«Вялес» завітаў і ў Наваполацк

21.03.2009 Культура

21 сакавіка ў Полацку адбылося ўручэнне літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» Барысу Пятровічу за кнігу «Жыць не страшна». Пасля мерапрыемства вядомыя літаратары Беларусі Сяргей Сыс, старшыня СБП Алесь Пашкевіч, лаўрэат Барыс Пятровіч і нашыя землякі Уладзімер Арлоў і Алесь Аркуш прыехалі і ў Наваполацк, дзе, дзякуючы падтрымцы Наваполацкай гарадской арганізацыі ТБМ, адбылася творчая сустрэча.

Яна была надзіва цёплая і ўтульная. Нашыя знакамітыя госці прэзентавалі сайт Саюза беларускіх пісьменнікаў www.litbel.org, распавялі пра літаратуру сучаснай Беларусі, пра цырымонію ўручэння прэміі Барысу Пятровічу. Алесь Аркуш, заснавальнік прэміі «Гліняны Вялес», прызваў усіх прысутных занатоўваць найноўшую гісторыю сваіх мясцінаў, каб не скрасці мінулае ў сваіх дзяцей і ўнукаў. Уладзімер Арлоў выказаў спадзяванне, што калі-небудзь такія прэміі як «Гліняны Вялес» набудуць сусветную вагу, будуць паважацца беларускай дзяржавай. Барыс Пятровіч распавёў пра планы часопіса «Дзеяслоў», абяцаў разам з Алесем Пашкевічам яшчэ прыехаць у Наваполацк. Сяржук Сыс энергічна мадэраваў сустрэчу, прэзентацыю сайта, выступы літаратараў.

На заканчэнне з нагоды Міжнароднага дня паэзіі кожны з гасцей прачытаў свае вершы. Вядомыя літаратары запрасілі прачытаць свае вершы і прысутную на сустрэчы маладую паэтку Ірыну Бельскую, якая ўпрыгожыла іх мужчынскі калектыў. Свае гумарыстычныя вершы прачытаў і вядомы наваполацкі паэт Юрась Касцюк.

Ёсць усе падставы лічыць, што сустрэча прайшла добра. Скардзіцца можна толькі на адно: добрага заўжды мала.

Рубон

Тэгі: