Бацька, жонка Ганна, Міхал Анемпадыстаў, Аляксандр Кулінковіч... а цяпер Алесь Пушкін. Лявон Вольскі піша пра свой асабісты спіс ахвяраў сістэмы. Пранізліва-балючыя ўспаміны і праменьчык надзеі ў канцы...
Карціна Алеся Пушкіна
Яны забілі яго. Яны забівалі шмат разоў да гэтага і зьбіраюцца забіваць далей. Яны не пачуваюцца вінаватымі — у іх свой асаблівы кодэкс. Паводле яго, калі ты да іх патрапіў — ты паўчалавек. Рыхтык, як габрэй у гітлераўцаў. Ты можаш быць у звычайным жыцьці здольным чалавекам, ці таленавітым, ці геніем. Калі ты патрапіў да іх — ты ніхто. Ну, як ніхто? Паўчалавек. Без правоў, без пачуцьцяў, бяз мовы. Да цябе ня можа быць літасьці. Так сказаў вярхоўны забойца. А ягоныя словы — закон.
Алесь быў творцам
Карціна Алеся Пушкіна
Чалавекам, для якога мастацтва было жыцьцём. Ня проста будзённай працай для спрактыкаванага малявальшчыка, не. Менавіта жыцьцём. Ён плаваў у гэтым мастацтве як рыба ў вадзе — фрэскі, партрэты, замалёўкі, акцыянізм... Мора задумаў, праектаў, ідзе такі па жыцьці — крыху нязграбны, але прывабны, высачэзны, шчыры да ачмурэньня, натуральны, як валошка ў жыце, усьмешлівы й станоўчы.
Вось ён у сваёй колішняй майстэрні ў Віцебску — прымае гасьцей. Госьцікі начаставаныя — напоямі, закускамі й мастацтвам. І шчырымі размовамі ды спрэчкамі.
Вось ён у сваім Бабры. Зноўку гасьцінны, ветлы. Запрашае ў хату. Потым усе сядзяць каля вогнішча, сьпяваюць песьні.
Вось ён малюе выдатную вокладку да альбому «Я нарадзіўся тут».
Вось ён...
Вось ён...
Яго няма.
Яны забілі яго.
Асабісты сьпіс тых блізкіх людзей, каго яны забілі
Яны забівалі шмат разоў да гэтага і зьбіраюцца забіваць далей.
Яны забілі майго бацьку. Ён муляў ім вочы — сапраўдны вэтэран вайны, ідзе ў першых шэрагах калёны Беларускага Народнага Фронту. Яго падпільнавалі ў цёмным закутку маленькія шакалы (курсанты мвд ці кгб) і зьбілі на мокры яблык. Пасьля гэтага здарэньня бацька ўжо ня здолеў прыйсьці ў сябе. І хутка згарэў.
Потым яны забілі Ганну. Яна была прадусаркай і легкадумна верыла, што ў Беларусі можна спрадусаваць пасьпяховы незалежны праект. Напрыклад, «Крамбамбулю». І напачатку ўсё йшло някепска, але неўзабаве зьбегліся праўладныя шакалы ды гіены, усё забаранілі, абламалі, папаскудзілі. І халера на іх, але Ганна ўсё брала блізка да сэрца. Пераймалася. Ня выцягнула.
Потым яны забілі Міхала. Як цяжка было эстэту, мастаку, дызайнэру й менскаму краязнаўцу назіраць за пабудовай гэтага «новага» Мінска! З дамамі чыжа і кемпіньскімі, з новымі няўцямнымі вакзаламі й Нямігамі. З усімі гэтымі навабудамі ў цэнтры... З гэтымі дзікімі бігбордамі і сацыяльнай рэклямай «Вы отстояли, мы защитим». Ну, і з «Народным альбомам» у вечным чорным сьпісе. Ня вытрымаў.
Потым яны забілі Сашу. Сашу так карцела граць, сьпяваць, пісаць новыя і новыя песьні, а яны яго забаранілі. У 2004-м. З таго часу Саша, які і без таго жыў напятым нэрвам, ахінуўся роспаччу. І ўжо ня выйшаў зь яе. Яны забілі яго.
Гэта толькі мой (далёка ня поўны) асабісты сьпіс тых блізкіх людзей, каго яны забілі.
Калі міне ўлада паўчалавекаў...
Карціна Алеся Пушкіна
А цяпер яны забілі Алеся. Мэтанакіравана. Спрактыкавана. Ён патрапіў да іх у іхны канцлягер, а там, апроч афіцэраў і прапаршчыкаў, няма людзей. Афіцэры з прапаршчыкамі ды іншая навалач у пагонах — гэта сапраўдныя людзі. Яны моцныя. Яны маюць уладу. Неабмежаваную ўладу над вязьнямі. Над паўчалавекамі. І цана паўчалавечага жыцьця — нічога. Нуль.
Калісьці давядзецца зразумець, што паўчалавекі насамрэч — гэтыя афіцэры і прапаршчыкі і тыя, хто аддае ім загады.
І калі міне ўлада паўчалавекаў, мы ня будзем пераймяноўваць некаторыя праспэкты і плошчы. Навошта? Вельмі ж добра гучыць: «праспэкт Алеся Пушкіна». І станцыя мэтро «Пушкінская».
Алесева.
Лявон Вольскі, budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыкі» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі