Выйшаў 8-нумар часопіса “ПрайдзіСвет”

Як заўсёды, у выніку ён атрымаўся нашмат большым, чым мы запланавалі. І канцэптуальна, і структурна, і яшчэ там неяк гэты нумар вельмі адрозніваецца ад папярэдніх нумароў. Калі мы толькі задумвалі “беларускі” нумар “ПрайдзіСвета”, уяўлялася, што гэта будзе ў асноўным нумар спадчыны; у выніку спадчыны ў ім і праўда больш, чым раней, але і новых перакладаў і аўтарскіх тэкстаў таксама нямала. Упершыню ў “ПрайдзіСвеце” з’явілася ўласна арыгінальная творчасць: і ў выглядзе часопіса “Узвышша”, і ў выглядзе арыгіналаў паралельна з замежнымі перакладамі, і творы беларускіх пісьменнікаў на замежных мовах, і аўтапераклады.

У гэтым нумары мы вырашылі адысці ад традыцыйнага падзелу на раздзелы: уласна пераклады, крытыка, інтэрв’ю, агляды і г.д., пакінуўшы асобна толькі майстар-клас і пераклад пераможцы конкурсу. Усе астатнія тэксты, незалежна ад жанру, у якім пажадалі выказацца іх аўтары, разбітыя на раздзелы згодна з тэматычным прынцыпам. Першая частка часопіса, “Аўтапартрэт”, прысвечаная творам і перакладам шматмоўнай беларускай літаратуры на беларускую. “Збеглыя вобразы” – гэта пісьменнікі, якіх мы традыцыйна лічым замежнымі, не забываючы, што іх карані цягнуцца да Беларусі ці, прынамсі яе ваколіц, “Дзірка ў палатне” – даследаванне мастацкіх магчымасцяў трасянкі, “Эклектычная калекцыя” – беларускія пісьменнікі ранейшых і цяперашніх часоў, якія пісалі і працягваюць пісаць на розных мовах, “Памежныя кантрасты” – некалькі словаў пра дзвюх нашых моўных ці то суседак, ці то сваячак, “Сармацкі профіль” – творы шматмоўнай беларускай літаратуры XVI-XVIII стагоддзя, “Рамантычны эксіз” – тое самае пра літаратуру ХІХ стагоддзя, “Габрэйскі фон” – творы ідышамоўнай літаратуры Беларусі і пра Беларусь, “Усходняя вязь” – колькі словаў пра спадчыну беларускіх татараў. Другая частка нумару – “Люстэркі” – змяшчае пераклады з беларускай на іншыя мовы і прысвечаная збольшага выхаду дзвюх анталогіяў беларускай літаратуры: чэшскай (раздзел “Багемскае шкло”) і шведскай (раздзел “Шведскія адбіткі”). Першы ж раздзел “Люстэркаў”, “Калаж з аскепкаў”, змяшчае асобныя пераклады некалькіх беларускіх паэтаў на розныя мовы.

Рэдакцыя “ПрайдзіСвета”.