«Людзі на балоце». Гэты выраз зусім не пра аповесць са школьнай праграмы і зусім не пра Палессе. «Балотная» гісторыя Мінска і па сёння застаецца своеасаблівай малавядомай сталічнай Амазоніяй: Цнянскі вадазбор і сучасныя кварталы былых Камароўскіх абшараў маляўніча прадстаюць і ў здымках, і ў краязнаўчых артыкулах, але, пры гэтым, дэталёвая гісторыя забалочаных Мінскіх мясцінаў застаецца як-бы па-за даследчыцкай увагай. Прыгледзьцеся да мапы-рэканструкцыі: у розных кутках сталіцы абавязкова сустрэнуцца назовы, так ці інакш звязаныя з балотам... Прапануем сёння прагуляцца толькі па некаторых, найменш вядомых з іх...
Ізі Харык. Мінскія балоты (урывак з паэмы) («Чырвоная Беларусь». 1933. № 5)
Чыгункавая экскурсія на Цну
Аматарам цікавых і незвычайных вандровак па Мінску адразу закарцела запісацца? Не спяшайцеся: такія экскурсіі адбываліся амаль стагоддзе таму — у 1920-я — 1930-я гады, падчас актыўнай торфанарыхтоўкі на тарфяніках за вёскаю Цна, для забеспячэння палівам першай Мінскай электрастанцыі «Эльвод» — той самай электрастанцыі, рэшткі якой прыбралі падчас узвядзення «любімага» у мінчукоў «недакемпінскага» скандальнага гатэля. З 1920 г., праз складанасці з фінансаваннем і прыродныя ўмовы, Мінская акруговая адміністрацыя ўсё ж за некалькі год здолела пракласці вузкакалейную лінію рэек (больш за 12 км!) праз амаль неасвоеныя землі паўночнай часткі сённяшняга Мінска.
У калажы выкарыстаны матэр’ялы з «Савецкай Беларусі», часопіса «Профэсыянальны рух Беларусі» (1926 № 15), «Шляхі калектывізацыі» (за 1933 г.) і фрагмент савецкай тапаграфічнай карты 1930-х гг.
Да электрастанцыі пад’язджалі ваганеткі, гружаныя торфам. Торф здабывалі не толькі на Цнянскім тарфяніку, а з аднаўленнем працы Балотнай станцыі і на Камароўскім балоце (раён суч. парку Дружбы народаў і плошчы Бангалор). Невялікія аб’ёмы торфанарыхтовак вяліся фактычна па ўсіх радовішчах — у Пятроўшчыне і Падбалоцці (раён гатэля «Агат»), на Шырокім балоце (у ваколіцах Цівалі) і ва Уборках (раён суч. Інстытута культуры).
На пасляваеным здымку (з аўкцыёна eBay), зробленым у раёне скрыжавання Сурганава (Друкарскай) і праспекта Незалежнасці (Савецкай), бачна, як вузкакалейны транспарт мінае даваенны будынак, у якім сёння знаходзіцца рэдакцыя газеты «Вечерний Минск»
Станцыя, дарэчы, не была сакрэтным аб’ектам, на ёй па нядзельных днях праводзіліся экскурсіі з 13 да 15 гадзін дня. Цягу ваганеткам забяспечвалі дробныя неўдасканаленыя паравозы, выпушчаныя яшчэ да Першай сусветнай вайны, ад іскраў якіх нярэдка ўзгараліся драўляныя дамы, што стаялі па шляху руху. Наяўнасць вузкакалейкі перашкаджала і добраўпарадкаванню Савецкай вуліцы (суч. праспект Незалежнасці). Таму ў 1936 г. гарсаветам быў распрацаваны праект дастаўкі торфу трамвайнымі платформамі.
На здымку бачныя рэйкі вузкакалейкі побач з трамвайнай лініяй па вул. Савецкай (сённяшні праспект Незалежнасці). Фота 1950-х гг. з фондаў ДАККФД
У пачатку 1950-х разам з насыпам для новага моста праз Свіслач на некалькі метраў падняўся ўзровень Савецкай вуліцы, і электрастанцыя як бы сышла пад зямлю. У 1956 г. стары «Эльвод» перадалі Рэспубліканскаму камітэту па фізічнай культуры і спорце пры Савеце Міністраў БССР. Мінчукі называлі гэты будынак Домам фізкультуры. Тым не менш у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе вузкакалейка яшчэ нейкі час эксплуатавалася, у тым ліку — і для падвозу будаўнічых матэрыялаў.
Сморгаўка, пан Даляк і Чарвякоў: невядомая драма
Засценак (урочышча) Сморгаўка і пазнейшы хутар (вёска) Сморгаўцы Сёмкава-Гарадзецкай воласці Мінскага павета, паводле расійскай трохвярстоўкі і польска-савецкіх мапаў 1920-х — 1930-х гадоў, месціліся на поўнач ад Пярэспы, дзесьці ў трохкутніку Даўгінаўскі тракт —Арлоўская — Максіма Багдановіча. У наш час пра прадмесце нагадваюць Сморгаўскі тракт, пяць Сморгаўскіх завулкаў і Сморгаўскі праезд.
У калажы выкарыстана мапа-рэканструкцыя «Формирование территории Минска (1800–2004)» і фрагмент міжваеннай тапаграфічнай карты з лакалізацыяй хутара Сморгаўка (на некаторых мапах — «Сморгаўцы»)
Памяць маёй бабулі, Ганны Кучмель (1910–2002), захавала вось які драматычны аповед пра ўладальніка тых мясцінаў:
Жыў стары памешчык Даляк на месцы колішняй Балотнай станцыі, і валодаў ён вёскамі Зацішша, Сморгаўка і інш. Па суседстве жыў яшчэ адзін пан (прозвішча не ведаем), і валодаў ён Вішнеўкай, але асноўныя яго ўладанні былі недзе пад Сёмкавым гарадком. Здарылася так, што стары Даляк памёр, а за гаспадароў засталіся яго жонка і сын гадоў за дваццаць.
І вось неяк той Даляк-малодшы знюхаўся з сёмкавагарадоцкім памешчыкам, і пачалі яны разам піць ды ў карты гуляць. Малады чалавек, як тое часта бывае ў такім узросце, быў занадта гарачы, імклівы, няўдумлівы, а гарэлка ўсяму таму спрыяла...
Гульня ў карты. Міжваенны здымак. Ілюстрацыйнае фота
І вось аднойчы пабудзілі раніцой гаспадыню Даляк перапуджаныя слугі. Маўляў: так і так — прайграў ваш сынок маёмасць клятаму сёмкавагарадоцкаму пану, і цяпер аконам і слугі таго пана прыйшлі дабро ў вас адбіраць. Пайшла маці да сына пагутарыць, а той і слухаць не хоча: ганарысты, малады ды дурны. Падняўся ён да сябе ў кабінет і зачыніўся. Сціснуў страшэнны боль матчына сэрца ад пачуцця жудаснай і непазбежнай бяды. А калі стрэл на другім паверсе пачулі, усё і так зразумела стала. Не вытрымаў такой ганьбы малады Даляк, пусціў сабе кулю ў лоб... Панна Даляк, такая маленькая старая кабеціна, рэвалюцыю перажыла і яшчэ колькі па гэтым свеце хадзіла, пакуль да «пана Пясецкага» сышла...
Кустодзіеў Б. М. Гульня ў твіст. 1905 г.
Кажуць, што менавіта ў гэтым цагляным будынку пана Даляка і быў забіты А. Чарвякоў, «усебеларускі стараста»...
Апошні абзац гэтага аповеду (вядома, што Чарвякоў скончыў жыуццё самагубствам у сценах Дома ўрада) як бы падказвае нам, што адносіцца да яго трэба як да ваколічных чутак, калі б не некалькі сур’ёзных абставінаў, што часткова пацвярджаюць праўдападобнасць нашай гісторыі.
Фрагмент плана новай мяжы горада, 1923 г.
Пачнем з ілюстрацыйнай: на плане новай мяжы горада (1923 г.) бачны «фальварак Сморгаўка», а на ўсход ад яго пазначана «имение Затишье быв. Даляка» і «зем(ли) имения Затишье б. Даляка ныне во временном пользовании гр. дер. Дроздова и Заболотья». Перыёдыка ў 1913 г. пісала, што «в урочище Сморговка, расположенном в двух с половиной верстах от Минска, состоялось освящение здания дачи-колонии для еврейских слабосильных детей при Минском обществе "Линас-Гацедек". В здании дачи-колонии имелись пять спален, большая столовая, изоляционная комната, две комнаты для наставниц, ванная комната и кухня» (цытуецца па: «Вечерний Минск». 3 сентября 2015 (четверг). № 35 (12642). На мапах 1930-х гг. на месцы Сморгаўкі пазначаны «дзіцячы санаторый», а ад Зацішша засталася толькі аднайменная вуліца ў сённяшнім Сельгаспасёлку. Пра Забалоцце мы яшчэ пагаворым асобна.
Каардынатная прывязка да Гугл-карты і адной з міжваенных тапаграфічных мапаў (калаж зроблены пры дапамозе сэрвісу «Рухомая мапа Беларусі») паказвае, што сядзібны комплекс Сморгаўкі знаходзіўся на паўночны ўсход ад сённяшніх мінскіх урбанонімаў, звязаных са Сморгаўкай
Застаецца штосьці высветліць пра саму постаць пана Даляка. «Памятная книга Минской губернии» за 1915 г. падае імя двараніна стацкага саветніка Івана Пятровіча Даляка, выкладчыка старажытных моваў у Слуцкай гімназіі, а таксама скарбніка і сакратара «Общества вспомоществования учащимся» пры той жа гімназіі. У спісах студэнтаў Імператарскага маскоўскага ўніверсітэта, якія паступілі на вучобу у 1900/1 г., мы бачым Івана Іванавіча Даляка, 1881 г. н., сына аўстрыйскага падданага, лютэранскага веравызнання, родам з Мінска, але гадаванага ў Слуцку.
Ці не быў студэнт Даляк сынам выкладчыка Слуцкай гімназіі Даляка? Ці не адбылася распаведзеная трагедыя падчас рэвалюцыйных падзеяў 1905/6 года, або ў змрочныя часы Першай сусветнай вайны, або адразу апасля яе, у самыя анархічныя гады?
Малады паніч, гулец у карты. Міжваенны здымак, выкарыстаны ў якасці ілюстрацыі
Зразумела, толькі пошук архіўных дакументаў дасць сапраўдны адказ, што ў тым аповедзе было праўдай, а што — чуткамі. Але хочацца верыць, што мы крыху зазірнулі ўглыб мясцовай драмы...
Падбалоцце, Забалоцце — ваколбалотная тапаніміка Мінска
Параўноўваючы мапы другой паловы ХІХ ст. і міжваенныя тапаграфічные карты Мінска і ваколіц ХХ ст., можна заўважыць своеасаблівую тапанімічную нізку з трох Забалоццяў і Падбалоцця ў розных кутках сучаснага горада. Прычым адна пара назваў ляжыць у паўночна-заходнім кірунку, на поўнач ад Камароўскага балота і Балотнай станцыі, ва ўладаннях вялікасляпянкаўскай галіны Ваньковічаў, а другая пара — у паўднёва-ўсходнім куце, блізу Архірэйскіх уладанняў.
На ніжні левы кадр (узяты з блога блогера darriuss) цудам патрапілі дамкі старой вёскі. У цэнтры здымка — комплекс інтэрнатаў архітэктара Сяргея Мусінскага (1979), справа — жылыя дамы Зялёнага Луга-5. Уздоўж Карбышава яшчэ будуецца грамадскі цэнтр мікрараёна, а ўдалечыні на заднім плане бачныя краны, якія працуюць на будоўлі Зялёнага Луга-7. Сляпянскай воднай сістэмы на гэтым участку яшчэ няма, хоць яе збудаванне пачалося ў 1977-м. Зрэшты, катлаван пад яе ўжо выкапаны, а грунт завезены. На правым здымку зроблена сумяшчэнне відарысу 1970-х гг. і сённяшняга стану раёна
Вёска Падбалоцце была ўключана ў гарадскую мяжу ў 1972 г., але прыватны сектар праіснаваў да канца 1970-х гадоў, калі ў сувязі з забудовай мікрараёна Зялёны Луг-5 і будаўніцтвам спартыўнага комплексу тут пайшла траса вуліцы Карбышава, а потым з’явіўся і гатэль «Агат».
Засценак Забалоцце на поўначы ад горада некалькі разоў сустракаецца на мапах ХІХ ст., а пры параўнанні з больш дакладнымі тапаграфічнымі міжваеннымі мапамі складваецца ўражанне, што гэта — усё тое ж Падбалоцце.
Фальварак Забалоцце (2) на паўднёва-ўсходнім кірунку пазначаны на плане новай мяжы горада (1923) як былая маёмасць Касперскага — на сённяшні дзень гэта тэрыторыя мікрараёна Шабаны.
На перадваенных мапах непадалёк ад сучаснай аўтастанцыі Аўтазаводская пазначаны таксама аднайменны пасёлак Забалоцце — сёння ён прыпадае на квартал паміж вул. Сацыялістычнай і Машынабудаўнікоў у Заводскім раёне.
Як Шырокае балота стала забаўляльным паркам
Непадалёк ад станцыі метро «Кунцаўшчына» знаходзіцца парк і забаўляльны комплекс «Цівалі» — такі ж самы забаўляльны комплекс у далёкім 1844 г. адкрыў дацкі падарожнік Георг Карстэнс у Капенгагене, і гэтая ідэя, як сёння прынята казаць, стала «трэндам» для многіх іншых еўрапейскіх гарадоў.
Калаж ілюструе лёс «Цівалі» ад апошняй чвэрці ХІХ ст. да канца 1930-х гг. (створаны пры дапамозе сэрвісу «Рухомая мапа Беларусі»)
У губернскім Мінску на той час паважаны немец-фармацэўт Тэафіл Гольцберг (Гольдберг) загарэўся штосьці падобнае зрабіць і на ўзятай ім у арэнду зямлі. Так урочышчу Шырокае Балота (або, інакш, засценак Вална), якое месцілася абапал сучасных вуліц Прытыцкага ад Пушкінскай да Цімашэнкі і славілася жахлівай граззю, наканава было ўвайсці ў мінскую гісторыю як аднаму з важных культурных куткоў горада пад іншай, замежнай «моднай» назвай з націскам на апошнім складзе.
Паштовая дарога на Падалянку праз «Цівалі» (з выдання: Ястремский М. Натуральная дорожная повинность в Минской губернии. Мн., 1902)
Да 1852 года на арандаванай на 12 год зямлі ўзвялі сядзібу, гаспадарчыя пабудовы, летні тэатр «Цівалі», рэстарацыю і ветраны млын. Маёнтак наведвалі пісьменнікі і паэты, драматургі і музыканты, у тым ліку Дунін-Марцінкевіч, Шпілеўскі, Сыракомля.
Пасля ўсталявання ўлады бальшавікаў сядзібныя землі былі пераўтвораныя ў аднайменны саўгас, пасля Другой сусветнай вайны — з’явілася вёска з такой жа назвай, якая і ўвайшла блізу 1970-х гг. у межы горада. Толькі ў 2006 г., дзякуючы прынятаму рашэнню Мінгарсавета, гістарычная назва была вернута з нябыту: парк паміж вуліцамі Прытыцкага, Пятра Глебкі і Матусевіча назвалі «Цівалі».
Што такое di Blote?
