Мінск, зразумела, не Венецыя і не Амстэрдам, а Свіслачы з Нямігай далёка да магутнай Прыпяці ці хаця б пражскай Влтавы. Аднак яшчэ адносна нядаўна маштабы свавольства і неспакойны характар гарадской рачной сістэмы ўражвалі сучаснікаў падзей і прыносілі значныя непрыемнасці гораду. Прапануем паглядзець на мінскія бедствы вокам тагачаснай перыёдыкі.
Янка Купала любіў паўтараць: «Люблю вясновую Свіслач, хоць нярэдка яна заганяла мяне на гарышча». Як часта здараліся ў тыя часы шалёныя разводдзі Свіслачы, якія наступствы яны мелі і што ў рэшце рэшт іх спыніла? Як сталіца прайшла складаны шлях да нармалізацыі воднай сістэмы, і наколькі ён паспяховы? Піша Змітро Пілецкі.
Вынікі паводкі ў 1929 годзе. Здымак з газеты «Звязда» ад 16 сакавіка 1929 г. Яшчэ ў даваенныя часы хадзіла гарадская легенда, што старадаўнія вуліцы Мінска «плывуць» праз праклён старога равіна бен Ашэра, якога разам з вучнямі выгналі з горада.
«Вада шалёная»: з гісторыі свіслацкіх паводак
Паўночна-заходні кут, а таксама паўночныя межы гістарычнага Мінска доўгімі стагоддзямі былі самымі «нестабільнымі» праз небяспеку падтаплення і забалочвання. Небяспечнымі ўчасткамі былі і іншыя гістарычныя мясцовасці — мы ўжо пісалі пра мінскія балоты, якія стваралі перашкоды ў асваенні новых кварталаў, але адначасова былі і карыснай крыніцай паліва. На жаль, летапісання ў Мінску не вялося (або мы нічога пра тое не ведаем) — таму прыклады і абставіны мясцовых патопаў у часы Рагвалодавічаў ці ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага нам з такіх крыніцаў невядомы. Дакументы часоў гарадскога магістрата таксама захаваліся не ў лепшым стане і паўнаце: частка іх загінула ад другой бяды Мінска — рэгулярных пажараў.
Чытайце па тэме: «Бедствы егіпецкія» горада Мінска: Пажары ад нараджэння
Па нешматлікіх выявах Мінска часоў ВКЛ і не здагадаешся, што ягоная рачная сістэма мела свой, буйны і непадуладны, нораў ад першых дзён суіснавання з мінчукамі.
Прамалёўка мініяцюры з відарысам меркаванага Менска з мапы Neue Charte von Pohlen nach der vorgenommonen Theilung, 1772 г. (крыніца: wikimedia.org)
А паколькі разлівы і паводкі былі больш лакальнай з’явай, чым пажары, якія знішчалі цэлымі кварталамі драўляныя пабудовы, то ў гродскіх кнігах (судовых рэестрах) мы таксама не знойдзем якойсьці інфармацыі пра разлівы Свіслачы.
«Зорны» час для сталічнай воднай сістэмы ў перыяды яе «ўзбунтаванасці» надыйшоў ў ХІХ ст., са значным узбуйненнем самога Мінска (з 1870-х гг., пасля адкрыцця чыгуначнай лініі), з’яўленнем масавай мясцовай прэсы (апошняя чвэрць ХІХ ст.), а галоўнае, фатаграфіі і фатографаў. Ад гэтага часу сезонныя рачныя разлівы пачалі год ад года займаць пачэснае месца ў газетных рубрыках кшталту «Здарэнні». І цягнулася гэтая тэма, як найменш, ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
У маі 1892 г. у Мінску запусцілі конку — конны трамвай, які існаваў да 1928 г. і нават некалькі гадоў суіснаваў паралельна з аўтобусамі. Невядома, як хутка выява новага транспарту патрапіла б на старонкі мясцовай прэсы, каб не чарговая паводка 1897 года: як бачна са здымка, вагон конкі, сышоўшы з затопленых рэек, ператварыўся ў рачны трамвайчык (крыніца: wikimedia.org)
Немалыя патопы адзначаліся ў 1888 г., 1897 г. і 1903 г. Так, у час паводкі 1888 г. вада затапіла 14 вуліц да самай Татарскай Слабады, нанесла шкоду каля 100 дамам і забрала жыццё трох чалавек... У 1903 г., калі паводак пачаўся ажно 10 лютага, таксама мала каму было смешна: месцічы ратаваліся з падтопленых дамоў уплаў.
