Выгнанне — яшчэ не канец. Топ-5 паспяховых дыяспараў

02.06.2022 Замежжа

Для вялікай колькасці эмігрантаў з сённяшняй Беларусі выгнанне стала псіхалагічным выпрабаваннем, ломкай жыццёвых планаў і перадумовай цяжкой дэпрэсіі. Але ці вымушаная эміграцыя — гэта канец? Або... толькі пачатак?


Галоўнае, што варта ўсвядоміць сённяшнім эмігрантам-уцекачам, што іх досвед не ўнікальны. Такое ўжо было і ў беларускай гісторыі, і ў гісторыі іншых народаў. Выгнанне не цукар. Але ніжэй мы падабралі прыклады, калі народы, якія апынуліся пазбаўленымі Радзімы, змаглі:

• не толькі выжыць, але і дасягнуць поспеху,
• захавалі сваю нацыянальную прыналежнасць,
• змаглі быць карыснымі сваёй Радзіме.

Ну — паехалі!

1. Яўрэйская дыяспара

Ці не самая старая дыяспара свету. «Рассеянне» яўрэяў трывала з VIII ст. да н. э. — з часу падзення Ізраільскага царства. Працягнулася цягам вавілонскага і егіпецкага «палону», стала масавым у часы Рыма. Частка апосталаў Хрыста ўжо былі яўрэямі-эмігрантамі. У Сярэднявеччы яўрэі напоўнілі Еўропу, будучы гандлярамі і рамеснікамі. Праз агрэсіўнае хрысціянскае серадовішча і нежаданне адмаўляцца ад рэлігіі і традыцыяў — рэгулярна цярпелі ганенні.

Яўрэі_хасіды_на_вуліцах_Брукліна,_2018_год.jpg
Яўрэі-хасіды на
вуліцах Брукліна, 2018 год

Урэшце, не маючы сваёй дзяржавы ў прынцыпе на працягу тысячагоддзяў, яўрэі сталі, з аднаго боку, самай глабалістычнай нацыяй, з іншага — максімальна закрытай. Магчыма, недзе тут і варта шукаць сакрэт поспеху яўрэяў літаральна ва ўсіх сферах: ад медыцыны і фізікі да банкаўскай справы і кінематографу.

Выходзячы з замкнёнай яўрэйскай грамады ў шырокі свет, маладыя і таленавітыя прадстаўнікі народа былі адукаванымі («народ Кнігі», культ ведаў), прадпрымальнымі (гандаль як традыцыйны занятак), а яшчэ — працягвалі быць салідарнымі з іншымі яўрэямі, падтрымлівалі адно аднаго. Што ўласна і нарадзіла тэорыю пра «яўрэйскую змову».

А яшчэ яўрэйскі кейс унікальны тым, што пасля катастрофы халакосту нацыя здолела стварыць сваю дзяржаву ў 1947 годзе, якая не існавала тысячы гадоў! У сусветнай гісторыі гэта цалкам унікальны кейс. Сёння каля 1 000 000 грамадзянаў Ізраіля жывуць па-за яго межамі. Колькасць этнічных яўрэяў без грамадзянства ў шмат разоў большая.

2. Армянская дыяспара

Арменія, як і старадаўні Ізраіль, была «прасунутай» дзяржавай у сваім рэгіёне: хрысціянства яны прынялі яшчэ ў часы Рымскай імперыі. Але ў 1375-м праз нашэсце мамлюкаў армяне згубілі дзяржаўнасць: так пачалася гісторыя дыяспары. Так, армяне з’явіліся ў тым жа Львове: яны працавалі з дарагімі металамі, у тым ліку робячы аздобу для шабляў і булаваў шляхты Рэчы Паспалітай.

Армянская_царква_ў_Масачусэтсе_фота_nashaarmenia_info.jpg
Армянская царква ў
Масачусэтсе, фота nashaarmenia.info

Вялікая колькасць армян заставалася на гістарычнай радзіме, якая знаходзілася пад уладай туркаў. Гэтак было да генацыду армян у 1915 годзе... Масавае забойства стала аналагам яўрэйскага халакосту і паслужыла штуршком для выезду за мяжу мора людзей. Армяне з’явіліся ў ЗША, Францыі, Далёкім Усходзе Расіі і нават у Японіі.

