Чаму Вітаўту далі прытулак крыжакі? Хто з князёў раней супрацоўнічаў з Ордэнам? Па якія саступкі на карысць Вітаўта ордэнскі хохмайстар звяртаўся да Ягайлы? Як распачаўся вайсковы паход на ВКЛ? Ці была працяглай вайна Вітаўта супраць Ягайлы ? На гэтыя пытанні адказвае гісторык Алесь Краўцэвіч.
Уцёкшы з палону Ягайлы, Вітаўт скіраваўся ў Ордэн — у логава зацятага ворага яго краіны. Гэта было лагічнае рашэнне з пункту гледжання палітыкі, але яго неадназначна ўспрынялі ў Літве. Бо раней на тэрыторыю Ордэнскай дзяржавы перабягалі адно здраднікі. Тым не менш, Вітаўт не быў першым Гедымінавічам, які хаўрусаваўся з Тэўтонскім ордэнам. Пачатак паклалі яго стрыечныя браты Ягайла і Скіргайла Альгердавічы, якія спачатку таемна, а потым адкрыта супрацоўнічалі з крыжакамі супраць Кейстута.
Сігналам пра зацікаўленне ордэнскага кіраўніцтва ў Вітаўце быў ліст хохмайстра да Ягайлы ў канцы 1382 г. з просьбай вярнуць Кейстутавічу хоць бы частку бацькоўскіх уладанняў. Калі ж Ягайла, які раней ішоў на істотныя саступкі крыжакам, у рэзкай адмовіў форме і сарваў перамовы з хохмайстрам у ліпені 1383 г., Ордэн ужо афіцыйна падтрымаў Вітаўта і пачаў актыўна выкарыстоўваць яго ў вайне супраць Літвы.
30 ліпеня Ордэн абвясціў Ягайлу вайну, а ў пачатку верасня правёў першы паход на Літву з удзелам Вітаўта. Паводле крыжацкай хронікі пры Вітаўце было тры тысячы жамойтаў (не лічыўшы ягоных баяраў). 11 верасня саюзнікі прыступілі да аблогі сталіцы Кейстута Трокаў, што сведчыць пра рэальныя намеры вярнуць князю сталіцу ягонага бацькі. Ягайлава залога мужна абаранялася, але замак быў узяты ўжо на наступны дзень (магчыма, дзякуючы дапамозе мясцовых людзей, верных сыну Кейстута). Хохмайстар абвясціў пра перадачу Трокаў Вітаўту, у замку была пакінутая крыжацкая залога — 60 чалавек на чале з двума ордэнскімі рыцарамі. Потым войскі скіраваліся да сталіцы Літвы Вільні. Пра маштаб паходу сведчыць, што авангардам крыжацкага войска, спешна высланага на Вільню камандавалі вышэйшыя ордэнскія чыны — комтуры з Эльблёнга (Эльбінг па-нямецку), Балгі, Брандэнбурга і Хрыстбурга.
Было спаленае прадмесце — г.зв. Рускі горад і спустошаная ваколіца, але замкі аказаліся добра ўмацаванымі і падрыхтаванымі да абароны. Таму праз 11 дзён ваенныя дзеянні спынілі і павярнулі ў Прусы. Выправа на Вільню пасля заняцця Трокаў была лагічным працягам ваеннай кампаніі, бо пакуль там панаваў Ягайла, утрымаць Трокі было малаверагодным.
Так яно і вышла. Адразу пасля адыходу ворага Ягайла і Скіргайла прыступілі да аблогі Трокаў, залога якіх, не маючы надзеі на дапамогу з Прусаў, здалася ў пачатку лістапада. Ягайла трыумфаваў.
Нягледзячы на агульную няўдачу першай вялікай выправы, кіраўніцтва Тэўтонскага ордэна працягнула падтрымку Вітаўта. 21 кастрычніка 1383 г. Вітаўт быў ахрышчаны ў каталіцтва пад імем Віганда і атрымаў у кіраванне замак Марыенбург у вусці Дубісы.
Урэшце ў пачатку 1384 г. адбылося фармальнае ўрэгуляванне саюзных адносінаў Ордэна з Вітаўтам. 1 студзеня хохмайстар выставіў князю дакумент у якім абяцаў князю збройную дапамогу ў вяртанні бацькаўшчыны. бацькаўшчыну. Натуральна, ад Вітаўта за гэта патрабавалася не абы якая плата. 30 студзеня князь падпісаў у Кёнігзбергу афіцыйны дакумент, у якім дзякаваў Ордэну за падтрымку і хрышчэнне ў каталіцтва і абяцаў пасля вяртання бацькоўскіх уладанняў прыняць іх ад Ордэна як лен (стаць ордэнскім васала).
Пасля ж смерці Вітаўта і ягоных дзяцей тыя ўладанні меліся цалкам перайсці да Ордэна. У якасці, так бы мовіць авансу Вітаўт перадаваў крыжакам землі: Ковенскую зямлю да Румшышак і Жамойць з мяжой па Невяжы.
Сітуацыя бакоў цалкам зразумелая, Вітаўт не меў выбару, а крыжакі парупіліся атрымаць юрыдычна поўнамоцны і прызнаны ў Еўропе акт на валоданне новымі землямі. Наўрад ці яны насамрэч спадзяваліся атрымаць іх ад Вітаўта, але гэта быў разлік на будучыню. Ордэн заўсёды дбаў пра юрыдычнае афармленне сваіх тэрытарыяльных набыткаў і пры неабходнасці мог прадставіць перад еўрапейскімі манархамі і імператарам адпаведныя дакументы. Вайна Вітаўта ў саюзе з Ордэнам супраць Ягайлы трывала далей, але нядоўга.