Якую ролю могуць мець развітыя лакальныя супольнасці для выжывання і развіцця краіны? Пра гэта распавядае Аляксей Гайдукевіч на прыкладзе перыяду банкаўскіх страйкаў у Ірландыі 60-х — 70-х гадоў ХХ стагоддзя, чый феномен даследчыкі дастаткова шчыльна вывучалі і вывучаюць і сёння. Якая сіла дазволіла ірландцам без дзяржаўных грошай і банкаўскай сістэмы дамаўляцца і такім чынам захаваць краіну і эканоміку ва ўмовах фактычнага калапсу таварна-грашовых дачыненняў у цэлай краіне? Паспрабуем разабрацца.
Дублін, 1971 год. Фота: dublinlive.ie
Масавыя медыя і сацыяльныя сеткі дзесяцігоддзямі спрабавалі давесці нам тое, што грамады і супольнасці ў традыцыйным выглядзе даўно з’яўляюцца непатрэбным атавізмам. Маўляў, дзяржаўныя сістэмы забеспячэння бяспекі, аховы здароўя, адукацыі і соцдагляду ў цывілізаваных краінах настолькі развітыя, што патрэба ў мясцовай самаарганізацыі на нацыянальным ці рэлігійным падмурках зусім страціла сваю актуальнасць і не заўжды можа мець станоўчы вынік.
У пэўнай ступені спроба накінуць на грамадскую падсвядомасць выключна рацыянальнае і спажывецкае стаўленне да функцыявання соцыумаў давала свой плён.
І нягледзячы на шматлікія прыклады магутнасці інстытутаў лакальных суполак па ўсім свеце, большасць насельніцтва Беларусі (і не толькі) і да сённяшняга моманту не ўсведамляе іх карысці. А падчас экстрэмальных сітуацый лакальныя суполкі набываюць асаблівую каштоўнасць.
На жаль, гісторыя нам даводзіць не толькі тое, што складанасці яшчэ больш злучаюць развітыя нефармальныя структуры ў адкрытых грамадствах з плюралізмам і сталым узаемадзеяннем паміж індывідамі і супольнасцямі, даюць ім магчымасць праявіць сябе. Але і тое, што разуменне мэтазгоднасці ў існаванні такіх структураў для банальнага фізічнага выжывання прыходзіць да некаторых грамадстваў толькі ў сітуацыях, калі народы апынаюцца на мяжы свайго існавання.
Ёсць шмат прыкладаў, якія яскрава дэманструюць, што нават нефармальныя ўзаемаадносіны паміж суседзямі, і глыбей — у межах мясцовых ініцыятываў — не з’яўляюцца выключна нейкай цацкай для актывістаў «трэцяга сектара». Але рэальнай сістэмай прадстаўніцтва і самарэалізацыі грамадзяніна ў соцыуме і на ўзроўні нацыі.
Чытайце яшчэ:Як этна-рэлігійныя супольнасці цэментуюць ліванскую дзяржаву
Але адна справа — разнароднае грамадства, як у Ліване, дзе людзі штодзённа сутыкаюцца з доказамі ўласнай ідэнтычнасці і прыналежнасці да пэўнай рэлігійна-этнічнай групы.
Іншая — амаль монаэтнічныя краіны з заходняга свету, дзе жыццё цалкам зарэгулявана, і, здавалася б, нічога неардынарнага і небяспечнага адбыцца не можа.
Аднак гісторыя ведае выпадкі, калі і на Захадзе ў недалёкім мінулым адбываліся падзеі, якія яскрава прадэманстравалі, што лакальныя сувязі і ініцыятывы ёсць падмуркам пабудовы свядомай нацыі.
Больш за тое, што моцныя мясцовыя сувязі з’яўляюцца інструментам выжывання ў экстрэмальных сітуацыях.
Напрыклад, Ірландыя ў 1960-х — 1970-х сутыкнулася з праблемай, якая магла паставіць пад пытанне само існаванне незалежнай дзяржавы.
Неабходна падкрэсліць, што разгортваліся тыя падзеі праз 20 год пасля атрымання рэальнай незалежнасці ад Брытаніі і праз 45 год з моманту заканчэння грамадзянскай вайны.
Калі ў даволі крывавым супрацьстаянні прыхільнікі суверэнітэту былі вымушаныя пакарыцца аўтанамістам, якіх Лондан падтрымліваў зброяй і жывой сілай.
Уласна ў момант крызісу 1960-х — 1970-х палала поўнач выспы, дзе распачалася актыўная фаза ўзброенай барацьбы паўночных ірландцаў супраць брытанскага войска і фармаванняў пратэстантаў.
У Паўночнай Ірландыі. Фота: allthatsinteresting.com
Сутнасць крызісу хавалася за хваробай росту ў Ірландыі, калі ў эканоміцы краіны, называнай тады «Кельцкім тыграм», пачалі з’яўляцца разрывы паміж попытам, пакупніцкай здольнасцю, ростам коштаў і недастатковымі заробкамі.
Для прыцягнення замежнага капітала, сусветных вытворчых карпарацый у парламенце краіны праціснулі вельмі ліберальнае працоўнае заканадаўства. І ў выніку шырокія слаі насельніцтва амаль пазбавіліся права юрыдычным шляхам дамагацца падвышэння заробкаў, паляпшэння ўмоваў працы.
Для моцнага прафсаюзнага руху адзіным выйсцем у такой сітуацыі заставаліся страйкі, якія білі па набіралай абароты эканоміцы. Краіну ў 1960-я некалькі разоў напаткалі магутныя, амаль разбуральныя выступленні транспартнікаў, прамысловых працоўных, дзяржаўных службоўцаў.
Але найбольш знакавымі былі страйкі банкаў, якія закранулі ўсё грамадства і бізнес і паўплывалі не толькі на працу прадпрыемстваў, але і моцна адбіліся на штодзённым жыцці.
Так, у 1966 годзе абсалютна ўсе банкі прыпынілі працу на 3 месяцы. З улікам таго, што 2\3 плацёжных аперацый у краіне на той момант здзяйснялася безнаяўна, чэкамі — гэта быў вельмі моцны ўдар. Адзіным плацёжным сродкам для дробных аперацый заставаліся наяўныя грошы, якія з часам пачалі асядаць у касах крамаў і сярэдняга ўзроўню гандлёвых кампаніях.
Прыблізна праз 40 дзён амаль усе ірландскія працаўнікі не змаглі зняць заробкі з банкаўскіх рахункаў ці плаціць чэкамі, а працадаўцы выплаціць заробкі наяўнымі.
Адзіным спосабам набываць прадукты харчавання сталі «пазыкавыя запісы» ў лакальных крамах і пабах. Калі гандляры запісвалі на «рахунак» пакупнікоў сумы, патрачаныя на «пакупкі». Альбо атрымлівалі ў якасці аплаты «чэк» — звычайную распіску з наклеенай паштовай маркай і нумарам банкаўскага рахунка кліента. Бо афіцыйныя банкаўскія чэкі ў грамадзянаў і прадпрымальнікаў таксама хутка скончыліся. Юрыдычным асобам дамаўляцца было лягчэй, дзякуючы добрым бізнес-сувязям і рэальна дзейнаму ў краіне інстытуту рэпутацыі.
Пасля заканчэння страйка нават такія самаробныя чэкі банкі апрацоўвалі і пераводзілі безнаяўныя грошы з рахунку пакупніка на рахунак крамы альбо паба.
У 1966-м з-за рэзкага скарачэння магчымасцяў праводзіць плацёжныя аперацыі і браць крэдыты моцна абваліўся продаж дарагімі таварамі працяглага ўжытку, колькасць некрытычных паслугаў. Бо гандляры бытавой тэхнікай, аўтамабілямі, будаўнічыя кампаніі толькі «на даверы» працаваць не маглі.
Але мясцовыя сувязі, з’яднаныя рэлігійныя супольнасці і разуменне неабходнасці выстаяць Ірландыі як нацыі і дзяржаве дазволілі выжыць ірландцам. А праз 4 гады досвед «разлікаў» праз гарантыі дробных крамаў і пабаў быў выкарыстаны і мадэрнізаваны настолькі, што вывучаецца эканамістамі і да гэтага часу.
У 1970 годзе банкаўскія працаўнікі зноў пачалі страйк, які трываў ужо 6 месяцаў. Як бы ні рыхтаваліся ўлады, кампаніі і шараговыя грамадзяне, наяўных грошай і нават надрукаваных загадзя ў вялікай колькасці банкаўскіх чэкаў нашмат не хапіла.
Ірландскі ўрад, прадстаўнікі грамадскай супольнасці, вядомыя асобы праз СМІ заклікалі грамадзянаў не прыпыняць гандаль, працу, не адкладаць запланаваныя пакупкі.
Не спыняла працу нават біржа. Хіба што колькасць аперацый знізілася на траціну.
Гэтым разам шараговыя ірландцы мадэрнізавалі сістэму аплаты з дапамогай пабаў і крамаў, якая спрацавала ў 1966-м. Уласнікі лакальнага гандлю пачалі па ўсёй краіне выступаць яшчэ і гарантамі для самаробных чэкаў сваіх кліентаў, калі тым было патрэбна заказаць нейкую паслугу ці набыць каштоўны тавар.
Таксама такімі гарантамі станавіліся структуры лакальнай грамадзянскай супольнасці — рэлігійныя грамады, спартыўныя клубы, мясцовыя філіялы палітычных партый, прафсаюзаў і г. д.
Фактычна, дробныя крамы, пабы і лакальныя аб’яднанні пачалі выконваць функцыі банкаў, гарантуючы плацежаздольнасць сваіх кліентаў для будаўнічых кампаній, гандляроў бытавой тэхнікай і г. д.
Чытайце яшчэ: Ірландскія спартыўныя клубы — істотны элемент грамадскай супольнасці
У выніку некалькіх месяцаў працы і існавання ў такіх экстрэмальных умовах эканоміка Ірландыі не толькі не страціла, але і прадэманстравала невялікі рост.
Можна сказаць, што адбылося гэта ў першую чаргу дзякуючы моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Менавіта яна сцэментавала лакальныя супольнасці, шараговых ірландцаў, якія былі апантаныя ідэяй давесці свету, што ніякія цяжкасці не ў стане зламіць іх, зруйнаваць дзяржаву.
Хаця асабліва ў брытанскіх СМІ паспяшаліся перайменаваць «Кельцкага тыгра» ў «бананавую рэспубліку», адказнасць ірландцаў і штодзённая праца, давер адно да аднаго, моцнае яднанне на лакальным і нацыянальным узроўнях не далі эканоміцы абваліцца.
Народ прадэманстраваў неверагодную загартаванасць і еднасць. Безумоўна, жыццё без грошай — гэта не баявыя дзеянні, не выбары ці дэманстрацыі раз на тыдзень, страйкі. Сітуацыя зусім не вымагала нейкіх подзвігаў. Але ірландцы ператварылі ў руціну тое, што для большасці жыхароў заходняга свету ў тыя часы (тым больш зараз) здавалася не проста дыскамфортам, а рэальным жахам. Людзі былі вельмі ўзрушаныя салідарнасцю і яднаннем. І ганарыліся сваімі дробнымі, але карыснымі для супольнасцяў і краіны штодзённымі ўчынкамі.
Эканамічны аглядальнік брытанскай газеты «The Financial Times» і сведка тых падзеяў адзначае:
«Пачуццё еднасці і імкненне да супольнай мэты пераважалі любыя складанасці і штодзённыя нязручнасці, якія б у іншай сітуацыі і ў іншай краіне маглі б выклікаць сапраўдную сацыяльную катастрофу».
Увогуле шмат ірландцаў нават з захапленнем узгадваюць страйкі — калі ўся нацыя была аб’яднаная не толькі агульнай мэтай выжыць, але і давесці перадусім адно аднаму здольнасць самастойна весці справы без пасярэднікаў (банкаў ці дзяржавы). Страйкі 1966, 1970, а потым і 1974 гг. прадэманстравалі вельмі цікавую рэч — у перыяд выпрабаванняў і ў пэўнай ступені трыумфу нацыянальнай ідэнтычнасці, лакальнай еднасці грамадзяне больш давяраюць адно аднаму, часцей бяруць на сябе рызыкі (не толькі асабістыя, але і камерцыйныя, рэпутацыйныя ў выпадку грамадскіх аб’яднанняў). У выпадку Ірландыі — гарантуючы плацежаздольнасць не толькі сваю, але і знаёмых, бізнес-партнёраў і г. д.
Прыкладаў альтэрнатыўных плацёжных сістэмаў і аўтаномнага існавання нейкіх асобных рэгіёнаў, якія засталіся без банкаўскай сістэмы з-за ваенных дзеянняў, на планеце хапае, але Ірландыя ў гэтым сэнсе выявілася вельмі ўнікальнай з’явай. Бо гутарка ідзе пра цэлую суверэнную краіну, дзе яшчэ былі жывыя сведкі грамадзянскай вайны і наступныя пакаленні выхаваныя на ўсведамленні гэтай трагедыі і яе наступстваў.
Нягледзячы на гэта, былыя ворагі здолелі дамовіцца і адкласці ўсе канфлікты на потым. Нават гарачая фаза канфлікту ў Паўночнай Ірландыі, падкантрольнай Брытаніі, і павелічэнне колькасці кантрабанды зброі не справакавалі сярод незадаволеных паўднёвых ірландцаў хвалі радыкалізацыі. Моцны прафсаюзны рух не пайшоў на большае напружанне і агульнанацыянальную забастоўку, што магло б не проста спыніць эканоміку, але і паставіць пад пытанне само існаванне ірландскай дзяржавы.
Прафсаюзы Ірландыі вядомыя моцным страйкавым рухам. Фота: img.rasset.ie
Даследчыкі дастаткова шчыльна вывучалі і вывучаюць феномен Ірландыі часоў банкаўскіх страйкаў для лепшага разумення функцыянавання сістэмы ўзаемаразлікаў і магчымасцяў росту эканомікі нават ва ўмовах фактычнага калапсу таварна-грашовых дачыненняў у цэлай краіне.
Студэнтаў па ўсім свеце знаёмяць з працэсамі ў Ірландыі ў 1960-х — 1970-х, каб растлумачыць прыроду сённяшняй грашовай сістэмы, пабудаванай не на апераванні манетамі з каштоўных металаў, але папяровымі білетамі як крэдытнымі сродкамі, намінаванымі цэнтральнымі банкамі.
Але, на жаль, не так шмат надаецца ўвагі вывучэнню супрацы мясцовых супольнасцяў, якая дазваляла праводзіць разлікі без грошай, выключна на даверы і салідарным узаемадзеянні. Якая незразумелая для большасці прыхільнікаў рацыянальнага падыходу і сацыяльнай інжынерыі сіла дала моцы ірландцам без дзяржаўных грошай і банкаўскай сістэмы дамаўляцца? А таксама паўнавартасна функцыянаваць і нават развівацца пачынаючы ад узроўняў вясковых супольнасцяў і да нацыянальнага маштабу.
Чытайце яшчэ: Беларуская нацыянальная ідэнтычнасць ці лакальная самасвядомасць?
Шматлікія апаненты дзейнай валютна-фінансавай сістэмы на Захадзе неаднаразова падкрэслівалі, што ірландскі прыклад даводзіць верагоднасць існавання альтэрнатывы сённяшняму дыктату банкаў і цэнтралізаваных эканамічных уладаў.
Але яны не заўжды ўлічваюць верагоднасць выжывання ў падобных умовах у выпадку неразвітасці лакальных супольнасцяў. А таксама неабходнасць сувязі мясцовых ініцыятываў і соцыума, пабудаванага з упляценнем у каркас традыцыйных грамадаў магутнай нацыянальнай ідэнтычнасці. Магчыма, без гэтага істотнага чынніка, што ў мінулым, і асабліва цяпер (калі ў тым ліку і ў Ірландыі гэты падмурак моцна змяніўся), адзіным выхадам з крызісу была б толькі бясплатная раздача харчовых пайкоў. І не пра які рост эканомікі ў падобных магчымых умовах гаворкі не было б.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org