Найчасцей армяне займаліся бізнесам рознага гатунку. Трымацца разам дапамагала прыналежнасць да Армянскай апостальскай царквы (як і ў яўрэяў, гэта этнічная рэлігія), унікальная пісьменнасць, моцная традыцыя. Нават за савецкім часам у Армянскай ССР быў створаны адмысловы Камітэт па культурных сувязях з армянамі за мяжой.

Сёння ў Арменіі жыве амаль 3 000 000 чалавек. За мяжой — каля 8 000 000 армянаў. У Арменіі працуе цэлае Міністэрства дыяспары з вярхоўным камісарам па справах дыяспары, не кажучы пра безліч арганізацыяў. Усеармянскі фонд «Арменія» раз на год праводзіць дабрачынную акцыю, калі любы чалец дыяспары можа ахвяраваць пэўную суму на развіццё сваёй Радзімы.

3. Ірландская дыяспара

Сённяшняе насельніцтва Ірландыі — 5 000 000 чалавек, але толькі ў ЗША пражывае 33 000 000 ірландцаў. Як так атрымалася? Усё пачалося са страты незалежнасці ў сярэднія вякі, але піку эміграцыя дасягнула падчас Вялікага голаду 1840-х, калі ангельцы вывозілі харчаванне, ды ў далейшы час — больш за стагоддзе крывавага супрацьстаяння з Брытаніяй.

Ірландская_культура_і_міфалогія_стала_брэндам_ў_глабальнай_культуры.jpg
  Ірландская
культура і міфалогія стала брэндам ў глабальнай культуры

Ірландцы ехалі па ўсім свеце, але найбольш у англамоўныя краіны — ЗША, Канаду, Аўстралію ды Новую Зеландыю. У адрозненне ад яўрэяў ды армянаў, ірландцы часта браліся за самую брудную працу, далёка не кожны па выніку займеў прыватны бізнес. Але — перамаглі колькасцю ды салідарнасцю.

Яшчэ адзін кейс, які адрознівае ірландцаў, тычыцца мовы. Старадаўняя родная мова кельцкага паходжання паступова выходзіла з ужытку, саступаючы ангельскай, што не замінала ірландцам ненавідзець сваіх прыгнятальнікаў і трымацца разам. Вялікую ролю адыгралі каталіцтва ды народная традыцыя.

Падчас канфлікту ў Паўночнай Ірландыі (1960-я — 1990-я) менавіта дыяспара дапамагала сваякам у зоне канфлікту: ад інфармацыйнага розгаласу да паставак зброі для ІРА. Фактар дыяспары паспрыяў таму, што ірландскі супраціў стаў легендай.

Сёння ў свеце ад 70 да 80 мільёнаў чалавек лічаць сябе ірландцамі. І гэта не толькі носьбіты прозвішчаў на «О’» ды «Мак». Ірландскае паходжанне мелі Генры Форд ды Джон Кэнэдзі, Ліам Нісан ды Пірс Броснан. Ірландская эстэтыка, уключна з Днём св. Патрыка, стала папулярнай часткай глабальнай культуры. 

4. Італьянская дыяспара

Першая вялізная хваля італьянскіх мігрантаў з’ехала паміж 1861-м (аб’яднанне Італіі) ды прыходам фашыстаў да ўлады ў 1920-х. Сярод прычынаў: бум нараджальнасці, беднасць і нястача працы, дрэнная медыцына. Асноўная доля мігрантаў прыйшлася на ЗША, Канаду і Паўднёвую Амерыку.

Легендарны_Аль_Капонэ_пераехаў_у_ЗША_ва_ўзросце_11_гадоў,_каб_там.jpg
Легендарны Аль Капонэ
 

Паводле прыблізных даных дэмографаў, цяпер каля 15-20 000 000 жыхароў ЗША маюць італьянскае паходжанне. Ад пачатку яны займаліся дробным прыватным бізнесам ці гандлем, толькі зрэдку займаючы кіраўнічыя пасады. Нашчадкі ангельцаў, немцаў і скандынаваў ставіліся да іх грэбліва ажно да наплыву мексіканцаў і кубінцаў.

Феномен італьянскай дыяспары палягаў на цяжкой адаптацыі ў англамоўным серадовішчы. Так, людзі гадамі жылі ў Штатах, не ведаючы ангельскай, бо ўвесь цыкл жыцця праходзіў у сваіх кварталах, а працадаўцамі былі сваякі ды землякі з папярэдніх хваляў эміграцыі. Шмат хто, дарэчы, пасля вярнуўся ў Італію з заробленымі грашыма.

Так, сёння толькі 10% італьянцаў у ЗША выкарыстоўваюць сваю мову хаця б дома: пераважна гэта людзі 65+. Разам з тым італьянская дыяспара, як і ірландская, пакінула вялікі след у амерыканскай і глабальнай культуры: ад кулінарнай традыцыі да легенды пра італьянскую мафію.

5. Украінская дыяспара

Мабыць, самая маладая і перспектыўная з глабальных дыяспараў, дакладныя лічбы па якой, а таксама перспектывы росту, цяжка вымераць ды спрагназаваць. У сувязі з расійскай агрэсіяй колькасць украінцаў у Еўропе, ЗША і свеце ўвесь час вагаецца: нехта едзе, нехта вяртаецца, нехта толькі зараз асэнсоўвае сябе ўкраінцам і далучаецца да дыяспарнага жыцця.

Сцяг_Украіны_ля_Брандэнбурскай_брамы,_Берлін.jpg
  Сцяг
Украіны ля Брандэнбурскай брамы, Берлін

Вялізная колькасць украінцаў у часы Расійскай імперыі з’язджалі ўглыб Расіі, у Сібір, часта беручыся за самую адказную і няўдзячную працу. Тое самае працягнулася і ў часы СССР. Разам з тым украінцы з Аўстра-Венгрыі ехалі на Захад, у тым ліку ў ЗША ды Паўднёвую Амерыку за грашыма. Былі нават песні пра «Гамерицький край» («Амерыканскі край»).

Наступная хваля эміграцыі супала з задушэннем УНР як дзяржавы ў 1920-м, а яшчэ больш — з саветызацыяй Заходняй Украіны пасля 1944–1945 гадоў. Так, на Захадзе апынуліся ўкраінсксія палітыкі, пісьменнікі, ідэолагі, ветэраны антысавецкага супраціву. Ідэя ўкраінскай палітычнай нацыі зберагалася ў замежжы: у Лондане, Мюнхене, Таронта ці Эдмунтане.

З моманту атрымання Украінай незалежнасці — 1991 — дыяспара ў вялікай меры ўкладалася ў вяртанне дзяржавай нацыянальнага аблічча, ствараючы фонды, арганізацыі і выдавецтвы на тэрыторыі Украіны, вяртаючы рэліквіі ўкраінскай палітычнай традыцыі на Радзіму.

Цягам бурлівых падзеяў апошняга дзесяцігоддзя (Майдан, вайна на Данбасе, Вялікая Вайна 2022-га) дыяспара з новай сілай узялася за дапамогу Украіне ў плане фінансаў, палітычнага лабіявання і іміджавай працы. Адначасна дыяспара змяняецца: украінак з дзецьмі за мяжой стае больш, а шмат хто з маладых актыўных мужчынаў вяртаецца і бярэ зброю ў рукі.

Новая рэальнасць, якую варта выкарыстоўваць

Зразумела, дадзены артыкул не прэтэндуе на цэласны аналіз сітуацыі з дыяспарамі ў свеце, іх фінансавыя і палітычныя мажлівасці. Па-за межамі тэксту засталіся нямецкая, грэцкая ці вялізная кітайская дыяспары.

Але сэнс у тым, што добраахвотнае ці змушанае перабыванне па-за межамі сваёй Радзімы не толькі не стала канцавой кропкай для шматлікіх народаў і асобных людзей, але часта паспрыяла ўзбагачэнню як сусветнай культуры, так і краінаў, ад якіх людзі былі адарванымі.

Перабыванне па-за межамі Радзімы не ёсць выракам ані для самой Радзімы, ані для саміх эмігрантаў. Гэта новая рэальнасць, якую варта выкарыстоўваць, з якой варта працаваць і — перамагаць на глабальным полі, карыстаючыся сваімі здольнасцямі.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org