15 верасня з ласкавага запрашэння спадарыні Галіны Сташкевіч, кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Крылы”, Эдуард Акулін і Кастусь Герашчанка наведалі Наваполацак, дзе правялі дзве прэзентацыі 14 нумара часопіса “Верасень”: перад вучнямі 9-10 класаў Наваполацкай СШ № 2 і перад “акрыленымі” чытачамі Наваполацкай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна. Акрамя таго сталічныя госці прынялі ўдзел у адкрыціі выставы “Горад кветак” маладой мастачкі з Менску Інгі Карашкевіч. Гэта была першая пасля выхаду ў друк прэзентацыя новага нумара маладзевага перыёдыка і другі ў гэтым годзе творчы візіт Эдуарда Акуліна і Кастуся Герашчанкі ў Наваполацак. Абедзьве сустрэчы адбыліся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”.