі хвароб вачэй. Ваенўрача другога рангу ў Саратаўскім шпіталі не проста так за вочы клікалі «гэтай упартай беларускай». Яна не баялася спрачацца і нават дыктаваць, калі адчувала сваю праўду.

Вось Бірыч угаворвае калег даверыць ёй аперацыю — паранены з-пад Сталінграда, кантузія, вырашылі выдаляць левае вока, каб не страціць і правае — а яна ўпрасіла паспрабаваць выратаваць. І выратавала. Рука не завагалася, нават калі ад «прылёту» ў аперацыйнай выбіла шкло — цвёрдасць рук і філіграннасць рухаў доктара Бірыч узгадвалі ці ледзь не ўсе яе вучні.

А вось яна «даймае чысцінёй» санітараў, пераконвае калег, што ў такіх умовах працаваць нельга — і ў вольны ад дзяжурства час супрацоўнікі шпіталя не проста прыбіраліся, а зрабілі рамонт памяшканняў, пабялілі сцены і столь. І потым — калі няўрымслівая доктар усё паспявала? — медработнікі і пацыенты, якія ішлі на папраўку, на 5 гектарах зямлі, якія выдзеліў мясцовы калгас, вырошчвалі для шпіталя бульбу, гародніну і кавуны.

Словам, восенню 1945-га яе праводзілі назад у Мінск літаральна са слязамі на вачах, і адпускаць не хацелі.

Выпрабавана на сабе

Метад оксігенатэрапіі — ін’екцыі кіслароду пад слізістую вочнага яблыка — дазволіў выратаваць зрок тысячам людзей. Але найперш Таццяна Бірыч апрабавала яго сама. І толькі пераканаўшыся ў бяспецы, правяла аперацыю для групы салдат, якія атруціліся метылавым спіртам.

Тая ж гісторыя значна пазней была з лячэннем туберкулёзу вачэй: стрэптаміцын урач спачатку ўвяла сабе. Вынік — эфектыўны метад барацьбы са страшнай хваробай і выратаванне людзей, якія былі асуджаныя на слепату.

Крыягенны метад (ужыванне холаду) дазволіў праводзіць паспяховыя хірургічныя аперацыі на крышталіку вока. У СССР гэтай методыкі не ведалі — фактычна, Бірыч стала першапраходцам, узяўшы на ўзбраенне методыку польскага афтальмолага Тадэвуша Кравівіча і пачаўшы выдаляць катаракту з дапамогай крыяхіяургіі.

Tacciana Biryč
1958 год. Прафесар Бірыч аглядае хворага

Нарэшце, першыя пункты прафілактыкі і лячэння «гультаяватага вока» і касавокасці, а таксама кабінеты па падборы і вырабе кантактных лінзаў з’явіліся ў Беларусі таксама дзякуючы ёй.

Званне і кофтачка

Адразу пасля вайны Таццяна Бірыч узначаліла кафедру вочных хвароб Мінскага медінстытута — і прапрацавала тут наступныя 40 гадоў.

Яна першай з беларусак атрымала навуковую ступень прафесара (1948), тады ж стала Заслужаным урачом БССР. З прысваеннем апошняга, дарэчы, выйшла забаўная гісторыя. Разам з пасведчаннем доктару ўручылі адрэз добрай, дарагой матэрыі на кофтачку — а вось само пасведчанне пераблыталі.

Толькі дома памылка высветлілася: ёй дасталася пасведчанне заслужанага настаўніка БССР Платона Бірана. Добра, што яны якраз на цырымоніі пазнаёміліся і абмяняліся адрасамі, а таму блытаніну пры наступнай сустрэчы ўстранілі.

Праз некалькі гадоў сын Платона, Уладзіслаў Біран, стаў акулістам і шмат чаму навучыўся якраз у Таццяны Васільеўны, якая ўпершыню ў краіне праводзіла ўнікальныя аперацыі па лячэнні слепаты і выдаленні катаракты.

