Цяжка быць віртуозным – найвіртуознейшым у сваёй краіне і мове – паэтам. Найлепшым версіфікатарам ва ўсёй беларускай літаратуры. Які да таго ж піша як дыхае, выдаючы (выдыхаючы!) кіламетры таленавітых радкоў і твораў. Нехта абавязкова ўбачыць у гэтым механістычнасць – і ўсумніцца ў шчырасці аўтара.
Рыгор Барадулін умеў у беларускай паэзіі ўсё. Нават у дзіцячых вершах – найскладанейшае, што можа быць, камень спатыкання для большасці нашых літаратараў – адчувалася: у паэта ўсё ў парадку з натхненнем. Некалі аўтару гэтых радкоў было даручана пачытаць трохі дзіцячых вершыкаў маленькай дачцэ перад сном. Я ўзброіўся анталогіяй Алега Мінкіна “Побач з намі на зямлі” (першы том, той, які пра жывёлінаў). Праз нейкі час жонка ўстурбавана зайшла ў пакой, бо сном там і не пахла, хутчэй наадварот – сцены трэсліся ад радаснага дзіцячага рогату. І было ад чаго, бо чыталася такое:
Пераходзіць бусел брод.
Дзюба ўгору ўзведзена.
Гэта едзе бутэрброд
З жабкамі ўсярэдзіне…
Лішне казаць, што дзіцячы вершык, якому пазайздросціў бы і Данііл Хармс, належаў Барадуліну.
Паэт лёгка пераходзіў жанравыя межы, але ніколі не губляў сваёй пазнавальнай паэтыкі. З усімі плюсамі ды мінусамі гэтай справы. Пераклады Барадуліна вельмі часта нагадвалі ягоныя ўласныя вершы. Прычым, скажам так, Ганад Чарказян нагадваў мацней, чым лорд Байран. Таму й паэзія Чарказяна выглядала ў гэтых перакладах мацнейшай за байранаўскую. Хоць ва ўніверсітэцкі курс замежнай літаратуры ўключай. Замест Байрана.
У сваю чаргу, уласныя барадулінскія вершы часцяком – і чым далей, тым болей – здаваліся вольнымі перакладамі: біблійных кніг, надзённых прамоваў Зянона Пазняка, застольных жартаў Уладзіміра Караткевіча, замежных лістоў Васіля Быкава, песень і словаў мамы Акуліны Андрэеўны ці ўвогуле ўсяго вушацкага фальклору на мову трохі падпсаванай горадам сучаснай цывілізацыі.
З нейкага моманту ў нязменна віртуозных вершах Барадуліна з’явілася серыйнасць. Ці нават так: шматсерыйнасць. З пэўнага часу Народны паэт Беларусі мысліў не столькі асобнымі вобразамі, радкамі й вершамі, колькі вялікімі паэтычнымі нізкамі ды цэлымі кніжнымі праектамі. Засвойваючы пры гэтым высокія й нізкія паверхі нашай культуры. З аднолькавай лёгкасцю выдаючы рэлігійныя “Ксты” – і правакацыйныя “Здубавецце” й “Дуліну ад Барадуліна”. Расчульваючы вернікаў і выклікаючы раскаты рогату – эсэ “Як беларусы сэксам займаюцца”. І ніякай супярэчнасці ў гэтым не было. Паэт працаваў – часам паралельна, але нязменна прафесійна – над рознымі праектамі.
Але часам як бы “спатыкаўся”. Парушаў агульную логіку. Як бы нейкім асобным вершам пярэчыў усяму цэламу, да якога гэты верш мусіў бы належаць. Вось тады й выходзіла па-сапраўднаму шчыра. Не проста высокапрафесійна, але ашаламляльна. Як у нізцы “Псалмы Давідавы”, дзе паэт дазваляе сабе не пагадзіцца з Пісаннем, аспрэчваючы такі эпіграф: “Дабрашчасны, хто возьме і заб’е немаўлятак тваіх аб камень!” (Псалом 136:10)
Хай сабе ён і ворагаў –
Чэрап дзіцячы,
Ён – маленькае неба,
Дзе небасхіл няпэўны
Трымаецца на радасным плачы,
Чэрап будучага пастуха
Ці царэўны.
Хай жа камень праклёну
Мяккай падушкай стане
З летуценнага пер’я
Залётнае аблачыны.
Хай аб наканаванні
Дзіця папярэдзяць здані,
Хай здымуць камень з сэрца
У змрочнай прычыны!