У лютым-сакавіку 1906 г. у Мінску здарылася паводка, «не вядомая ў гісторыі горада». Зіма 1905/06 года выдалася на здзіўленне снежнай — горад накрыла белым покрывам на ўвесь зімні час.
У сярэдзіне лютага надвор’е стала мяняцца. Адліга прадвесціла бяду: снег раставаў і раўчукі дружна накіраваліся да Свіслачы. Рака пачала набіраць моц і глыбіню. Рамізнікі, якія праязджалі праз масты, кідалі трывожныя погляды на чорна-белыя вымяральнікі ўзроўню вады. Гарадскія службы былі прыведзены ў поўную гатоўнасць. 23 лютага вада ўшчыльную наблізілася да крытычнай адзнакі.
Гарадскі сад (сённяшні Цэнтральны дзіцячы парк, або парк імя Горкага) з паштоўкі 1906 г. і падчас паводкі — са здымка ў часопісе «Профэсыянальны рух Беларусі» (1926 г., № 9). З надыходам вясны і ўздымам вады ў нібыта ціхай плыні Свіслачы пастаральная ідылія Гарадскога сада ператваралася на трапічны мангравы лес. Як тое насамрэч адбывалася ў 1906 г., мы можам меркаваць з пазнейшых здымкаў (крыніца: wikimedia.org)
Стала зразумела, што не сёння-заўтра ўся моц разліву абрынецца на горад. Самы адказны ўчастак знаходзіўся на Аляксандраўскім мосце — свой першы націск водная стыхія заўсёды наносіла менавіта туды. Прычынай былі Плябанскія млыны, якія належалі Свята-Троіцкаму касцёлу і праваслаўнаму Архірэйскаму дому. Гарадскія ўлады неаднаразова выступалі з прапановамі знесці плаціну і млыны па яе краях. Але тыя знаходзіліся ў прыватнай уласнасці, і закон быў на баку ўладальнікаў. Таму кожную вясну, калі ўзровень Свіслачы пачынаў імкліва паднімацца, плаціна затрымлівала прыбывалую ваду, што толькі ўзмацняла паводку. Дарэчы, менавіта паводка і без таго бурлівага 1917 года паставіла кропку ў пытанні, якое толькі па дакументах цягнулася амаль тры стагоддзі: націск вады разбурыў плаціну, а рэвалюцыя — прыватную ўласнасць. У далейшым жа грошай у цяжкіх эканамічных умовах на аднаўленне млыноў і плаціны не знайшлося.
Сляпян, Майсей. Плябанскі млын, 1925 г. Нацыянальны мастацкі музей (крыніца: wikimedia.org)
Газета «Минская речь» так апісала тагачасную сітуацыю злавеснага 1906 года: «Рака Свіслач яшчэ шырэй разлілася і затапіла добрую палову горада. На Захар’еўскай вуліцы вада паднялася да 2-х аршын, так што злучэнне цэнтральнай часткі горада з Камароўкай і наогул з зарэчнай часткай спынена. Губернатарскі сад да будынку летняга тэатра увесь заліты вадой, прычым домік ля катка напалову патануў; палова Губернатарскага моста яшчэ не паглынутая вірлівым морам, і на ім збіраецца маса публікі, якая мілуецца прыгожай карцінай разліву, але трэба меркаваць, што да вечара мост будзе цалкам знесены, бо вада ўсё прыбывае і прыбывае. З правага боку вуліцы Вясёлай таксама бачная велічная карціна разліву: з аднаго боку, затопленая Слабодка, так што прыкметныя толькі ацалелыя дахі дамоў, з другога — Кашары, а затым Ляхаўка. Стасаванне жыхароў Ляхаўкі робіцца чоўнамі і лодкамі, але пераязджаць праз раку на лодцы ў вышэйшай ступені небяспечна з прычыны хуткай плыні. Татарская частка горада цалкам затопленая». Гарадская прэса збірала грошы пацярпелым і заклікала астатнія выданні рабіць, як бы сказалі сення, «максімальны рэпост».