Навуковы падыход

Уся ў навуцы — гэта пра Таццяну Бірыч, якая нярэдка забывала аб уласным камфорце, пагрузіўшыся ў даследаванні. Прытым вобласць яе інтарэсаў надзвычай шырокая: той самы інфекцыйны кан’юктывіт-трахома, ад якой пакутавалі яе аднавяскоўцы і ў лячэнні якой БССР стала першай сярод усіх савецкіх рэспублік; глаўкома, яе прычыны, медыкаментознае і хірургічнае лячэнне; трансплантацыя тканін у афтальмалогіі, пластыка павек; траўматызм органаў зроку ў дзяцей, — Бірыч аўтар больш за 250 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій.

Навуковыя працы, між іншым, яна пісала на розных мовах, свабодна валодаючы англійскай і нямецкай, кнігі — па-руску, каб яны былі даступныя ўсім савецкім афтальмолагам. А вось выкладаць любіла і ўмела па-беларуску.

Як расказваў яе праўнук Францішак Цярэшка, Таццяна Васільеўна кожны раз пыталася студэнтаў, на якой мове з імі мець зносіны. І калі чула, маўляў, «канешне, па-руску», паўжартам пераконвала, што па-беларуску цікавей: «Як будзе па-беларуску «радужная оболочка?» Вясёлкавая абалонка. Бачыце — гэта весела».

Tacciana Biryč
Надпіс на магіле доктара — па-беларуску

Акрамя навукі, Таццяна Бірыч усё жыццё была і грамадскай дзяячкай: загадчык кафедры, галоўны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, член розных камісій і камітэтаў. А ў 1963-67 гадах — дэпутатам, намеснікам старшыні Вярхоўнага савета БССР.

Чалавечы фактар

Навуковым сухаром Таццяна Бірыч не была — захавала і спачуванне да хворых, і цёплае, нават некалькі мацярынскае стаўленне да вучняў. Па словах малодшых калегаў, з прафесарам можна было пагаварыць не толькі на прафесійныя тэмы, але і, напрыклад, пра свежыя балетныя пастаноўкі, спектаклі ў Купалаўскім, які вельмі любіла, пра тэатр і мастацтва ўвогуле.

Tacciana Biryč
З маладымі калегамі, 1970 год

А яшчэ яна не адмаўляла ў просьбах, калі магла дапамагчы, і асабіста адказвала на лісты былых пацыентаў, якія прасілі парады ці выказвалі словы падзякі.

Вось, напрыклад, адзін з такіх лістоў, якія захоўваюцца цяпер у музеі гісторыі БДМУ: фотакартка, на абароце якой — прызнанне: «Да апошніх дзён сваіх, пакуль будзе біцца маё сэрца, я буду памятаць пра Вас як пра нястомнага барацьбіта за кожны адсотак зроку чалавецтва». І подпіс: «былы пацыент 73-й палаты аддзялення зроку Памазуноўскі В.А. (Адслойка сятчаткі) ».

«Для мамы не меў значэння статус пацыента, да ўсіх яна была аднолькава ўважлівая, не лічылася з асабістым часам», — успамінала дачка Тамара Бірыч, як яе знакамітую маму маглі сярод ночы выклікаць у траўмпункт пры бальніцы, і тая не адмаўляла і не скардзілася.

Неяк на медыцынскім з’ездзе «таварыша Бірыч» вельмі хваліў адзін прафесар, пасля даслаў тэлеграму, віншуючы з дасягненнямі і звяртаючыся ў мужчынскім родзе. Прафесарка ў адказ даслала яму паштоўку ўсяго з двума словамі: «Таццяна Бірыч».

Сама яна пры гэтым адрознівалася дзіўнай сціпласцю, і не задумваючыся, адмовілася як ад «наменклатурнай» дачы на Нарачы, так і ад дэфіцытных мэблевых гарнітураў «па блаце».

А вось за сваім знешнім выглядам строга сачыла: паколькі прафесар была ніжэй сярэдняга росту, то стала насіла абцасы. Нават у аперацыйнай пад бахіламі. Умела насіць строгія дзелавыя гарнітуры з нязменнай белай блузкай, але ўтульней за ўсё, здаецца, пачувалася ў медычным халаце і шапачцы.

Tacciana Biryč

У лютым 1993-га яна таксама не думала пра сябе: зрабіўшы даклад у Акадэміі навук, правяла некалькі тэрміновых кансультацый, сустрэлася са студэнтамі на лекцыі і ўжо дома прылегла адпачыць, перш чым складаць план на заўтра. І — проста не прачнулася.