Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект “Я “нарадзіўся” там” часопіса “Большой” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!
Поўную рускамоўную версію інтэрв’ю чытайце на сайце www.
Беларускамоўная версія — на сайце www.budzma.org.
Леон (Лёня) Гурвіч. Музыка, кампазітар, выкладчык, дацэнт па дырыжыраванні ў кансерваторыі імя Брамса, мастацкі дарадца канцэртнай залы імя Чайкоўскага. У сакавіку гэтага года выпусціў новы сольны дыск “Remember me” з уласнымі кампазіцыямі, аранжыроўкамі і імправізацыямі. Месца пражывання — Гамбург.
Знаёмства з Гамбургам пачалося з канцэрта. Камерная зала ў стылі «лофт» злёгку збівала з панталыку: ні табе бабулек-білецёрак на ўваходзе, ні ляпніны на сценах, ні абабітых аксамітам крэслаў. Замест звыклага — элегантна-павольная гаспадыня месца Патрыцыя, пара зручных канапаў, крэслы а-ля IKEA, віно і лёгкая закуска для гасцей. Святочнай атмасферу рабілі свечкі, розныя па форме і памеры.
Зазірнула ў праграмку: Шапэн, Бах, П’яцола, Брабек і Леон Гурвіч…
Мяркуючы па тым як у 7.02 закруціліся, запытальна пазіраючы на раяль, бабулькі, канцэрт жудасна затрымліваўся. У 7.10 ён пачаўся. Расслабіліся немцы, якія прыехалі пасля працоўнага дня. Ажылі вочы, расшчапіліся пальцы. Выпіўшы хто віна, хто піва, заківалі яны ў рытм музыкі, якая палілася ў залу…
У 12.00 наступнага дня мы званілі ў званок пад’езда сімпатычнага дома ў цэнтры Гамбурга. Мяркуючы па тварах у дзвярным праёме, ступень гатоўнасці да сустрэчы з журналістамі была максімальнай. Уладкаваліся ў гасцінай: піяніна, статуэткі любімых кампазітараў, фатаграфіі ў рамачцы і іншыя спадарожныя вобразу атрыбуты. Пілі гарбату, елі пячэнькі і гаварылі. Пачалі з набалелага.
— Апошні канцэрт я адыграў у Мінску ў 2003 годзе. Летась была спроба папрацаваць з беларускай філармоніяй, але далей за размовы справа не прасунулася. Быў перыяд, калі я вельмі хацеў прыехаць і сыграць пару канцэртаў на радзіме ў Мінску. Пры гэтым быў няважны грашовы бок пытання. Але з нейкай прычыны гэта аказалася складана зрабіць. Цяпер граю толькі тут: Германія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя, Польшча…
Леон скончыў Мінскую кансерваторыю. Ужо ў 19 гадоў у адным з рэстаранаў горада адкрыў уласны джазавы клуб. Граў джазавыя канцэрты, супрацоўнічаў з Інстытутам Гетэ, увогуле «падаваў вялікія надзеі». Пасля заканчэння кансерваторыі «надарылася магчымасць» адпрацоўваць 2 гады размеркавання ў музычнай школе горада Ліда.
— І тады я саспеў. Таму што як музыку мне нельга было менавіта ў той момант сядзець на адным месцы. Многія тлумачаць эміграцыю тым, што на Радзіме ім было дрэнна. У мяне, у прынцыпе, усё было добра. У рэстаране на той момант плацілі 5 даляраў за гадзіну, і я быў на сёмым небе ад гэтага, таму што стыпендыя была 20 даляраў. Але я выязджаў на гастролі, бачыў, як можа быць. І мне хацелася новага вопыту, хацелася акунуцца ў незнаёмае асяроддзе, пакруціцца-пагутарыць з музыкамі з розных краін, розных стыляў, сыграць усё, што толькі можна.
Ад’язджаў з Беларусі я пад вялікім сакрэтам. Лічыў гэта вельмі асабістым. А абвясцілі пра гэта са сцэны — выпадкова — на адным з канцэртаў у Інстытуце Гётэ. Маўляў, ведаеце, што Лёня Гурвіч хутка з’едзе з краіны? Прафесар мой сядзіць, калегі, студэнты, Іра (будучая жонка), з якой мы толькі пазнаёміліся (смяецца). Для ўсіх, вядома, быў шок. Ну, сказалі — і сказалі…
У яго і праўда ўсё было добра на радзіме. Яшчэ студэнтам Лёня напісаў пару трэкаў да фільма аскараноснага галівудскага рэжысёра Менахема Голана.
— Голан прыляцеў з усёй камандай, каб здымаць частку карціны ў павільёнах Беларусьфільма. Так было танней. Я ў гэты час я вучыўся ў кансерваторыі і паралельна граў у эпізодах у Астрахана. Мяне запрасілі на сустрэчу. Яму спатрэбілася танга і свінг. Я прыйшоў дадому і за дзень усе напісаў. Яшчэ два дні спатрэбілася, каб запісаць гэта ў студыі.