У 1915 г., падчас чарговай паводкі, фатографы ўжо зляталіся да месцаў затаплення дзеля эфектных здымкаў. Газета «Минский голос» паведамляла, што на гарадской электрычнай станцыі патокі разграмілі і панеслі мноства бочак з-пад паліва і іншыя рэчы. З аднаго з двароў Захар’еўскай вуліцы з патокам вады стрымгалоў вылецеў драўляны будынак прыбіральні і, уляпіўшыся ў плот электрычнай станцыі, перакуліўся, зачапіўшыся тут. Гэты «архітэктурны аб’ект» доўга ўпрыгожваў вуліцу, стаўшыся выдатным сюжэтам для мясцовых фатографаў-аматараў і тэмай для мастакоў як элемент хаосу і разбурэння.
Паводка ў Менску ў 1915 г. Раён Захар’еўскага моста і электрастанцыі (крыніца: wikimedia.org)
У бурлівыя гады, калі горад быў то пад нямецкай акупацыяй, то ў руках бальшавікоў, то пад кантролем БНР, то пад палякамі, зразумела, не да ўсіх навінаў быў час, але рэчка працягвала сваю неўтаймаваную справу... Напрыклад, газета «Веснік Мінскага губернскага камісарыята» паведамляла, што падчас паводкі 1917 года па ўласнай неасцярожнасці патанулі два салдаты, якія каталіся ў лодцы па Губернатарскім садзе. У тым жа годзе, як было згадана раней, вада разбурыла праблемную плаціну Плябанскіх млыноў.
Паводка здарылася, напрыклад, у сакавіку 1922 года. «Звязда» пісала, што вада за адну ноч, з 7-га на 8-е, выйшла з берагоў у раёне Татарскай вуліцы і Людаманта, заліўшы найбліжэйшую мясцовасць. «У раёне электрычнай станцыі вада паднялася амаль да ўзроўню моста і пагражае штохвілінна затапіць увесь прылеглы раён электрычнай станцыі і Паліцэйскую вуліцу. Пад вадой апынуўся і Гарадскі сад, пачалося перасяленне жыхароў з небяспечных раёнаў».
Менск страшэнна патанаў і далей — у 1929, 1931, 1936, 1941 гадах. І гэта толькі самыя вялікія паводкі.
Гарадскі сад традыцыйна «паплыў» і ў 1928 годзе (здымак з сакавіцкага нумара газеты «Звязда»). У тым жа годзе была першая спроба Камгасу НКВД выкапаць возера на Татарскіх агародах, але планам перашкодзіў недахоп сродкаў
А вось як апісвала «Звязда» маштабны патоп 1929 года: «Рад раёнаў заліты вадой. Затоплены прыбярэжныя вуліцы — Татарская, Садова-Набярэжная, Малая Серабранка, частка Ляхаўкі. На 50% заліты вадой Гарадзкі сад, затоплены агароды. Вада ўсё прыбывае. Утвараецца пагроза затапленьня электрычнай станцыі, працкалектыву абутку па Савецкай вул., 115 і інш. прадпрыемстваў. Па Татарскай вул. перасяляюцца жыхары з 6 дамоў. Iм адводзяцца кватэры па Вяліка-Татарскай вул. Частка жыхароў з Садова-Набярэжнай вул. разьмяшчаецца ў суседніх дамох. Для аказаньня дапамогі пацярпеўшым і перавозкі іх маёмасьці пададдзел дабрабыту Камгасу накіраваў у раёны разводзьдзя каля 20 рабочых. Ва многіх раёнах устаноўлены бесперапынныя дзяжурствы міліцыянэраў і пажарных. Для разьбіўкі лёду ўстаноўлена дзяжурства на Сьвіслачы каля Вясьнінкі за 8 вер. ад Менску. Дзяжурства ўстаноўлена і каля Серабранскага млыну, які адкрыў усе шлюзы. Днём атрыманы трывожныя весткі з Эльводу. Затоплена частка тэрыторыі электрастанцыі. Вада заліла вадапрыёмнікі».
Здымак да зацемкі ў газеце «Звязда» ад 21 красавіка 1929 г. пра чарговае разводдзе
Зіма 1930/31 гг была марознаю і снежнаю, а ў красавіку рэзка прыйшло сонечнае, цёплае надвор’е. Патоп здарыўся не толькі ў Мінску — паводкамі ахапіла ўсю краіну. Узровень рэк пачаў падымацца з 20 красавіка. Разладзілася электрастанцыя «Эльвод», перастаў хадзіць трамвай, адключыўся водаправод, размыла чыгуначныя шляхі так, што цягнікі на Барысаў і Бабруйск вымушаныя былі вярнуцца назад.
