Андрэй Мельнікаў: Рыгор Барадулін – паэт пра ўсё

Калі з Петрусём Броўкам сярод знаўцаў белліту больш за іншыя асацыюецца коласаўскі вершык “Пятрусь Броўка піша лоўка…”, то імя Рыгора Барадуліна выклікае не менш красамоўную паэтычную асацыяцыю: “Няма тых дзірак і адтулін, з якіх не лез бы Барадулін…”

І яна справядлівая. Цяжка з ходу знайсці тэму (не бяру тыя, якія ўзніклі ў апошнія гады, ужо пасля барадулінскай смерці, напрыклад, пра крыптавалюту), якой пры сваім зямным жыцці Рыгор Іванавіч не закранаў у сваёй паэзіі.

 

Да вайны

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся, паводле ўласных словаў, 24 лютага 1935 года на хутары Верасовачка Сарочынскага сельсавета. Ад Вушачаў пешкам туды і адтуль з бацькам хадзілі. Бацька, Іван Васілевіч, цяслярыў у райкамунгасе. Для маці, Акуліна Андрэеўны, шлюб з Іванам Барадуліным быў другім.

Па словах Рыгора Іванавіча, яго продкі звязаныя з Латгаліяй, адыходзілі туды на заробкі. Паэт сцвярджаў, што этнічным латышом быў яго дзед па матчынай лініі Андрэй.

У 1939-м сям’і давялося перасяліцца ў Вушачы.

У тыя гады ў Рыгора нарадзіўся брат. Перад самай вайной памёр. Барадулін чамусь пра брата не казаў нікому. Увогуле, яго стаўленне да малых дзяцей вызначалася пэўнай адчужанасцю, пакуль яны былі ясельнага ўзросту – трымаўся ад іх на адлегласці, прынамсі. З напісанага ім мноства калыханак яго жонка не спявала анічога, хоць і называла мужа самым вялікім беларускім паэтам за ўсе часы. Ёсць тут таямніца, якую мы, на жаль, ці на шчасце, раскрыць не можам. Прынамсі, у гэтым тэксце.

Не варта маўчаць і пра распаўсюджаную сярод землякоў Рыгора Іванавіча легенду, што быў ён насамрэч усыноўлены немаўляткам прыёмнымі бацькамі. Мы не можам тое ні пацвердзіць, ні абвергнуць.

Ад родавага хутара на сярэдзіну 60-х гадоў ХХ стагоддзя засталася толькі выкапаная і ўладкаваная бацькам Рыгора Іванам студня.

З даваенных успамінаў Барадуліна – як еў кашу, а нейкая цётка папрасіла даць пакаштаваць. Заплакаў, не даў – і атрымаў ад маці розгай за скупасць.

Скупым з жанчынамі Рыгор больш не быў.

Другі даваенны ўспамін: палюючы на балотцы на апалонікаў, Рыгор шухнуў з галавой у нейкую яміну, ужо з-пад вады пачуў сябраў голас: “Грыша ўтапіўся!”. Сябры тады ўратавалі.

І стаўшы дарослым, Рыгор моцна цаніў сяброўства. Яго сяброўскае кола для народнага паэта было невялікім – але тое былі даверлівыя, трывалыя стасункі.

Стрыглі малога Рыгорку толькі ў сне. У некалькі заходаў, бо першае ж адхопванне нажніцамі кавалку чупрыны яго будзіла і раздражняла. Бывала, стрыжка расцягвалася й на тыдзень.

Імаверна, як і ў індзейцаў Амерыкі ці старазапаветных назарэяў і іх “супермегазоркі” Самсона, праз валасы ў Барадуліна-дзіцяці адбывалася энергетычна-інфармацыйная сувязь з Сусветам – надта рэдкая асаблівасць у нашых мясцінах. Хто ведае, можа, і яна, а не толькі безліч матчыных песенек, показак ды іншага фальклору, які даходзіў да сына праз яе, паспрыяла таму, што стаў Рыгор плённым паэтам.

“Рыгор Івановіч, паповіч” – так звалі перапісчыка 1519 года, дзякуючы якому мы знаёмыя з Супрасльскім летапісам першай паловы ХV стагоддзя.