Калі ёсць мэта і канкрэтная задача, я пішу лёгка. А наогул — па-рознаму. Ёсць рэчы, якія пішу 3-4 гады. Любімы стыль — мадэрн. Мне падабаецца змешванне, невялікая эклектыка — імпрэсіянізм, джаз, авангард… Але і як піяніст я часам даю сабе свабоду, з задавальненнем выходжу за рамкі нотаў. Гэтыя рэчы не запісваюцца, яны нараджаюцца і паміраюць на сцэне. Імгненна, як настрой; гэта дыялог музыкаў, якія існуюць як адзіны арганізм, якія адчуваюць адно аднаго і публіку ў зале.
Пра нямецкую публіку — асобная гутарка. На Радзіме класікаў — Моцарта, Бетховена, Шумана, Баха — са зразумелых прычынаў стрымана ставяцца да новых імёнаў.
— Пры гэтым Германія мае моцную традыцыю авангарднай музыкі. І ўсё роўна мне спатрэбіліся гады, каб арганізатары наважыліся запрасіць мяне з праграмай. Асцярожна ставяцца яны як да новых імёнаў, так і да новага гучання вядомых твораў. Немцы наогул стрыманыя ў эмоцыях. Сваё захапленне ад канцэрта, напрыклад, яны выказваюць вельмі незвычайна — пачынаюць тупаць.
У Расіі могуць абагаўляць акцёраў, музыкаў і наогул таленавітых людзей. Ім дораць кветкі, фанатычна ходзяць на канцэрты, могуць даць кватэру, машыну, аплаціць арэнду залы… Тут стаўленне спакойна-роўнае, кожны сам за сябе. Мастак тут не прарок, а рамеснік. Усё, што звыш нормы, уключаючы празмерную эмацыйнасць, не ўпісваецца ў іх жыццё. Затое агульная культура тут высокая. Трапіўшы неяк да дактароў, я гаварыў з імі пра сімфоніі Малера, яны збіралі запісы струнных квартэтаў Бетховена. Адвакаты цудоўна ведалі музыку Шнітке і Лігеці. Я кожны раз дзівіўся, чаму яны гэтым цікавяцца, гэта ж так далёка ад іх прафесіі.
Гісторыя Лёневай эміграцыі — рамантычная і экстрэмальная. Сюжэт для асобнага рамана.
Ёсць такі выраз — з карабля на баль. У мяне ж атрымалася ўсё наадварот. Я сыграў вялікі канцэрт у Мінскай філармоніі і адразу пасля яго пераехаў у Гамбург. Прычым горад быў абраны выпадкова. А тады тут у порце стаяў карабель. Для эмігрантаў і іншых крымінальных элементаў. Свайго роду прыёмнік-размеркавальнік на вадзе. Жылі на ім грамадзяне з усяго свету: Балканы, Афрыка… Паліцыя там баялася з’яўляцца. Для мяне гэта быў шок. Удваіх з мамай мы жылі на плошчы ў 8 квадратных метраў. Кухня — агульная. Законы — турэмныя. Па суседстве жылі цыганы. І неяк восенню — дождж, холадна — цыганскія дзеткі ўвесь наш абутак выкінулі за борт. Мяне гэта так раззлавала, што я вырашыў разабрацца. Балазе, ні мамы, ні таты «дзетак» дома не аказалася. Пазней мне расказалі, што за тыдзень да таго гэтая цыганка ўжо зарэзала іншую маці, маўляў, дзеці іх нешта не падзялілі. Яе не пасадзілі — усё ж маці 9 дзяцей. Так што мне пашанцавала. А на маіх вачах мужчына з Украіны атрымаў інфаркт і памёр. Быў доктарам навук.
На караблі мы павінныя былі жыць пару дзён, зацягнулася ўсё на 4 месяцы. Кожны дзень каштаваў неверагодных высілкаў. Займацца хоць нечым там было немагчыма. Па-нямецку тады я не ведаў ні слова. А для музыкі не займацца нельга. Як казаў Горавіц: «Калі я не пазаймацца дзень — гэта адчуваю я, калі два дні — гэта адчувае публіка». Я адважыўся абтэлефанаваць кансерваторыі і музычныя ўстановы. І знайшоў адну, дзе было шмат рускіх, а таму як сказаць я нічога па-нямецку не мог, мяне пераблыталі з іншым студэнтам, які не даехаў да іх, і далі клас. Так я паўгода пад чужым імем займаўся музыкай. Плённы, дарэчы, быў перыяд. Я тады шмат чаго напісаў.
Гляджу на Лёню — высокі лоб, жывыя вочы, тонкія рысы твару, маленькія зграбныя рукі, якія здзівілі, праўда, моцным поціскам, — усміхаецца. Такая стрэсаўстойлівасць і аптымізм могуць быць толькі прыроджанымі.
— Гэта няпраўда, калі кажуць, што на Захадзе ўсё класна. Што, маўляў, народ жыве, і не ведае, куды грошы падзець. Што там жыццё, свабода… Спачатку даводзілася шмат чаго вытрымліваць. Я граў і на вуліцы, і ў рэстаранах. Але гэта было ўсё няважна. Галоўнае, я ўбачыў, як шмат тут адбываецца. За першыя некалькі гадоў я праслухаў, напэўна, сотні канцэртаў. У якасці вучня — бясплатна. Таму што на той момант для мяне нават 10 еўра былі сур’ёзнай сумай, коштам тыднёвага правіянту. Калі я прыехаў, у кішэні ў мяне было наогул 200 марак (100 еўра) і чыста беларускі баул з кітайскага рынку. Эканоміў на ўсім, на чым можна. І таму калі за адзін вечар у рэстаране я зарабіў неяк 70 марак, я быў не ў сабе ад радасці. За гэтыя грошы я мог паехаць у Мінск на аўтобусе. Музыкі, мне здаецца, усе павінныя прайсці такі перыяд. І рэстараны, і вуліцу. І рэстараны — гэта яшчэ што. Дзе я толькі не граў. Нават акампанаваў нямым чорна-белым фільмам нейкага японскага рэжысёра, граў персідскія і кітайскія песні. І мне вельмі падабалася.
— Да прыезджых усюды ставяцца аднолькава. Няважна, Германія гэта ці Амерыка. Пакуль ты не адбыўся, ты ніхто. А музыкаў у Гамбургу вельмі шмат. Праб’ешся ці не, залежыць ад шматлікіх фактараў, але асноўныя, мне здаецца — стрэсаўстойлівасць і цярпенне. Калі перада мной зачыняюцца адны дзверы, я стукаю ў іншыя. Без паўзы. Прытым раней я быў нашмат больш нахабным. Цяпер, відаць, стаміўся змагацца і пастаянна даказваць. Што даказваць? Што я музыка, што заслугоўваю таго, каб граць канцэрты, што мне ёсць што сказаць на сцэне. Шлейф «прыезджага» за табой цягнецца паўсюль. Ты павінен, з аднаго боку, падладжвацца пад сістэму, а з другога — не страчваць ідэнтыфікацыю. Культурны бэкграўнд, які ў мяне ёсць, вельмі важны. Я не хачу быць “сваім немцам”. А таму і сам стараюся збіраць калектыў інтэрнацыянальны. У папярэднім складзе групы ў мяне гралі музыкі з Грэцыі, Балгарыі, Кубы, Украіны, Уругвая, Канады… У чыста нямецкіх жывуць па іншых законах. Не музычных, але сацыяльных. Там не праходзіць дэспатызм, патрабавальнасць кіраўніка, не праходзіць пазіцыя «ты павінен». А яшчэ немцы — жудасныя педанты. Калі сказана, што рэпетыцыя доўжыцца 3 гадзіны, то 3.10 яна не будзе. Музыкі проста ўстануць і пойдуць. Калі канцэрт запланаваны на 8, то ў 8.03 вы б бачылі рэакцыю гледачоў у зале, асабліва пажылых: «А што здарылася?»
Тут бабуля да ўнукаў прыходзіць у вызначаны дзень і мае жорсткі рэгламент. Плануецца ўсё — ад сэксуальнага жыцця да складаных эмацыйных перажыванняў. Мы ўсё ж такі розныя. З рускімі музыкамі, дарэчы, немцы не любяць мець справы.
— Вядома! Яны могуць прыехаць на 2 гадзіны пазней, інструмент забыць, ноты, выпіць перад канцэртам. Для немцаў гэта непрымальна. Але я нетыповы рускі музыка — вельмі ўжо арганізаваны. Магу і немцаў, калі трэба, “пашыхтаваць”. А яшчэ ёсць і прыемны бок у такой нямецкай педантычнасці. Называецца “сіла слова”. Калі што-небудзь агаворана, гэтаму быць. Сумленнае слова купецкае — гэта адсюль. Хоць бывалі, вядома, свае моманты — кшталту расстроенага піяніна, клавіш, якія адвальваюцца, або педаляў, што падаюць. Але гэта рэдкія выключэнні.
Напэўна, больш за ўсё ў нямецкім ладзе жыцця мяне здзівіла стаўленне да сям’і. Бо да яе там ставяцца «гіперадказна». Як да праекта, які абавязкова трэба запланаваць… гадоў гэтак за восем. Большасць пар за гэты перыяд прымудраюцца абзавесціся дзецьмі, але так і не наважваюцца ўзаконіць адносіны. Не гатовыя! Ды і ўзроставая планка тут вышэйшая. Для жанчын гэта з 35 да 40 гадоў. Тых, хто стаў бацькамі ў 23-25, лічаць як найменш асацыяльнымі элементам. Тых, у каго больш за трое дзяцей, таксама. У выніку ўся рэгенерацыя насельніцтва адбываецца за кошт прыезджых.
З Ірынай мы пазнаёміліся ў Мінску. Потым я з’ехаў, а праз пару месяцаў мы згулялі вяселле ў Мінску. З вялікай цяжкасцю мне ўдалося выбіць у немцаў дазвол з’ездзіць на ўласнае вяселле. А на наступны пасля вяселля дзень я паехаў на гастролі ў Швейцарыю. Прайшло 3 доўгія гады, пакуль нам дазволілі ўз’яднацца. Такое магчыма толькі па маладосці. Так, вядома, я тэлефанаваў, пісаў… Гэтыя лісты ад рукі, ох, як іх чакаеш!
У Лёні і Іры двое сыноў. Старэйшы — Арык — жыва ўдзельнічаў у размове, перыядычна звяртаючыся па дапамогу да таты.
— Дома ў нас закон: гаворым толькі па-руску. І ў школе дзеці вучаць рускую мову. А нядаўна вось Арык удзельнічаў у цікавай праграме, калі дзеці з розных сем’яў праводзяць разам вакацыі. Усе яны — прадстаўнікі розных нацый, якія жывуць у Гамбургу. Кожны дзень праводзіцца ў новай сям’і. Задача боку, які прымае, — максімальна пазнаёміць з культурай і традыцыямі народа. У групе акрамя нас былі сем’і з Турцыі, Чэхіі і Аўстраліі. Цэлы дзень мы гулялі, вучылі алфавіт, словы розныя, гатавалі дранікі, малявалі сцягі, хадзілі на рускую падводную лодку-музей, якая стаіць у нас у порце…
Порт — сэрца Гамбурга, другі па велічыні ў Еўропе. Менавіта ён «робіць» атмасферу горада. Вось ужо некалькі стагоддзяў тут дзейнічае рынак, дзе пачынаючы з 4-5 раніцы гандлююць свежазлоўленай рыбай. Нягледзячы на моцны вецер і холад, мы вырашылі пагуляць па порце. Цудоўнае месца, асабліва калі накрывае настальгія.
— У Беларусі межы бачныя, а тут нябачныя, але ад гэтага не менш непрыступныя. У нас усё зразумела: сказана нельга, значыць нельга. А тут не скажуць, не будуць адмаўляць ні цябе, ні тваю пазіцыю, ні амбіцыі, але… мякка «дадуць зразумець». Тыя, у каго хапае здароўя і цярпення, праходзяць гэтыя цярністыя нябачныя межы заходняй паліткарэктнасці, выплываюць. Тут няма «чорных спісаў», барані божа, але ёсць маса добрых музыкаў, якіх негалосна выкраслілі са свету еўрапейскага шоў-бізнесу з розных прычынаў.
Але… я дакладна ведаю, што мастацтва ў першапачатковым выглядзе ўніверсальнае. І веру, што ў якой бы краіне ты ні жыў, калі тваё мастацтва шчырае, прафесійнае і робіцца з добрай доляй фанатызму, рана ці позна яно будзе ацэненае. Часта немцы мяне пытаюцца, дзе я сябе адчуваю дома. Я думаю, што я касмапаліт і мог бы прыжыцца ў любой краіне. Галоўнае — займацца любімай справай. І зарабляць гэтым сабе на жыццё. Бо, што б ні казалі, умовы жыцця для творчага чалавека важныя.
Ну і пра радзіму. Сумна гучалі вячэрнія прызнанні.
— У Беларусі ў мяне нічога не засталося — толькі ўспаміны. Наўрад ці я вярнуся. Але, як ні пафасна гэта прагучыць, маё сэрца засталося там. Гэтая краіна дае шмат талентаў і не шануе іх. І варыянты ў ёй усяго толькі два — упісацца ў сістэму, стаць яе часткай або быць па-за сістэмай. І змагацца. Але як, скажыце, музыка ці мастак можа з ёй змагацца? Калі і можа, то толькі праз сваё мастацтва.
У Беларусі я не быў ужо 7 гадоў і думаю, што гэта для мяне ўжо іншая планета. Па складзе розуму я ўжо не беларус. Хацеў бы прыехаць, але не проста так — хачу сыграць што-небудзь, паўдзельнічаць у музычным жыцці. Для сябе самога. Мне гэта цікава — усё ж такі я там пражыў 22 гады. Гэта кавалак жыцця. І гэта Радзіма, я б хацеў акунуцца ў яе атмасферу.
Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы ка