Беларускія пісьменніцы і паэткі, як правіла, пішуць зусім не тое, што прынята называць жаночым чытвом. Не верыце? Пераканайцеся! Сойка палятала па паліцах кнігарняў і выдавецтваў і сабрала самыя цікавыя і адметныя ўзоры беларускай прозы і паэзіі, напісаныя жанчынамі. Чыталі нешта з падборкі? Падзяліцеся ўражаннямі ў каментарах!
Гэтая кніга настолькі трапіла ў сэрцы чытачоў, што вакол Евы Вежнавец утварыўся вялізны фан-клуб аматараў і аматарак ейнай творчасці. Кніга атрымала прэмію Гедройця і шмат водгукаў, часта процілеглых. Гэтую балотную казку чытаць няпроста, бо яна пра алкагалічку Рыну, якая вяртаецца на пахаванне сваёй бабкі, што памірала, пакуль Рына даглядала іншых старых у дамах для шчаслівай старасці ў Еўропе. На яе абрынаецца мінулае, з якім гераіні трэба даць рады, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць.
Надоечы выйшла другая частка кнігі, заснаванай на сюжэце японскай мангі пра дзяўчынку-троечніцу і хлопца-выдатніка, якія ў выніку збегу акалічнасцяў вымушаныя былі пэўны час жыць разам. У другой кнізе «Гарэзлівага пацалунку» падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці герояў.
ЧАС ПУСТАЗЕЛЛЯ. ГАННА ЯНКУТА
Гэтая кніга складаецца з рэальных і выдуманых гісторый, мімалётных уражанняў, захапленняў і ўспамінаў пра 2020 год. Аўтарка спрабуе ўхапіць дух бясчасся ў Варшаве і Мінску, Гародні і Кракаве, іншых гарадах і мястэчках. Кніга паказвае свет вачыма беларускі, якая апынулася ў вымушанай эміграцыі і спрабуе зразумець працэсы — відавочныя і ледзь улоўныя, — якія адбываюцца цяпер у свеце.
РАЙ-ЦЭНТР. ТАНЯ СКАРЫНКІНА
Непрыкметная на першы погляд Смаргонь у кнізе Тані Скарынкінай гаворыць унікальным Таніным голасам — і робіцца літаратурай. Аўтарка ўпісвае ў космас свой малы свет, яна і назіральніца, і ўдзельніца, і нястомная калекцыянерка штодзённага цуду. Дробнае ў кнізе робіцца важным, вялікае — смешным, смешнае — кранальным і нават трагічным.
У ПРЫСЦЕНКУ СТАРОГА ЛЕСУ. ГІСТОРЫІ ЛЮДЗЕЙ З БЕЛАВЕЖСКАЙ ПУШЧЫ. ГАННА КАНДРАЦЮК
Гэтая кніга сёлета атрымала прэмію Гедройця. Пад вокладкай выдання змешчаны 34 рэпартажы. Аўтарка хацела паказаць, што перад тым, як не было мяжы, якая падзяліла Белавежскую пушчу напалам, мы былі адным народам. Мы падобна марым, падобна апранаемся, маем аднолькавы кулінарны густ. Маем аднолькавыя адносіны да прыроды, да зямлі, а асабліва да лесу. Ён даваў энергію, пачуццё бяспекі. Гэта першая трансгранічная кніга, якая будзе цікавая па абодва бакі мяжы.
ТОЕ, ШТО СКАЗАЛАСЯ ВЕРШАМ. ГАННА СЕВЯРЫНЕЦ
Гэта першая кніга вершаў Ганны Севярынец, у якую ўвайшла паэзія апошніх гадоў. Вершы спадарыні Ганны тэрапеўтычныя, яны трапляюць у самае сэрца кожнага беларуса, па абодва бакі мяжы. Але наймацней яны падтрымліваюць акурат тых, хто застаецца на Радзіме і перажывае ўсё тое, што і сама Ганна Севярынец. Расповедны, амаль рэчытатыўны рытм яе вершаў, кранальныя вобразы, вера ў дабро і суцяшальны, нават пазітыўны настрой яе паэзіі дораць моц і цеплыню, якіх вельмі не стае.
ПОБАЧ. НАСТА КУДАСАВА
Адна з самых папулярных паэтак сучаснасці Наста Кудасава сабрала ў зборніку «Побач» усе свае самыя моцныя вершы і папрасіла праілюстраваць іх мастачку Святлану Дземідовіч. І выйшла вельмі прыгожая кніга, у якой ёсць вершы розных перыядаў — і больш асабістыя, і сацыяльныя. Нітуючы персанальнае і гістарычнае, моўнае і візуальнае, зборнік паказвае шматаблічны свет растрывожанага сучаснасцю чалавека: ад роспачы і зняверанасці да захаплення жыццём.
ПЕСНІ ДЛЯ МЁРТВЫХ І ЎВАСКРЭСЛЫХ. МОРТ
За гэтую кнігу аўтарка ў 2021 годзе атрымала прэмію Грыфіна «За паэтычнае майстэрства». А вокладка гэтай кнігі адметная тым, што створана з літар ручной работы Кацярыны Пікірэні, якія потым склалі аснову выставы «Вязьмо». Паводле Кацярыны, «вершы Морт гравітуюць вакол памяці і згубы, жаночай лініі і траўмы». Гэта міф пра тое, як гісторыя гвалту жыве ў асобным чалавеку. Паэтка спявае свае песні ў цемры рымскіх касцёлаў, у святле памяці, уяўлення, гісторыі і музыкі.
ВОЎЧЫЯ ЯГАДЫ. ЮЛЯ ЦІМАФЕЕВА
Кнігу «Воўчыя ягады» складаюць выбраныя вершы з трох папярэдніх зборнікаў Юлі Цімафеевай, а таксама напісаныя ў апошнія гады. Яна пачынаецца ў эміграцыі і сканчаецца там жа. Яна і пра пераезд з вёскі ў горад, і пра выгнанне з Радзімы, і пра мову, якая адначасова робіцца насланнём і ратаваннем, і пра ягады даўніх і даўкіх успамінаў, якія нас вабяць, труцяць і лечаць.
СОНЦА. ЯЎГЕНІЯ ПФЛЯЎМБАЎМ
Гэтая кніга выйшла ў 2023 годзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм», а яе аўтарка была актыўнай удзельніцай літаратурнага руху сярэдзіны 1920-х гадоў. Потым яна выйшла замуж за Максіма Лужаніна і больш за паўстагоддзя не друкавалася, але старанна пісала «ў стол», давяраючы паперы ўсё самае патаемнае. І спаліла б свае вершы, каб не перашкодзіў шчаслівы выпадак. У зборнік увайшлі вершы 1920-30-х гадоў, якія аўтарка не ўключала ў пазнейшыя зборнікі, і творы, напісаныя ў канцы жыцця, што засталіся ў рукапісах.
ДА НОВАГА ЗАЎТРА. ЗІНАІДА БАНДАРЫНА
Дзякуючы выдавецтву «Пфляўмбаўм» пабачыла свет кніга паэткі савецкага часу Зінаіды Бандарынай — і ў чытачоў з’явілася магчымасць адкрыць для сябе новае імя ў беларускай паэзіі. Выданне ўключае як тэксты апублікаваных зборнікаў, так і вершы, якія нідзе не друкаваліся. Укладальніца кнігі Аксана Данільчык рупліва сабрала, сістэматызавала архіўныя матэрыялы, напісала прадмову і каментары, што дапамагае зразумець жыццё і творчы лёс Зінаіды Бандарынай — нястомнай шукальніцы праўды.
МНАГАВОКАЕ НЕБА. НАТАЛЛЯ ВІШНЕЎСКАЯ
Наталля Вішнеўская была вучаніцай Якуба Коласа і жонкай паэтаў Алеся Дудара, Алеся Звонака і Янкі Бобрыка. Пры жыцці яе вершы былі надрукаваныя ў кнізе жаночай паэзіі разам з паэткамі Зінаідай Бандарынай і Яўгеніяй Пфляўмбаўм (1926). А ў кнігу «Мнагавокае неба», укладзеную Віктарам Жыбулем, увайшлі ўсе вядомыя яе тэксты, большую частку з якіх складаюць яе лісты да Сяргея Грахоўскага. З іх можна даведацца падрабязней пра яе жыццё і і лёс усяго пакалення, якое падпала пад бязлітасныя сталінскія рэпрэсіі.
НА ПРЫЗБЕ Ў СІЛІЧАХ. МАРЫЯ ВАЙЦЯШОНАК
Гэта кніга аўтаркі, якая пачала страчваць зрок. Пісаць ёй усё цяжэй, таму абставіны і імкненне да творчасці змушаюць яе шукаць новыя магчымасці ўдзелу ў літаратурным працэсе — так з’явіўся блог-дыялог «На прызбе ў Сілічах» сумесна з Аксанай Ёркінай. Марыя нагаворвала па тэлефоне пра сваё стаўленне да тых ці іншых падзей уласнага і грамадскага жыцця, задаючы тэму размовы альбо адказваючы на пытанні каляжанкі.