Выходзіць новая кніга для дзяцей і дарослых «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы», аўтарам якой з’яўляецца вядомы журналіст Алег Груздзіловіч. Пасля 10 месяцаў за кратамі ён выпусціў турэмны дзённік, а цяпер кнігу малюнкаў выдае фонд «Камунікат». Пра гэта паведаміў кіраўнік выдавецтва Яраслаў Іванюк на сваёй старонцы ў Facebook.
Фота з Facebook Яраслава Іванюка
«Чарговая кніга пайшла ў друк!!!
«Прыгоды Дзядзі Віці на Валадарцы» — вершы і малюнкі для дзяцей з дарослымі. Гэта вершы і малюнкі журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча, які у снежні 2021 года быў арыштаваны за тое, што асвятляў пратэсты», — напісаў стваральнік інтэрнет-бібліятэкі «Камунікат», выдавец з Беластока Яраслаў Іванюк.
Фота з Facebook Яраслава Іванюка
«Вершы і малюнкі пра арыштанта дзядзю Віцю, што ўвайшлі ў гэтую кнігу, Алег Груздзіловіч напісаў і намаляваў на Валадарцы для ўнукаў Евы, Сафіі, Кастуся, Аляўціны ды Анатоля, але адтуль частка лістоў не дайшла на волю праз цэнзуру. Пашанцавала з аказіяй перадаць «Прыгоды дзядзі Віці» з магілёўскага СІЗА. Пазней у калоніі ўсе лісты і рукапісы аўтара былі знішчаныя. Старт продажы на Фестывалі «Летуцень» у Кракаве 27 ліпеня!!!» — дадаў выдавец.
Фота з Facebook Яраслава Іванюка
Алег Груздзіловіч таксама аўтар кнігі «Мае турэмныя муры», у якой ён апісаў сваё зняволенне.
Фота «Радыё Свабода»
Журналіст затрыманы 23 снежня 2021 года, Алег не прызнаў сваёй віны і быў асуджаны на паўтара гады зняволення. Сваё пакаранне ён адбываў у мінскім СІЗА на вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам.
Фота Беларускай асацыяцыі журналістаў