Агенцтва з беларускімі каранямі Navakolle, якое займаецца вэб-распрацоўкай і рэкламай, абвясціла конкурс для беларускіх праектаў, што хацелі б задарма атрымаць уласны сайт. Мы пагутарылі з заснавальнікам кампаніі, які называе сябе Мікола Аэру, пра гэтую ініцыятыву і пра яго ўласны шлях да беларушчыны.

Мікола Аэру
Мой шлях пачаўся ў 2017 годзе, калі я пабачыў акцыі «дармаедскіх» пратэстаў у Беларусі. Тады мне было 21–22 гады. Той досвед дазволіў зразумець, у які бок гэта ўсё ідзе. Мне не падабалася, што я буду вымушаны працаваць, як раб. Я стаў цікавіцца, што гэта за людзі, чаму яны робяць акцыі. Да таго ж, у мяне былі сумневы наконт маёй дзяржавы, улады. Гэта мяне падштурхнула да таго, каб зразумець, што адбываецца ў маёй роднай краіне: чаму мала хто размаўляе па-беларуску, чаму забіваюць нашу родную культуру. Гэта быў першы крок: я зацікавіўся, але не меў знаёмых, каб паглыбіцца ў беларушчыну.
Потым наступіў 2020 год. Тады я ўжо вырашыў для сябе, хто я: што я беларус і што я не адзін. Гэта мяне падштурхнула да шматлікіх знаёмстваў з беларусамі, якія мяне натхнялі, шмат чаго распавядалі, у т. л. тады, калі я сядзеў у ІЧУ. Са мной разам у камеры быў гісторык, які раптам пачаў размаўляць па-беларуску. Для мяне тады гэта была рэдкасць. Калі я яго пачуў, аказалася, што даволі добра разумею. Ён шмат распавядаў пра тую гісторыю Беларусі, якую я раней не ведаў. І гэта ўсё адбывалася ў ІЧУ, дзе за намі назіралі супрацоўнікі. Ім гэта не падабалася. Штодня яны нас выводзілі і білі ля сцен за тое, што мы размаўляем па-беларуску.
Трэці этап, які паўплываў на маю беларускасць — калі я быў вымушаны ўцякаць ва Украіну ў сярэдзіне 2021 года і пабачыў там, як людзі часта размаўляюць на сваёй роднай мове. Там ужо я пачаў размаўляць па-беларуску з украінцамі, якія адказвалі мне па-ўкраінску. Мы адно аднаго разумелі. Яны думалі, што я гутару па-ўкраінску, але з нейкім дзіўным акцэнтам. З таго часу, прыкладна з дваццаці пяці гадоў, я большасць часу размаўляю па-беларуску. Гэта было яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны.
Я паехаў ва Украіну амаль без рэчаў. Паспеў сабраць толькі два заплечнікі і ўзяць свае апошнія грошы. На жаль, я не мог там заставацца доўга праз міграцыйныя патрабаванні. Незадоўга да пачатку вайны паляцеў у Сакартвэла (Грузію — рэд.). Тады яшчэ з Кіева да Батумі былі недарагія самалёты, каля 100 даляраў за білет. Калі я ляцеў, памежнікі яшчэ пасмяяліся, што чарговы беларускі ІТ-шнік уцякае з Беларусі праз Украіну.
Я паехаў у Сакартвэла фактычна на візаран (абнуленне тэрміну знаходжання ў краіне — рэд.) і планаваў яшчэ вярнуцца ва Украіну, але праз паўтара месяца пачалася поўнамаштабная вайна. Для мяне гэта быў шок, хаця я бачыў, як рыхтаваліся да той вайны ва Украіне: як ездзіла ваенная тэхніка, хадзілі жаўнеры па Кіеве. Але я не думаў, што да вайны дойдзе так хутка.
Я апынуўся ў Батумі амаль без грошай. На апошнія зняў кватэру. Пачаў шукаць працу. Аказалася, што ў Батумі вельмі шмат беларусаў. Асабліва масавай міграцыя стала пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. І, на дзіва, збольшага беларусы, якіх я сустрэў у Сакартвэла, размаўляюць па-беларуску. Для мяне гэта стала матыватарам, каб далей падтрымліваць беларускую мову, беларускую культуру і паглыбляцца ў яе. Калі не ў роднай краіне — хаця б у Батумі, у Сакартвэла.
Мікола Аэру
У 2022 годзе я вырашыў стварыць ІТ-кампанію Navakolle з беларускім ухілам. Зарэгістраваў ІП у Сакартвэла, зрабіў сайт з беларускай версіяй. Стаў піярыць кампанію як беларускую агенцыю. У першую чаргу займаемся вэб-распрацоўкай (стварэнне, суправаджэнне, прасоўванне сайтаў). Я арыентаваўся ў асноўным на рынак Еўрасаюзу, але стварыў прапанову і для беларусаў, са сталымі зніжкамі. Першыя замовы прыйшлі акурат ад беларусаў. Шмат замоўцаў таксама з ЗША, Польшчы, Балгарыі.
Navakolle прапануе задарма сайты для некамерцыйных грамадска-карысных беларускіх ініцыятыў. То-бок, каб гэта карысць была ад беларусаў беларусам. Можам разгледзець і беларускія праекты, арыентаваныя не толькі на беларускую аўдыторыю. Можа быць, валанцёрскія праекты, нейкія школкі, прапанова дапамогі. Ужо маем тры замовы і плануем узяць у распрацоўку яшчэ каля трох (на год). Дэдлайнаў па заяўках пакуль не выстаўлялі.
Плануем стварыць сайт-візітоўку: распавесці пра ідэю і раскрыць яе на дадатковых старонках. Адпаведна, гэта распаўсюдзіць па сацсетках. Асобны сайт дае давер і магчымасць дзейнічаць незалежна ад іншых платформ. На сваім сайце ты можаш рабіць тое, што хочаш. Калі ініцыятыва захоча ў далейшым сама кіраваць сайтам, мы распрацуем інструкцыі, як гэта рабіць.
Падаць заяўку можна праз наш афіцыйны e-mail info@navakolle.com, праз форму зваротнай сувязі на сайце, альбо праз нашы сацсеткі. Пажадана адразу апісаць сваю ідэю, ініцыятыву. Можа быць, яна ўжо дзейнічае, а сайта няма.

Хацелася б, каб беларусы, незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца, дапамагалі адно аднаму, не забываліся на сваю культуру, родную мову. Наша ініцыятыва накіраваная і на тое, каб беларусы не забываліся адно на аднаго.
Хочацца паказаць, што беларусы ўсё яшчэ здольныя нешта рабіць разам. Мяне натхняе, што я магу дапамагаць беларусам, прасоўваць беларускасць. Не расіянам, не палякам, а сваім родным беларусам.
Беларусы часта сварацца ў інтэрнэце. Але што ж рабіць, іншых беларусаў у нас няма. У Беларусі ўсё беларускае знішчаецца. То варта захаваць хаця б нешта ў замежжы, каб потым вярнуцца ў Беларусь з досведам.
Алеся Лях, budzma.org
Фота з асабістага архіву героя