Рыгор Іванавіч – так па жыцці звярталіся да Барадуліна і называлі яго за вочы і тыя, хто лічыў, што называць беларуса імем з імем па бацьку – традыцыя чужая. Бацька паэта – занадта значная для яго асоба, каб пра яго забыць. Гэтак жа, як у далейшым з падачы Барадуліна імем і імем па бацьку пачнуць зваць Уладзіміра Някляева і Анатоля Сыса: і для тых бацька быў чалавекам, які фармаваў іх асобу.

Што памятаў Рыгор пра бацьку? Бацька яго аніколі не біў – дастаткова было слова. Распярэзваць бацьку была радасць: раптам трапляўся пры тым абаранак ці кавалачак цукру. Разам з бацькам саджалі вяз – памерам з самога Рыгорку. Разам з бацькам хадзілі з хутара ў Вушачы і па іх…

 

У вайну

У вайну Іван Барадулін ваяваў у партызанскім атрадзе Мельнікава і згінуў падчас блакады – карнай нямецкай аперацыі супраць партызанаў.

Калі камандзір партызанскай брыгады і райкамаўскі сакратар Уладзімір Лабанок, будучы партыйны дзеяч БССР, упадабаў хату Барадуліных, Рыгору з маці і бабуляй Маланняй Несцераўнай давялося перабрацца да мнагадзетных суседзяў. Маці пачала шыць для партызанаў маскхалаты, а для Лабанка – бялізну з парашутнага шоўку…

У вайну малым Рыгорам, па яго словах, была здзейсненая ненаўмысная “касметычная аперацыя” над самім сабой, якая магла прывесці да трагедыі, а прынесла, як паказала далейшае жыццё, збольшага пазітыўныя вынікі. Хоць справа тут не толькі ў той “аперацыі”:

“У калоду загнаў баявы патрон. Тут жа цвік. Цвік нагнуў галоўкай над капсулем… нахінуўся і вострым кончыкам сякеры ўдарыў. І як бы аса ўпілася ў мой да гэтага роўны, ледзьве не кірпаты нос. Нос распух. Маме сказаў, што выцяўся аб бугаркаваты лёд. Бо калі скардзіўся, атрымліваў зверху, каб не лез абы-куды”.

 

З мамай пасля вайны

“Гады праз два па вайне, калі нос пачаў загнойвацца, прызнаўся ўсё ж маме. Атрымаўшы рамяня, быў неяк адвезены ў Полацк у вайсковы шпіталь (гэта каля Сафійкі), дзе і дасталі з майго ўсюдысуйнага носа саржавелы ўжо вайстрачок. Маміна смуглата, маміны цёмныя вочы (бацька быў сінявокі, русявы) і самім мною пагорблены нос дазвалялі мне і на Каўказе і на Усходзе сыходзіць за свайго”.

Дадамо: сярод “абранага народа” таксама.

Ад маці і бабулі Маланні засвойваў Рыгор беларускую народную мову, паазерскі фальклор (“песні, казкі, прыбабунькі”). Народная мова стала для яго святыняй яшчэ ў дзяцінстве. І ў сваёй “нізкай” лексіцы таксама, быць можа ў страту іншым святыням:

“У мове нашай хапае і цнатлівага і скаромнага.

Вушацкія не дужа падкія на эўфемізмы, любяць называць усё сваімі імёнамі.

Гэта паганская традыцыя, у якой чысціня бачання свету”.

Такое вось уяўленне пра чысціню бачання свету паганцамі і іх моўную веліч. Гэта як маці, якая захапляецца і апраўдвае любыя праявы адзінага дзіцёначка – і добрыя, і мярзотныя: ён жа апрыёры “чысты”…

Вобразнасці і музыцы мовы Барадуліным была аддадзеная перавага над вартасцю зместу, іначай кажучы, першасная ўвага ў яго – яе жаноцкім якасцям. І як Барадулін любіў жанчын і канкрэтна маці – так любіў мову менавіта ў яе жаночай праяве.

 

Барадулін і школа

У школьныя гады Рыгор жыў на заробак маці, якая працавала прыбіральшчыцай райспажыўсаюза.

Сцвярджаў, што пазбег знаходжання ў піянерах. Маўляў, падчас запісу збег са школы, а потым настаўнікі нібы забыліся, а “мама лічыла, што піянеры бязбожнікі. Праўда… на розных урачыстасцях мне піянеры гальштукі павязвалі”.

Калі ж прымалі ў камсамол – збягаць Рыгор не стаў. “Нават узносы збіраў у школе і пасля”. Для недасведчаных падкажам: грошы збіраў у пярвічных арганізацыях камсамольскі сакратар – камсорг.

У старэйшых класах Рыгор “нешта рыфмаваў… быў рэдактарам сатырычнай насценнай газеты “Калючка”, крытыкаваў свае недахопы ў іншых”. Неяк на вечары школьнай самадзейнасці выступіў з байкай уласнай вытворчасці.

З раннім школьніцтвам звязанае першае пераўжыванне РБ алкаголю. Бо проста “ўжываць” ён пачаў яшчэ “ў партызаншчыну”. А тут неяк, вярнуўшыся з заняткаў, завітаў да суседзяў, дзе “дзядзькі нешта будавалі, а значыць, пілі”. І тыя налілі “худзяку” “болей чым паўлітровую медную кварту” “вогненнай вады”. І Рыгор яе “адразу ўзяў, як гаворыцца, на лоб”. Ледзь выжыў.

“Ужываць”, і няслаба, Барадулін будзе больш за палову жыцця. А потым доктар, што “адкачае” яго пасля алкагольнага перадозу, па просьбе паэтавай жонкі Валянціны напужае творцу магчымасцю раптоўнай смерці і з 50 грамаў каньяку. Рыгор Іванавіч рэзка завяжа. Назусім.

 

Барадулін і ўнівер

У 1954-м ён скончыў школу. І маці прадала цялушку, каб сын здолеў паехаць у Мінск здаваць экзамены ў БДУ.

Як сцвярджае даследчыца Л. М. Гарэлік, дэбют барадулінскіх вершаў у друку адбыўся ў шматтыражцы БДУ “За сталінскія кадры” ў 1953-м годзе, г. зн. яшчэ да паступлення паэта. Акалічнасцяў, чаму і праз каго вершы ўшацкага школьніка трапілі ў друкаваны орган вядучай ВНУ рэспублікі, мы не ведаем.

038

З выкладчыкаў, кажучы пра свае ўніверсітэцкія гады, Рыгор Іванавіч добрым словам згадваў Івана Навуменку, дзякуючы якому “прысушылась” яго сэрца да Янкі Купалы і Максіма Багдановіча.

Але і многія ўплывовыя сэрцы “прысушыліся” да РБ пад час яго студэнцтва. Апроч таго, што яго ў гэты час друкавала “Чырвоная змена”, яго вершы і рэцэнзіі на іх змяшчалі газеты “Літаратура і мастацтва”, “Віцебскі рабочы”, “Гомельская праўда”, “Звязда”, “Калгасная праўда”, беластоцкая “Ніва”, “За вяртанне на радзіму”, часопісы “Вожык”, “Вясёлка”, “Маладосць”, “Полымя”, “Работніца і сялянка”, “Дзвіна”, “Беларусь”.

У студэнцкай “абшчазе” малодшакурснік Барадулін больш за год пражыў у пакойчыку са старэйшымі за сябе беларусамі грамадзянамі Польшчы Аляксандрам Баршчэўскім (вядомым цяпер як паэт Алесь Барскі) і Міколам Гайдуком (стаў значным пісьменнікам Беласточчыны, памёр некалькі гадоў таму). Ад іх ён засвоіў шляхетныя манеры, якія станоўча адбіліся і на яго выглядзе, і на ўзаемаадносінах з дзяўчатамі, дазволілі набыць дадатковае абаянне.

У 1956-м у складзе студэнцкага атраду Рыгор пабыў на казахстанскай “цаліне” – мэйнстрымным тады месцы прыкладання камсамольскай энергіі. Паездка прынесла яму вопыт бессэнсоўнай работы і творчы плён у выглядзе паэтычнай нізкі “Цалінныя вершы”, якая апявала энтузіязм працоўнай моладзі і маштабнасць яе подзвігу.

“Цалінныя вершы” былі адзначаныя сярэбраным медалём VІ Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Сярэбраны медаль для беларускіх вершаў на такое імпрэзе – тое была, бадай, столь магчымага ў савецкіх рэаліях.

Барадулін будзе шмат разоў трапляць “у кропку” своечасовасцю сваіх вершаў. Праз іх будзе зразуметы і прылічаны да сваіх такімі ж местачкоўцамі на розных беларускіх пасадах і стане сапраўды народным для іх творцам.

 

Барадулін і Быкаў

У 1959-м, па сканчэнні БДУ, Рыгор быў прыняты на работу ў галоўны друкаваны орган ЦК кампартыі БССР – вядучую рэспубліканскую газету “Советская Белоруссия”.

Адным з першых яго сур’ёзных рэдакцыйных заданняў стала камандзіроўка ў Гродна па інтэрв’ю з адносна маладым і вельмі перспектыўным празаікам Васілём Быкавым.

Тая паездка Барадуліна стала пачаткам самага ўслаўленага з яго блізкіх сяброўстваў. Нягледзячы на істотную розніцу ва ўзросце і жыццёвым вопыце, Рыгор і Васіль спачатку з радасцю адкрылі, што яны блізкія землякі па Вушаччыне, а неўзабаве – што і блізкія па захапленнях (а можа, і па духу) людзі. Быкаў узяў Барадуліна пад апеку і пачаў жартаўліва называць “сынам”, а Рыгор яго – “бацькам”. З узростам міжсяброўскія мянушкі сышлі ў нябыт, але сяброўства і ўзаемапавага засталіся ў гэтых творцаў да скону.

І ў вельмі сталых гадах Барадулін і прозай і паэтычна нязменна пацвярджаў быкаўскае ў іх зносінах “старшынство”:  За словам Быкава іду!

 

Паэт Беларусі Савецкай

Да гонару Барадуліна, у савецкай паэзіі ён не стаў тым магістральным і запатрабаваным уладаю пагоншчыкам, што арганізоўвае ахвярны статак моладзі на справу кіраўнічых дзядзяў. Апроч вялікай дэталізацыі ў вершах тут адыграла ролю асабістая і прыстойнасць, і разуменне каштоўнасці жыцця іншых, і прыродны густ ды інтуіцыя паэта.

Ён так і не ўступіў у кампартыю. Яго клікалі шматразова і настойліва, але тут ён сам для сябе вызначыў той “плінтус”, ніжэй за які апускацца было ганебна для самаацэнкі. Доўгі час ухіляўся ад “ленінскага прызыву” праз непрыхаванае п’янства…

Але працуючы пасля “СБ” у часопісе “Бярозка”, ён ізноў, як і ў школе, стаў камсоргам. Узносы збіраў і з роднага часопіса, і з шэрагу бяднейшых на камсамольцаў калектываў, якія таксама трапілі пад яго адказнасць: газет “Піянер Беларусі” і “Зорька”, часопіса “Вясёлка”.

 

Галава сям’і

23 лютага 1961-га адбылося вяселле Рыгора Барадуліна і Валянціны Монасзон. За тры з паловай гады папярэдняга знаёмства Валянціна прывыкла да будучага мужа і ацаніла яго як упартага і хоць гарачага, але стабільнага ў прыхільнасцях чалавека і хлопца, які ўмее зарабляць. Да паэзіі ж яго як была, так і засталася абыякавай. І, можа, у тым быў вялікі плюс: у паэтычныя справы мужа яна не лезла аніколі.

18 ліпеня 1962-га ў Барадуліных нарадзілася дачка Ілона. Валянціна згадвала гэта так:

“Я ляжала ў радзільным доме ў Гродне. Першы павітаць мяне прыйшоў Васіль Быкаў. Ён перадаў запіску, яна дасюль у мяне захоўваецца:

“Валюша, поздравляю и радуюсь!