Маштабы наступнага патопа па здымках з газеты «Чырвоная Беларусь» (№ 10, 1931). Каб спыніць ваду, нават для гэтых мэтаў была арганізавана мінская камісія-«тройка», як пісала «Звязда» ад 16 сакавіка 1929 г.
З вечара 21 красавіка жыхарам кварталаў, якім пагражала небяспека затаплення непасрэдна, было прапанавана эвакуявацца, аднак частка жыхароў, мяркуючы, што вада не дасягне параўнальна больш аддаленых кватэр, адмовілася перабрацца ў бяспечныя месцы. У ноч на 22 красавіка вада ў рацэ прыбывала настолькі хутка, што жыхары прылеглых кварталаў прачыналіся сярод ночы ад грукату ў напаўзатопленых кватэрах (Ляхаўка, Ніжні рынак, Садова-Набярэжная). Да раніцы насельнікі гэтых кварталаў апынуліся ў дамах, напаўзатопленых вадой, і, ускараскаўшыся на дахі дамоў, людзі крычалі, вывешвалі сцягі, заклікаючы на дапамогу. Да сярэдзіны дня 22 красавіка ўзровень вады, па даных Усебеларускага гідраметэаралагічнага інстытута, дасягнуў 380 см вышэй сярэдняга гадовага ўзроўню (у 2 разы).
У 1936 г. узровень Свіслачы падняўся на 356 см. А ў 1941-м ажно на 455 см! Гэта з улікам таго, што нормай лічылася павышэнне вады на 190 см. Што тады адбывалася ў тагачаснай сталіцы? Праводзілася спешная эвакуацыя жыхароў многіх вуліц, ратавалі электрастанцыю (рабілі вакол яе агароджу), людзі ўзбіраліся на гарышча і дахі хатаў. Тым часам вада зносіла гаспадарчыя пабудовы, у бурлівых патоках плавала хатняя жывёла і нярэдка людзі.
Свіслач у раёне Лаўскага моста. Наступствы паводак 1930-х гг. З фондаў БДАКФФД. Янка Купала любіў паўтараць: «Люблю вясновую Свіслач, хоць нярэдка яна заганяла мяне на гарышча».
З таго часу, як з’явіліся Камсамольскае возера і Мінскае мора, страшэнныя паводкі фактычна спыніліся. Неабходнасць стварэння штучнага вадасховішча была абумоўлена не толькі шалёнымі разводдзямі Свіслачы, а напрыклад, і адсутнасцю нармалёвых пляжаў у горадзе, які пастаянна павялічваўся ў памерах. Трэба зазначыць, што сярод праектаў разглядаліся і ўтварэнні вадаёмаў на Лошыцы і Сляпянцы. Праўда, гэта быў цяжкі і складаны шлях да нармалізацыі воднай сістэмы сталіцы, і як паказалі наступныя паўстагоддзя — не без наступстваў для экалогіі і гідралогіі Мінска.
Рака Свіслач выйшла з берагоў. Фотаэцюд А. Карніцкага. «Советская Белоруссия», 17 красавіка 1941 г.
Цягнуць з пытаннем разліваў Свіслачы ўжо было няма куды — адзіным выйсцем заставалася стварэнне штучнага вадасховішча ў вярхоўях ракі. 24 студзеня старшыня Саўнаркама БССР Кузьма Кісялёў падпісаў пастанову «Аб стварэнні штучнага возера ў Мінску» (з газеты «Советская Белоруссия», 27 студзеня 1940 г.).
Выканкаму Мінскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных было даручана «прыступіць у лютым месяцы 1940 г. да будаўніцтва штучнага возера на рацэ Свіслач, у раёне Старажоўкі» (месца цяперашняга пляжа).
Адкрыццё Камсамольскага возера было запланавана на 22 чэрвеня 1941 г., але гэты дзень стаў апошнім мірным днём для беларусаў...