Адзін з самых шматсерыйных барадулінскіх праектаў – вершаваныя лісты да Васіля Быкава. Спачатку былі “Лісты ў Хельсінкі” (і серыя быкаўскіх малюнкаў, што – як адказ на барадулінскія вершы – таксама ўвайшла ў кніжку). Потым кніга “Калі рукаюцца душы”. Падазроная, як на мяне, назва. Не хацелася б уяўляць сабе душы з рукамі, нагамі ды іншымі часткамі цела. (Мабыць, штось такое адчуў і польскі перакладчык кнігі, калі змяніў назву на нейтральнае “Gdy witają się dusze…”) У кнігу ўвайшлі прыпавесці Быкава й тры нізкі барадулінскіх вершаваных пасланняў: у Нямеччыну з Мінска, у Нямеччыну з Вушачаў, а таксама ў Прагу (адпаведна апошнім месцам жыхарства нашага пісьменніка-эмігранта). Хачу звярнуць увагу чытачоў на адзін геніяльны “збой” у гэтай эпісталярнай серыйнасці.
З часоў рымскага паэта Гарацыя (і, мабыць, яшчэ ранейшых) паэты ахвотна параўноўвалі сябе з лебедзем і стваралі свае “лебядзіныя песні” – асабліва калі падводзілі вынік жыццю й творчасці. Рыгор Барадулін выбраў нашмат больш сціплы ды самаіранічны вобраз “вушацкага вераб’я”. Вобраз настолькі трапны і ўдалы, ажно захацелася ўкласці кніжку выбраных вершаў паэта – і даць ёй такую назву. Вядома ж, сяго-таго гэта абразіла б, бо Барадулін – “нашае ўсё”, бо пра яго – або вельмі-вельмі ўзнёсла і пафасна, або ніяк. Але варта лепей прыгледзецца да верша – настолькі пранізліва-шчырага, што аўтар адразу як бы выходзіць з палону ўласнай віртуознасці. Вядома ж, тут ёсць знаёмы ўсім Барадулін-моватворца (“Праг кожны выбраць, што душы любей…”) і Барадулін-метафарыст (“Ды рыбіна прагнення трапяткая…”). Страфу з дзеясловамі на “ад-” можна смела выбіваць на сцяне любога інстытута мовазнаўства, але ж сам верш зусім не пра гэта.
Такія вершы проста мусяць спакушаць укладальнікаў анталогій ды кніжак выбраных барадулінскіх твораў. Твораў без усякіх (з любым знакам свайго часу) ідэалагічных “абгортак”. Так, каб за патрыятычна-рэлігійнымі заклёнамі, гукапіснымі каскадамі лілеяў у млявых плёсах і метафарычнымі артабстрэламі чытачоў не гублялася гранічна шчырая і пранізліва-дзіцячая барадулінская паэзія. Паэзія, магчыма, найлепшага беларускага лірыка. Магчыма, за ўсю гісторыю існавання беларускай мовы.
Аўтар гэтых словаў таксама паддаўся такой спакусе. І падрыхтаваў кніжку барадулінскага выбранага – “Перавыбранага” – у серыі “Паэты планеты” (дзе наш паэт – першы беларускі аўтар сярод сусветных класікаў). Ці трэба дадаваць, што пачынаецца гэты зборнік вершам “Вушацкі верабей…”?
Ліст пяцьдзясят дзявяты
(зь нізкі “Лісты ў Нямеччыну зь Менску”)
Вушацкі верабей каля вазоў
Шукае, дзе смачней пачаставацца.
Базар сваіх ня чуе галасоў.
Мястэчку цяжка ціхім заставацца.
Лёд да пяску працёрлі палазы,
І дыхаюць у торбу з кормам коні.
Прыйшоўшы зь лесу,
Грэюць маразы
Ля кажухоў пакрэплыя далоні.
Куды сплылі хмурыстыя вазы,
Дзе на праталінах склыгочуць сані?
Заплакаў вечар,
І на дне сьлязы
Сабе самім здавацца хочуць здані.
Базар жыцьця адгуў, адгаманіў,
Адшчодрыўся, адпіўся, адскупіўся,
Адганіў, адзайздросьціў, адманіў,
Адхарахорыўся, адчапурыўся.
Праг кожны выбраць, што душы любей,
Ды рыбіна прагненьня трапяткая.
Мой сум,
Як той вушацкі верабей,
Ля ўспомненых вазоў зярнят шукае…
22 чэрвеня 2002
Андрэй Хадановіч