Только что звонил Гриша и поведал мне эту новость. У него всё в порядке. Передаёт тебе массу приветов”.

Барадулін да апошняга спадзяваўся, што будзе сын. Нават калі яму ўжо сказалі пра дачку, усё адно пярэчыў: “Не можа быць! У мяне будзе сын!”.

Ілона так і застанецца адзіным дзіцем Барадуліных. І справа тут не ў нежаданні бацькоў мець яшчэ дзяцей, а ў банальным непаразуменні між імі. Праз дзесяцігоддзі Рыгор Іванавіч будзе казаць, што заўсёды марыў мець вялікую сям’ю. А Валянціна пачне ўспамінаць, што ён і з адзінай дачкой не прагнуў ні займацца, ні гуляць, а на пытанні пра будучых дзяцей нязменна адказваў “Рашай сама!”.

“У выхаванні дачкі, а пасля і ўнучкі Дамінікі Грыша ніякага ўдзелу не браў, казаў: “Гэта пакуль яны маленькія, я не магу, а як за ручку можна будзе вадзіць, тады і будзем разам хадзіць”. Прычым што пра адну, што пра другую, але практычна нікуды за ручку з імі не хадзіў”.

Пяцьдзясят тры гады супольнага сямейнага жыцця так і не зрабілі Рыгора і Валянціну адным цэлым духоўна і душэўна, што, на жаль, і тыпова для Беларусі і яе бяда. Не аказалася ні дастатковай матывацыі, ні вопыту, ні блізкага прыкладу іншага. Пры тым што ў цэлым сям’я Барадуліных выглядае станоўча ў беларускім пісьменніцкім асяродку: 53 гады побач, без публічных скандалаў і з усё большай прывязанасцю.

 

На вяршынях поспеху

У 60-я гады ХХ стагоддзя ў Барадуліна з усё большым тыражом і паліграфіяй выйшла некалькі паэтычных зборнікаў. Але ён адчуваў уласную паэтычную абмежаванасць і недаадукаванасць па многіх аспектах, і тая цвярозая самаацэнка і гатоўнасць вучыцца дазволілі яму праз дзесяцігоддзі працягваць развіваць уласнае паэтычным майстэрства.

Барадулін арыентаваўся на напісанае Андрэем Вазнясенскім, Яўгенам Еўтушэнкам, Эдуардасам Межэлайцісам, Леанідам Мартынавым, Барысам Слуцкім, Булатам Акуджавам, Оярам Вацыецісам, вучыўся ў іх, намагаўся пераняць найбольш вартае і эфектыўнае.

Да сярэдняга ўзросту, які прынята лічыць крызісным, ён як паэт мог лічыць сябе паспяховым творцам. Гэта дазволіла яму з цікаўнасцю заўважаць і творцаў маладзейшых.

І тут быў значны талент, якога Рыгор Іванавіч выратаваў для Беларусі. Спадабаліся Барадуліну вершы юнага радыётэхніка з Крэва і паспрыяў ён паэтычнаму дэбюту таго таленту ў рэспубліканскім друку. Потым талент некалькі гадоў вандраваў-працаваў па СССР, вучыўся ў маскоўскім Літінстытуце, і нават кніга яго вершаў, напісаных па-руску, у Маскве выйшла. А вярнуўся ў Мінск, яму: “Адкуль ты ўзяўся як чорт з канапель?!”, г.зн. няма за табой аніякіх нашых кланаў, а значыць, і перспектываў для цябе. І сабраўся адціснуты ад магчымасцяў творчай рэалізацыі сталы ўжо паэт звальваць назад у Маскву, і квіток набыў на цягнік, ды затрымаў яго Барадулін. І застаўся ў белліце Уладзімір Някляеў.

 

Амаль манапаліст перакладу

Гадавы праект беларускай рэдакцыі “Радыё Свабода” “Верш на Свабоду” 2001 года стаў сапраўдным бенефісам Барадуліна-перакладчыка. З 365 вершаў, дзе можна было быць аўтарам толькі аднойчы, Рыгор Іванавіч апроч уласнага твора ўмудрыўся прадставіць ажно 45 сваіх перакладаў. Усяго перакладаў было 59, а ў найбліжэйшых да Барадуліна па іх колькасці перакладчыкаў праекта Андрэя Хадановіча і Лявона Баршчэўскага – 7 і 4 перакладзеныя творы адпаведна.

Пераклады ў Барадуліна – рознай мастацкай вартасці. Але ёсць у яго і нямала шэдэўраў, лепшых за арыгіналы вершаў. У яго перакладаў вельмі шырокі нацыянальны і геаграфічны ахоп.

 

Кандыдат на “нобеля”

У 2006-м Барадулін быў высунуты “прагрэсіўнымі беларускімі пісьменнікамі” кандыдатам на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. За паэтычны зборнік “Ксты”. Кнігу на 528 старонак выдала мінская рымска-каталіцкая парафія святых Сымона і Алены.

Чытаць тую кнігу можна і варта доўга. У ёй – працяглы і няпросты (у духоўным, перадусім сэнсе) шлях у вартым кірунку. Шмат моцнай, ды шмат і спрэчна вартай паэзіі, з банальнасцямі і дыдактычнасцю. Але калі што адкінуць – ладная частка шляху схаваецца. У чымсьці кнігу можна назваць “энцыклапедыяй пра Барадуліна”.

 

Псальмы і “Дзве гітары”

Апошняе дваццацігоддзе жыцця Барадулін сябраваў з Алесем Камоцкім – бардам, паэтам, філосафам. Іх яднала ў тым ліку моцная ў мінулым залежнасць ад алкаголю і катэгарычная адмова ад яго ў далейшым. Ім было добра выступаць разам. Алесь выконваў шмат якія песні на барадулінскія вершы. Выконваў і песні савецкай эстрады ў барадулінскіх, часам надта вольных, перакладах.

Псальмы таксама сталі іх агульным. Калі выйшла супольная праграма з паэтычна-адкаментаванымі і пашыранымі Барадуліным псальмамі, у ходзе былі яшчэ не дыскі, а касеты. І касеты з псальмамі Камоцкі раздаваў бясплатна.

Як Скарына пачаў выданне свайго перакладу “Бібліі” з “Псалтыра”, так з “Псалтыра” пачаў свае разважанні над “Бібліяй” Барадулін. Як у Скарыны развагі ішлі праз прадмовы і пасляслоўі, так над “Псальмамі” паэт разважае ў пасляслоўях. Тут і пераемнасць і наследаванне паўтысячагадовай традыцыі нашага народа.

 


“Дзве гітары” – бадай апошнізначны творчы праект – Барадулін здзейсніў са Змітром Бартосікам. Зміцер падабраў з рускамоўнай песеннай класікі тое, што хацеў спяваць па-беларуску, а Барадулін добрасумленна пераклаў.

Пры тым што і тут Рыгор Іванавіч застаўся верным уласнай стылістыцы перакладу – не пазбег гульні са словамі і змясціў прасторавыя акцэнты (напрыклад, бясконцыя адлегласці “Шторму” Высоцкага ператвараюцца ў беларускім варыянце ў штось гукава-азёрна-рачное), “Дзве гітары” – праект у сваім перакладзе вельмі і вельмі блізкі да расійскамоўных арыгіналаў: і зместам, і настроем. Падыход перакладчыка тут заўважна адрозніваецца ад супольных праектаў-перакладаў з рускай, зробленых Барадуліным з Камоцкім. Гэта не ў крыўду Бартосіку ці Камоцкаму – гэта ў плюс разнастайнасці і ўзроўню Барадуліна.

 

Адыход

Апошнія месяцы жыцця Барадулін жыў малітоўна і ў надзеі, калі крыху акрыяе і стане на ногі, абвянчацца нарэшце з законнай жонкай Валянцінай. Памёр 2 сакавіка 2014-га.

 

Кніга А. Мельнікава пра Рыгора Барадуліна ў серыі “100 выдатных дзеячаў”, якой аўтар карыстаўся падчас напісання гэтага тэксту, выдадзеная нядаўна і ў многіх беларускіх кнігарнях ёсць.

 

Андрэй Мельнікаў для budzma.org