«Мінск. Высокая вада (паводка, разводзьдзе)». Малюнак невядомага нямецкага жаўнера, 1942 г. Выгляд у бок Свіслачы і Татарскай слабады ад сучаснай сувораўскай вучэльні; злева бачны татарскі мячэт
У сярэдзіне сакавіка 1945 г. Мінгарвыканкам пачаў рыхтавацца да новай паводкі. Газета «Советская Белоруссия» надрукавала нататку «Да барацьбы з паводкай», у якой засяроджвала ўвагу, што Мінск штогод церпіць ад вясновай паводкі, якая прыносіць нямала разбурэнняў і страт гарадской гаспадарцы і насельніцтву — асабліва пакутуюць ад паводак вуліцы Гандлёвая, Лодкавая, Пуліхава, Пралетарская. Рэдакцыя папярэджвала, што магчымых ахвяраў, разбурэнняў і страт можна цалкам пазбегнуць, калі своечасова падрыхтавацца да барацьбы з паводкай, і насельніцтва горада возьме актыўны ўдзел у гэтай справе. Кожны грамадзянін, які пражывае ў раёне затаплення, павінен паклапаціцца загадзя аб захаванасці сваей маёмасці. Асаблівая адказнасць павінна ляжаць на кіраўніках прадпрыемстваў і ўстаноў, якія абавязаны арганізаваць спецыяльныя брыгады па барацьбе з паводкай, загадзя ладзіць дамбы, агароджы, пераходы і падрыхтаваць неабходны інвентар.
Пасляваенны Мінск, усвядоміўшы ўсю разбуральную моц Свіслачы мінулых дзесяцігоддзяў і эфектыўнасць зладжанай працы ўсёй гарадской адміністрацыі, не чакаючы наступу сезонных праблемаў, арганізаваў камісію і падкамісіі па барацьбе з воднай стыхіяй (фрагмент артыкула з газеты «Советская Белоруссия» ад 23 сакаваіка 1945 г.). Праўда, мяркуючы па даных, паводка аказалася не такой разбуральнай, як чакалася.
Працы па ачышчэнні і добраўпарадкаванні Камсамольскага возера аднавіліся.
У 1950-х гг. было вырашана ўзвесці набярэжную ўздоўж Свіслачы, штучна пашырыць і паглыбіць рэчышча. З тых часоў плынь ракі ў прамежку паміж мостам вул. Янкі Купалы і мостам на пр. Пераможцаў не прыродная, а штучная. Бетонныя блокі будучай набярэжнай змясцілі на трывалыя драўляныя палі і паступова тэрыторыю ўздоўж Свіслачы акультурылі. З прычыны хуткага росту горада і развіцця прамысловасці рака змялела і патрабавала абваднення. Вырашэнне праблемы сталі шукаць у падсілкоўванні Свіслачы ад іншых водных артэрый паблізу ад Мінска. Але сярод прапанаваных праектаў і ідэй нічога лепшага, як стварыць штучнае Вілейскае вадасховішча на рацэ Вілія, не знайшлося. У 2000-х гг. Свіслач зноў моцна змялела, а яе брудныя воды былі не прыдатныя ні для купання, ні для лоўлі рыбы. Гэта падштурхнула ўлады горада да прачысткі рэчышча ад глею і смецця, сярод якога знаходзілі не толькі гарадскі бруд, але і музейныя экспанаты і нават снарады часоў вайны.
Рака, на якую завялі справу: скарэнне Нямігі
Няшмат беларускіх рэк могуць ганарыцца сваёй даўняй пісьмовай гісторыяй, а вось невялічкая Няміга адзначылася і ў «Аповесці мінулых гадоў» (заўважым — сярод буйных рэк Еўропы, кшталту Дона, Дняпра ці Дуная), і нават мае ўласную «справу», заведзеную гарадской управай з-за неспакойнага характару, і ўжо пасля зняволення пад зямлёю не раз рабілася гераіняй зацемак у прэсе.
Адно са старэйшых панарамных фота з відарысам вусця Нямігі і Замчышча. 1920 г. Здымак зроблены фатографам Львом Дашкевічам па ініцыятыве вядомага краязнаўцы Язэпа Драздовіча (на фота ён у белай кашулі і капелюшы) (крыніца: csl.bas-net.by)
Рэчышча Нямігі ля ўпадзення ў Свіслач выгіналася, утвараючы балоцістае паніззе з невялікім сухім узгорачкам у цэнтры — практычна ідэальнае месца для абароны ад нападнікаў. На розных картах Няміга то абгінае Замчышча, то ўтварае два рэчышчы, то цячэ прама. Першапачатковая даўжыня Нямігі была каля 4.5 км, аднак у пачатку XIX ст. памешчык Чарноцкі, праз маёнтак якога цякла рэчка, перакапаў невялікі ўзгорак і скіраваў раку ў іншае рэчышча, каб атрымаць больш вады для свайго млына, а старое рэчышча Нямігі перасёк гаццю — так рэчка падоўжылася на кіламетр. Паўнаводнай Няміга ніколі не была — раку не падсілкоўвае ніводны ручай, а Францышканскае балота (у раёне вагонарамонтнага завода), з якога яна выцякала, у адрозненне ад Камароўскага, буйным не было.
Трасіроўка рэчышча Нямігі, праведзеная ў 1985 г. (паводле матэрыялаў часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», 1986, № 2) і яе месцазнаходжанне на сучаснай мапе Мінска
Упамінаецца Няміга і ў больш позніх дакументах з гісторыі Мінска, калі гаворыцца пра Нізкі рынак, Замчышча ці мясцовы млын. Аднак аб тапаграфіі ракі нічога істотнага не паведамлялася: бачна, пакуль яна існавала, не было асаблівай патрэбы ў дэталёвым яе апісанні.
Няміга ў раёне прадмесця Грушаўка. Каля 1920 г. Здымак з кнігі «Памяць. Мінск. У 4 кнiгах. Кнiга 1» (2001)
Пасля крывавых падзей XVII ст. Мінск доўга ачуньваў ад спусташэнняў, а Замчышча, па выніку, страціла сваё стратэгічнае абарончае значэнне. Па меры ўзбуйнення горада берагі Нямігі абрасталі кварталамі і пабудовамі, усё шчыльней і шчыльней, і як тое бывае ў гарадах з невялікімі рэчкамі, Няміга ператварылася ў сцёкавую канаву, куды зліваўся бруд.
Скрыжаванне вуліц Нямігскай (злева) і Рэвалюцыйнай (справа), 1926 год. З фондаў БДАКФФД (крыніца: wikimedia.org). Бачныя памосты, якімі перакрытыя вулічныя злівы
Так працягвалася даволі доўга, пакуль у 1891–1893 гг. гарадская ўправа не выдаткавала 60 тысяч рублёў на ачыстку і ўпарадкаванне рэчышча. Нямігу закрылі дошкавым насцілам, але праз памост пах бруду заставаўся ўсё роўна адчувальным.
Аб неабходнасці заключыць раку пад зямлю актыўна пісалі ў 1912 г., бо рака тады брала пачатак у раёне, занятым чыгункай, і падпітвалася сцёкамі з майстэрняў і дажджавых канаваў. Ужо ў той час у месцы праходжання Нямігі пад чыгункай, праз занадта высока пракладзеную трубу перад ёю, вада разлівалася, утвараўшы цэлае возера, якое затапляла завулкі насупраць Аляксандраўскага вакзала і ўсю прылеглую мясцовасць. З гэтага раёна данясенні гарадавых аб здарэннях былі даволі частымі: то воз праваліцца, а то мінак, то пасля моцнай залевы разлітым брудам затопіць навакольныя дамы.
Не кожнай рэчцы «шчасціць» мець сваю справу ў гарадской адміністрацыі (вокладка на фота злева. З фондаў НГАБ). Напрыклад, дакумент ад 22 лютага 1912 г. апісваў, што нямігскі канал да таго забруджаны, што вада, не маючы вольнага праходу, выступіўшы праз краі, у некаторых месцах падняла насціл і часткова заліла плошчу рыбнага кірмаша і прылеглую да яе Кацярынінскую вуліцу. Або, у іншым дакуменце ад 28 чэрвеня 1912 г. распавядаецца, як у той дзень моцнай залевай былі пазаліваныя склепы і кватэры на ніжніх паверхах дамоў па Койданаўскай, Школьнай і Ракаўскай вуліцах. Домаўладальнікам прынесены значныя страты, вадой пашкоджана розная маёмасць. Акрамя таго, моцным напорам вады быў знесены амаль увесь насціл па рацэ Няміга. На правым здымку: Нізкі Рынак у бок вуліцы Нямігі, 1918 г. Бачныя стокавы канавы (крыніца: wikimedia.org)
У Першую сусветную вайну Мінск стаўся прыфрантавым горадам. Наўрад ці ў тыя часы магла распачацца будоўля калектара, аднак у 1915 г. пасля адной з паводак была створана санітарная камісія, якая абследавала рэчышча Нямігі ад вытоку да вусця і прапанавала схаваць рэчку ў трубу. Аднак гэтая прапанова, зразумела, не была здзейснена. Потым пачаліся рэвалюцыйныя і акупацыйныя часы, і на бягучую павестку на нейкі час забыліся. Але Няміга працягвала дастаўляць нязручнасці гарадскім жыхарам і ўладам, і будаўніцтва калектара пачалося ўжо ў 1920-я гг.
У 1926 г. ніжняя частка Нямігі была ўзятая ў жалезабетонны калектар. Пачынаўся гэты калектар ад аднайменнай вуліцы. Паблізу размяшчалася былая фабрыка Кантаровіча, пераробленая ў абутковую фабрыку «Луч». Менавіта ў тым месцы быў пабудаваны першы калектар Нямігі, які і даў назву бліжэйшай вуліцы — «Калектарная».
Нямігу хаваюць у бетонны калектар. Здымак з газеты «Рабочий», 1926 г. (крыніца: wikimedia.org)
Згодна з апісаннем пасляваеннага генеральнага плана развіцця Мінска (1946), Нямігскі калектар ішоў па нізіннай частцы рэчышча; на ўчастку ад р. Свіслач да Рэспубліканскай вул. (зараз Раманаўская слабада) — гэта калектар, у які пракладзена фекальна-гаспадарчая каналізацыя, а ад Рэспубліканскай да Калектарнай вуліцы — жалезабетонны канал; ад Калектарнай да вуліцы Карла Лібкнехта калектар уяўляе сабой драўляны канал; ад вул. Лібкнехта і да вытокаў (у раёне завода імя Мяснікова) ручай Няміга працягваў існаваць у сваім натуральным рэчышчы.
Над калектарам кладуць драўляную маставую. Здымак з газеты «Рабочий», 1926 г. (крыніца: wikimedia.org)
Мінск пасля вайны імкліва забудоўваўся, і ў 1955 г. калектар Нямігі з жалезабетонных кольцаў працягнулі да вул. Грушаўскай (дарэчы, менавіта адтуль можна прайсці па трубе не згінаючыся, потым дыяметр паступова і заўважна змяншаецца). Сёння прыроднай вады ў Нямізе ўжо няма: па даных спецыялістаў, рака перасохла яшчэ ў 1990-х гг. Сённяшняя пратока ў калектары Нямігі — гэта вычышчаныя сцёкі з дэпо метрапалітэна Маскоўскай лініі і з вагонарамонтнага завода.
Нябесная бяда: мінскія залевы
У час моцных дажджоў шмат якія вуліцы сёняшняга Мінска нагадваюць рэкі. Раён Нямігі, які стала атрымліваў «гран-пры» як самы «заліўны» раён, нарэшце, дзякуючы новаму калектару, стаў здаваць пазіцыі. Аднак падчас інтэнсіўных залеваў пазбегнуць падтаплення асобных вуліц і кварталаў у сталіцы і да сёння не атрымліваецца. Чаму так?
Праблема з затапленнямі напрамую звязана са шчыльнасцю забудовы. У мінулыя стагоддзі, напрыклад, з аднаго боку была Раманаўская слабада, з другога — Татарская слабада, усё — прыватная забудова, адпаведна, вадзе было куды сыходзіць — у зямлю. Цяпер жа Мінск развіваецца гэтак жа, як і іншыя буйныя еўрапейскія гарады: зялёных зонаў у цэнтры горада мала, яны невялікія, уся зямля фактычна закатаная ў асфальт або прыкрытая пліткай. І вадзе проста няма куды падзецца.
Вуліца Няміга пасля залевы, 1950-я гг., здымак А. Трусава (крыніца: minsk-old-new.com)
Пасля ўтаймавання Свіслачы і Нямігі праблема падтапленняў ад залеваў пачала накрываць пасляваенны Мінск. І чым хутчэй узбуйнялася сталіца, тым больш паскараліся такія здарэнні. Вось толькі некалькі красамоўных прыкладаў.
Сваё 900-годдзе беларуская сталіца адзначала 28 мая 1967 года. У той дзень залева прайшла над Мінскам. Яна была настолькі моцнай і заўважнай, што нават патрапіла на кадры дакументальнай хронікі «Святочны альбом» маскоўскага рэжысёра Мікіты Хубава.
Кадры паводкі на плошчы Якуба Коласа ў дзень святкавання 900-годдзя горада (1967) трапілі ў фільм «Праздничный альбом», прысвечаны святкаванню юбілею Мінска
Дзесяцігодзем пасля, 8 ліпеня 1977 года, Мінск перажыў яшчэ адзін моцны лівень. «Паплылі» і аўтобусы на Партызанскім праспекце, і трамваі на Якуба Коласа.
І хаця сталічная газета «Вячорка» абяцала, што такога больш не будзе, праз 10 гадоў, 8 ліпеня 1977 г., патоп патрапіў у вочка фотааб’ектыва ў раёне плошчы Якуба Коласа. Здымак з фондаў БДАККФД
Падтапленні мінскіх вуліц Мінска адбываліся і ў наступныя гады. Прыкладна ў 1986 г., па ўспамінах тагачасных сведкаў, падчас патопу аўтобусы і тралейбусы з боку вакзала даходзілі толькі да фабрыкі «Камунарка», а далей ужо паўсюль стаяла вада.
Вуліца Няміга пасля залевы, 1965–1966 гг., здымак Н. А. Іванова (крыніца: minsk-old-new.com)
У новым тысячагоддзі дажджавыя патопы і паводкі, што паралізуюць працу транспарту, назіраюцца ў Мінску з зайздроснай рэгулярнасцю: у 2004 (1 раз), у 2006 (1 выпадак), у 2007 (2 разы), у 2009 (4 разы ў ліпені і чэрвені), у 2010 (6 разоў, прычым тройчы — у чэрвені), тры выпадкі зафіксаваны ў 2011 г. (у кожным месяцы лета), такая ж сітуацыя назіралася і ў 2012 і 2013 г., а ў 2014 г. зноў зафіксавана 6 выпадкаў, прычым тры з іх — у жніўні, у 2015 (двойчы), у 2016 (5 разоў, ужо пачынаючы з мая). Патопы адбываліся і ва ўсе наступныя гады, хіба што геаграфія іх змясцілася ад цэнтра ў іншыя раёны — так, падтапленні назіраліся нават у Зялёным Лузе, прытым, што раён стаіць на ўзвышшы.
Патоп на Нямізе ў 2006 г. Здымак узяты з адкрытых тэматычных суполак у сацсетках.
Спецыяльна для спынення падобных патопаў адносна нядаўна быў пабудаваны калектар ад вуліцы Клары Цэткін да вуліцы Маякоўскага — рашэнне дазволіла перамагчы праблему праходу па калектары Нямігі транзітных вод, якія збіраюцца на вуліцах Розы Люксембург, Карла Лібкнехта, на праспекце Дзяржынскага. Праўда, апошнімі гадамі з моцнымі дажджамі не справіліся часткі вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай.
Класічныя тэхналогіі водаадвядзення патрабуюць дадатковых затрат на ачышчэнне і не заўсёды спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Так, у традыцыйным выкананні чыстая дажджавая вада змешваецца з гразевымі сцёкамі ў гарадскіх калектарах. Гэта можа прывесці да падтапленняў, як тое і адбываецца на цэнтральных вуліцах горада.
Праблема палягае ў тым, што Мінску як сталіцы-мегаполісу (у маштабах Беларусі) трэба пераходзіць на новыя, сучасныя тэхналогіі — а менавіта на сістэмы інфільтрацыі вады ў грунт. Такія захады больш экалагічныя, але і каштуюць адпаведна. Гэта тэхналогіі, па якіх жывуць гарады ЕС, напрыклад, той жа Амстэрдам у Нідэрландах. Сутнасць у тым, што калектар добра заглыблены ў зямлю і выходзіць на падземны рэзервуар, дзе стокі збіраюцца, праходзяць фільтрацыю і потым выводзяцца назад у глебу, на глыбіню, вяртаючыся, такім чынам, у ваданосны слой.
Змітро Пілецкі, budzma.org