28 кастрычніка паэтычна-музычны дуэт у складзе Таццяны Матафонавай і Міхася Скоблы выступіў у мястэчку Ракаў Валожынскага раёна.
Выступ адбыўся ў мясцовай школе, дзе на вакацыях дзейнічае асеннік (па аналогіі са словам летнік) для вучняў малодшых і сярэдніх класаў. Выступ сталічных гасцей былі ўспрынятыя з характэрным для такога ўзросту энтузіязмам.
А як жа іначай? Дзякуючы паэту і спявачцы дзеці пабывалі ў звярынцы, дзе не толькі “воўк і мядзведь паварочваліся ледзь”, але і жырафа “пальму тузала за косы – пастрасала ўсе какосы”, а гарбаты вярблюд “любіў папіць гарбаткі”. Паслухаўшы казку “Як грыбы на вайну збіраліся”, вучні нібы пабывалі ў грыбным царстве, дзе ваяўнічага Мухамора перамог Спадар Вожык.
Выступае Міхась Скобла
З асаблівым імпэтам дзеці разгадвалі і вершаваныя загадкі, часам выкрыкваючы адгадку дружным хорам. Песенная частка таксама атрымала глядацкую падтрымку – маленькія ракаўцы падпявалі і “Мой родны кут”, і “Спадчыну”, вядомыя ім як творы Якуба Коласа і Янкі Купалы са школьнай чытанкі. А да песні Гервасія Вылівахі “Дробненькі дожджык” з “Ладдзі роспачы” адна з настаўніц зрабіла дадатак: аказваецца, аўтар аповесці Уладзімір Караткевіч любіў бываць у Ракаве і нават гуляў там на вяселлі – у свайго сябра, карэннага ракаўца літаратуразнаўцы Вячаслава Рагойшы!
Таццяна Матафонава
Такім чынам, у Ракаўскай СШ прайшлі своеасаблівыя “вакальныя вакацыі”, хоць “будзьмаўскім” творчым дэсантам, па словах педагогаў, там будуць рады і пасярод навучальнага года.
Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчы атрымалі памятныя падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.