Бадай што адной з унікальнасцей Мінскай тапаграфіі з’яўляецца яе шматмоўнасць (ды і графічная разнастайнасць, праўду кажучы): напрыклад, польскія крыніцы і мапы пазначаюць мясцовыя назовы, унёсшы сваю фанетычную спецыфіку, — так з’яўляюцца «Зялёны Луг» замест «Зялёны Лог»; потым расейскія картографы спрабуюць «прыкруціць» польскую сетку назваў да патрэбаў ваенна-тапаграфічнай камісіі — і вось, напрыклад, замест прадмесця «Добрыя Мыслі» мы бачым «Добрыя Мылі». На кароткі час у тапаграфічную традыцыю, разам з лініяй фронту, ушчымліваюцца спецыялісты германскага кайзера — і мы бачым неверагодную графічна-моўную трасянку кшталту «Г. дв. Sliepjanka». Праз некаторы час Мінск канчаткова пераходзіць у рукі бальшавікоў — і тут ужо карты поўняцца назвамі на «навамоўі»: «саўгас (імя такога-та)», «Дачы НКВД», «пос. Труд», «Дом Отдыха Замчище» і інш.
Аднак у нашым экскурсе не трэба забывацца пра тое, які значны адсотак жыхароў Мінска і ягоных прадмесцяў складала юдзейскае, габрэйскае насельніцтва, якое ў міжваенны перыяд атрымала зялёнае святло на карыстанне ідышам, які стаў адной з афіцыйных моваў БССР.
Уток Нямігі (з выдання: Некрасов С. Виды г. Минска, 1903). НГМБ
«Балота (di Blote), найбяднейшае прадмесце Мінска» — так, коратка і драматычна, апісваюць яго ў сваіх успамінах на ідышы былыя насельнікі горада. У падобных апісаннях «Балота» ставіцца побач з такімі рамесніцка-рабочымі прадмесцямі, як Ляхаўка ці Камароўка. Сярод іншых і гэтай мясцовасці, падобна, знайшоў месца ў паэме «Мінскія балоты» Ізі Харык, гарадскі паэт, расстраляны НКВД у 1937 г.
Калаж зроблены з фрагмента плана горада 1910/11 г. і тэксту з выдання 1911 г. «Весь Мінск» Яхімовіча
У першым глабальным даведніку па Мінску, выпушчаным у 1911 г., у спісе вуліц выразна адрознены вуліцы Падзамкавая і Падзамкавая-на-Балоце (Рамесніцкая). Галоўнай дамінантай кварталу, падобна, была Рамесніцкая школа (або Хэйдэр-шул з успамінаў на ідыш, або проста — Балотная сінагога, як заўважае Сяргей Шупа, які атаясаміў «тутэйшыя» габрэйскія урбанонімы з афіцыйна замацаванай тапанімікай). У часы Другой сусветнай вайны насельніцтва гэтых кварталаў напаткаў той жа жудасны лёс мінскіх габрэяў — яны трапілі ў Мінскае гетта.
Малюнак М. Уладычына. Падзамкавая вуліца. 1928 г.
На сёння, у выніку разбудовы Паркавай магістралі (праспекта Пераможцаў), траса прынямізскіх вуліц цалкам знішчаная... Ну і на заканчэнне — як тут не абысціся без «нямізскіх каркадылаў»: польскі «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego...» (Tom VII («Niemiha»). S. 89–90) распавядае, што ў 1885 г. недзе на гэтых забалочаных абшарах, што ўтвараюцца ад разліву Нямігі ўвесну, татарскія дзеці злавілі буйную яшчарку, падобную выцягнутай пысай і грэбенем на спіне на кракадзіла...
Сёння мы паспелі ахапіць толькі некалькі «балотных» лакацыяў з гісторыі Мінска. У наступны раз мы завітаем у «амазонскі сусвет» незнаёмай Камароўкі — той, якой паэты прысвячалі вершы, а мастакі — палотны.
Змітро Пілецкі, budzma.org