Роварны марафон “Суседзі 2014”, што адбыўся на Аўгустоўскім канале 19 ліпеня, не проста паставіў чарговы рэкорд па колькасці ўдзельнікаў. Арганізатарам удалося прыцягнуць у паўтары разы больш удзельнікаў, чым было год таму! Агулам стартавала ажно 690 ўдзельнікаў і 639 паспяхова скончыла дыстанцыі. Такім чынам быў пастаўлены не толькі рэкорд “Суседзей”, але і польскіх “Maratony Kresowe”, у межах якіх праходзіў гарадзенскі марафон. Дарэчы, гасцей з Польшчы было шмат – 60 чалавек. Пакуль раварысты праходзілі адну з трох дыстанцый – міні-марафон, паўмарафон і марафон – у базавым лагеры на шлюзе Дамброўка праходзілі заняткі па хэндмэйду для дзетак, адмысловы заезд на роварах для самых маленькіх, а таксама канцэрт. Такім чынам у марафоне у розных формах прынялі ўдзел усе ўзросты – ад пяцігадовых дзетак да пенсіянераў за 70. Найбольш удзельнікаў – 336 сабраў паўмарафон даўжынёй 37,5 км. Хаця ў марафоне былі прадстаўленыя ўсе рэгіёны Беларусі, большасць (67%) удзельнікаў былі з Гродна і Мінска.