Ад папярэдніх пакаленняў можна часта пачуць, што дзеці яшчэ год 70 ці 100 таму, як трохі падрасталі, то адразу пачыналі дапамагаць па гаспадарцы, базавая ж адукацыя ставілася на другі план. Так было ў сем’ях сялянаў, а як выхоўвала дзяцей шляхта? Ці была ў іх сем’ях жорсткая дысцыпліна? Чым займаліся юныя прадстаўнікі шляхты і што вывучалі? Вандруем на некалькі стагоддзяў назад, каб разабрацца ў гэтых пытаннях.
Памножыш славу роду, калі не «байструк»
Нараджэнне дзіцяці ў сям’і шляхціча было велічэзнай радасцю. Лічылася, што спадчыннік памножыць славу роду на вайсковай або палітычнай службе. Хрышчэнне дзіцяці адзначалі асабліва пышна. Ладзіліся балі, якія маглі цягнуцца да тыдня, склікалі ўсіх сваякоў і суседзяў. На стол падавалі толькі найлепшае: стравы з дзічыны, хатніх жывёлаў, птушкі і рыбы.
Чытайце яшчэ: Судак пад «панскім» соусам. Страва на святочны стол ад «Будзьма!»
Не абыходзілася і без моцных напояў, іх ужывалася на такіх мерапрыемствах неверагодная колькасць. Крыху падрослай шляхецкай дзятве не адмаўлялі ў цацках і забавах, заможная шляхецкая сям’я магла замовіць цацкі нават з іншай краіны.
Фрагмент карціны «Смяротны звон» у калегіяльнай базіліцы Святой Тройцы ў Кросна, 1650
Але шляхта так радавалася толькі нараджэнню законных дзяцей, зачатых у шлюбе. «Байструкі» і «крапіўнікі» — пазашлюбныя дзеці — былі на бяспраўным становішчы. Іх маглі аддаваць у сялянскія сем’і, або яны заставаліся для выкананняў брудных працаў пры сядзібе. Жыццё «байструка», калі ён падрастаў, пераўтваралася ў пакуты, з іх здзекаваліся, іх ганьбілі.
З шабляй — ад малу
Без вайсковага рамяства ніякі падрастаючы шляхціч не мог лічыць сябе мужчынам і абаронцам Айчыны. Выхаванне будучых ваяроў было даволі сур’ёзным, асабліва ў ХVI — першай палове XVIII стагоддзяў, калі амаль няспынна ішлі войны.
З асаблівай стараннасцю малады шляхціч мусіў практыкавацца ў шабельным баі і ў верхавой яздзе. Звычайна для вайсковай падрыхтоўкі будучаму рыцару падбіралі «дзядзьку», дасведчанага жаўнера, які суправаджаў бацьку юнака ў многіх бітвах.
Галоўным абавязкам шляхціча перад дзяржавай была служба ў войску. Шляхціч вызваляўся абсалютна ад усіх падаткаў, але пры гэтым павінен быў сам сябе ўтрымліваць, а ў выпадку вайны абавязкова пайсці ў войска ў поўнай амуніцыі і, калі дазваляў дастатак, выставіць пэўную колькасць жаўнераў. З 10 сялянскіх сем’яў — мінімум аднаго рэкрута.
Ад хатняй адукацыі да кадэцкага корпуса
Нават у XVIII стагоддзі сярод шляхты існуе відавочны недавер да публічных школаў. Шляхта аддавала перавагу хатняму выхаванню. Практыкавалася выпісаць у маёнтак настаўніка-замежніка, які вучыў замежным мовам і азам паводзін у высакародным грамадстве, праўда, не заўсёды такая адукацыя была якаснай. Заможныя ж сем’і адпраўлялі вучыцца дзяцей за мяжу.
У ХІХ стагоддзі шмат маладых шляхцічаў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з-за матэрыяльных цяжкасцяў у сям’і вымушаны былі навучацца ў казённых ваенных навучальных установах Расійскай імперыі.
Там выкладаліся агульнаадукацыйныя прадметы за курс гімназіі (мовы, натуральныя і грамадазнаўчыя навукі), страявая падрыхтоўка, верхавая язда, ружэйная стральба, фехтаванне, гімнастыка, плаванне, музыка і танцы. Потым выпускнікоў накіроўвалі пераважна ў юнкерскія ўстановы адукацыі.
У такіх вучэльнях панавала муштра, што для іх было сапраўднай пакутай: жорсткая дысцыпліна, прымушалі размаўляць па-руску і навязвалі цуранне роднай культуры. За непадпарадкаванне кадэтаў каралі розгамі. Падобнае пакаранне маладыя шляхцічы лічылі ганебным.
