Выстава “Нябесныя бегі. Вечны вандроўнік” пераедзе ў Полацк

26.03.2009 Культура

Мастацкая выстава “Нябесныя бегі. Вечны вандроўнік”, прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння Язэпа Драздовіча, адкрыецца 27 сакавіка ў Полацкай мастацкай галерэі.

Ініцыятарам адкрыцця выставы ў Полацку выступіла творчая суполка “Пагоня” пры Беларускім саюзе мастакоў. Выстава ладзіцца сумесна з Культурна-асветніцкім цэнтрам імя Язэпа Драздовіча.

На адкрыцці экспазіцыі будуць прысутнічаць старшыня суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін, дырэктар цэнтру імя Драздовіча Ада Райчонак і мясцовая полацкая творчая эліта.

Акрамя адкрыцця самой выставы адбудзецца прэзентацыя альбому-каталогу “Артаполіс”, які нядаўна выйшаў у свет. Альбом складаецца з твораў беларускіх мастакоў, напісаных у гонар Язэпа Драздовіча. Сам тэрмін “Артаполіс” – новатвор, прыдуманы Язэпам Драздовічам, і азначае “Горад мастацтва”.

Выстава ладзіцца ў межах кампаніі “Будзьма!”. Урачыстае адкрыццё распачнецца а 16.00.

Выстава прадоўжыцца да 10 траўня.

Тэгі: