Для даследавання ўплыву расійскіх ваенных дзеянняў на экалогію сёлета паўстала новая ініцыятыва — UWEC (Ukraine War Environmental Consequences Work Group). У групе прадстаўлена і незалежная беларуская экспертыза. З’яўляючыся згуртаваннем эколагаў, журналістаў, экспертаў і актывістаў, UWEC мае на мэце абмен праверанай інфармацыяй і сумесны пошук рашэнняў да ўзніклых падчас вайны экалагічных праблем.
Ацэнка ўрону экалогіі Украіны ад вайны на сёння ацэньваецца дзясяткамі мільярдаў даляраў. Негатыўнае ўздзеянне вайны на навакольнае асяроддзе відавочнае ў выпадку, напрыклад, лясных пажараў, выкідаў пасля бамбардзіроўкі нафтаперапрацоўчых заводаў і газаправодаў альбо разбураных водаправодных і каналізацыйных ачышчальных збудаванняў. Аднак наступствы вайны сягаюць далёка па-за межы вядзення баявых дзеянняў і наўпрост уплываюць як на экалогію і эканоміку суседніх краін, гэтак і на глабальную экасістэму. Сярод прыкладаў можна прывесці перарыванне ланцугоў пастаўкі прадуктаў харчавання з Украіны, што наноў узняло праблему голаду ў найбяднейшых краінах Глабальнага Поўдня. Альбо бягучы энергетычны крызіс у Еўропе, выкліканы адмовай еўрапейскіх краін закупляць расійскі газ у імкненні такім чынам паменшыць паток грошаў у эканоміку краіны-агрэсара.
Фота: https://uwecworkgroup.info/
Група UWEC займаецца справай асвятлення ўплыву вайны на экалогію і навакольнае асяроддзе, такім чынам пашыраючы веды пра бягучы стан падзей ва Украіне на нацыянальную і міжнародную аўдыторыю. Нягледзячы на ўсе высілкі па дакументаванні нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды, доступ да інфармацыі на акупаваных тэрыторыях і ў зонах актыўных баявых дзеянняў моцна ўскладнены.
Беларусь у групе UWEC, якая з'яўляецца інтэрнацыянальнай па складзе, прадстаўлена эксперткай Ірынай Сухій з экалагічнай арганізацыі «Экадом» і таварыства «Зялёная сетка».
— Наша праца складаецца з трох крокаў: маніторынг сітуацыі і збор дадзеных, іх верыфікацыя і правядзенне незалежнага экспертнага аналізу ды распаўсюд праверанай інфармацыі аб наступствах вайны, — тлумачыць Ірына. — Камандзе UWEC важна не дапусціць паслаблення законаў і рэгулявання ў сферы аховы навакольнага асяроддзя ў ваенны час, бо шматгадовыя наступствы гэтага будуць трагічнымі. Мы таксама рупімся пра тое, каб пасля перамогі Украіна была адноўлена ў адпаведнасці «зялёным» стандартам устойлівага развіцця.
Фота: https://uwecworkgroup.info/
Зараз на сайце Групы UWEC можна знайсці матэрыялы пра лёс жывёл у ваенны час, даследаванне ўплыву вайны на марскія акваторыі, тактыкі «зялёнага» постваеннага аднаўлення Украіны, а таксама шматлікія інтэрв’ю з украінскімі і міжнароднымі экспертамі і экаактывістамі. Можна падпісацца на рассылку раз на два тыдні па-англійску, па-руску і па-украінску або сачыць за абвесткамі UWEC у сацыяльных сетках — Twitter i Facebook.