Свабода, смеласць, ваяўнічасць і братэрства
На землях Рэчы Паспалітай у XVI–XIX стагоддзях панаваў сарматызм як шляхецкая ідэалогія. Згодна з ідэяй, шляхта паходзіла ад старажытнага ваяўнічага народа сарматаў. Гэта старажытнае племя качэўнікаў, што жылі ў IV–III стагоддзях да нашай эры на тэрыторыі сучаснага Ірана, у І стагоддзі нашай эры гэты народ ужо захапіў землі над Дунаем і здзяйсняў пастаянныя набегі на тэрыторыі Рымскай імперыі.
Набег сарматаў
Шляхта сябе звязвала з сарматамі праз смеласць, ваяўнічасць, а таксама любоў да свабоды — гэтыя тры якасці і ляглі ў аснову ідэалогіі сарматызму. Згодна з поглядамі шляхты, гэтымі якасцямі яны адрозніваліся ад масы простага люду. На гэтай дактрыне з самага дзяцінства шляхта выхоўвалася да другой паловы XVIІ стагоддзя.
Згодна з ідэалогіяй, абсалютна ўсе шляхцічы, незалежна ад свайго фінансавага стану, былі роўнымі паміж сабой. Паводле закона яны валодалі аднолькавым па значнасці голасам, правам абірацца на павятовыя соймікі і дзяржаўныя соймы. Цікавіцца знешняй і ўнутранай палітыкай вучылі з дзяцінства.
Без кунтуша — не шляхціч
Сармацкая культура спазнала ўплыў Усходу і Захаду, што выразна выявілася ў сармацкай вопратцы, якая служыла найважнейшым сімвалам ідэнтычнасці шляхты. Сапраўдны сармат мусіў насіць жупан — доўгая верхняя вопратка на гузіках, пазней на яго сталі накідваць кунтуш — накідка, з доўгімі рукавамі з разрэзамі ад локця, які перавязвалі прыбраным поясам.
Замест кунтуша маглі апранаць дэлію — ваўняны плашч, які пашыраецца да нізу.
Шляхціч у жупане і кунтушы
Сярод шляхты былі папулярныя галаўныя ўборы, якія яны маглі ўпрыгожваць пер’ем або каштоўнымі камянямі. Шапка, у большасці, мусіла быць футравая, з паўсферычным верхам, як шлык (шапка конусападобнай формы), магерка (лямцавая, суконная або аксамітная шапка вугорскага паходжання), каўпак, каптур.
Шляхта ў розных відах шапак
Поўны, вусаты і з шабляй
У тыя часы была мода на пышныя вусы сярод прадстаўнікоў сармацтва, таму вусаты мужчына з паголенай па баках галавой — тыповая знешнасць тагачаснага шляхціча.
У большасці шляхцічы былі поўнымі, бо з самага дзяцінства прывучаліся да пастаянных пышных застолляў з вялікай колькасцю страваў і алкаголю. Лічылася, што худы сармат — бедны сармат, бо не мае сродкаў пышна есці.
Зброя была неад’емнай часткай сармацкага касцюма. Яна сімвалізавала яго смеласць, ваяўнічасць, гатоўнасць абараняць Радзіму, веру і ідэалы. Кожны шляхціч заўсёды меў пры сабе на поясе саблю, так званую карабелу.
Ад патрыятызму да распусты
Першапачаткова ідэя сармацтва была завязаная на павазе да Радзімы і гатоўнасці абараняць яе нават са зброяй у руках. Спачатку сармацкая дактрына не супярэчыла талерантнасці і павазе да шматнацыянальнага характару дзяржавы, і нават наадварот, спрыяла інтэграцыі.
Пасля ж «Крывавага патопа» — жудаснай вайны ў сярэдзіне XVIІ стагоддзя, прыярытэты змяніліся, шляхта стала схільнай да ксенафобіі і пачала праслаўляць пышнае памешчыцкае жыццё, адсунуўшы на другі план справы дзяржаўныя і палітыку.
Войцех Косак. «Паланенне шведамі параненага гусара», 1894
Без павальнага п’янства і распусты шляхту стала не ўявіць, хаця яшчэ ў XVI стагоддзі шляхцічы давалі запавет сваім дзецям, каб яны былі цнатлівымі і богабаязнымі. Шляхта пераўтвараецца ў маргінальную сацыяльную групу, маральная чысціня для нашчадкаў сарматаў перастала быць найважнейшым патрабаваннем. Замест вайсковай справы шляхта, у большасці, пачынае займацца інтрыганствам у мясцовай палітыцы, паміж дэбошамі і дуэлямі з суседзямі.
Толькі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, па страце ўласнай дзяржавы, шляхта зноўку пачынае арыентавацца ў выхаванні дзяцей на любоў да сваёй гісторыі, культуры і патрыятызм, што было добра даказана Лістападаўскім і Студзеньскім вызвольнымі паўстаннямі.
АМ, budzma.org