Пад уздзеяннем мэтанакіраванай і агрэсіўнай палітыкі з-за ўсходняй мяжы ў некалькіх сучасных пакаленняў жыхароў нашай краіны адбыліся змены ў ідэнтычнасцях, якія прынята лічыць палітычнымі. Якія менавіта ідэнтычнасці характэрныя для большасці жыхароў Беларусі і якім чынам гэта можа адбіцца на далейшым лёсе краіны? Разважае Аляксей Гайдукевіч.
Падчас войнаў і падобных трагічных выпрабаванняў пад ментальнымі ўдарамі знаходзяцца любыя падсвядомыя каштоўнасці. Пры гэтым як на індывідуальных, так і на калектыўных, супольных узроўнях.
Падобныя змены адбываюцца і ў мірныя часы, нічога незвычайнага ў гэтым няма. Але менавіта ў экстрэмальных абставінах, у сувязі з нарастаннем рознанакіраваных крызісных з’яваў у індывідуальнай і калектыўнай свядомасці, такія трансфармацыі могуць выклікаць літаральнае руйнаванне сацыяльных маральных каркасаў, справакаваць далейшы ціск на самавызначэнне індывідаў з негатыўнымі зменамі ідэнтычнасцяў.
Чытайце яшчэ: Рабіся інакшым альбо загінеш
Рознага кшталту даследчыкі ў XX ст. шчыльна вывучалі ідэнтычнасці. Не толькі як індывідуальнае ўспрыняцце свету, але і праз прызму пазіцыянавання асобы па формуле Я — супольнасць — грамадства. То-бок своеасаблівы мыслярскі, духоўны шлях асобы ад індывідуальнага ўсведамлення да разумення сувязяў і свайго месца паміж іншымі людзьмі, у групах і грамадстве.
Бо ідэнтычнасці забяспечваюць усведамленне чалавекам месца ў соцыуме. І такім чынам будуюць сацыяльныя групы, лакальныя супольнасці і г. д.
Хаця ідэнтычнасці ёсць выключна індывідуальнымі, адрознымі для кожнай асобы, не маюць нейкага эталону, але яны ёсць адбіткамі калектыўнага падсвядомага ў індывідуальнай каштоўнаснай іерархіі кожнага чалавека.
У выпадку з нацыянальнымі ідэнтычнасцямі — гэта карціна свету, якую выбудоўвае чалавек на падставе адукацыі, сямейнага выхавання, суіснавання ў лакальных грамадах, іншых супольнасцях і па выніках узаемадзеяння паміж людзьмі і нацыянальным грамадствам.
У кнізе 2018 г. «Ідэнтычнасць: Запыт на годнасць і палітыка рэсэнтыменту» знакаміты філосаф з США Фрэнсіс Фукуяма, разглядаючы ідэнтычнасці з пункту гледжання палітычнай тэорыі, у падмурак разумення паклаў імкненні індывіда да прызнання і павагі да ягонай годнасці. Пры гэтым Фукуяма асобна не выдзяляе такія аспекты ідэнтычнасці, як нацыянальны, групавы, сацыяльны.
На ягоную думку, абстрактныя паняткі годнасці, нянавісці, сораму, любові заўжды пераўзыходзяць матэрыяльныя — ад выключна біялагічных да жаданняў заняць зручнае месца ў супольнасці. Такім чынам фарміруецца ўвесь калейдаскоп ідэнтычнасцяў індывіда на сімвалічных падставах, эмацыйнага шэрагу.
Фукуяма не карыстаецца катэгорыямі нацыянальных ідэнтычнасцяў, уласцівых для ўсходняй часткі Еўропы.
І сапраўды, дзіўна было б чакаць такога падыходу ад амерыканца японскага паходжання. Для яго істотнай ёсць «тэрытарыяльная» (палітычная) ідэнтычнасць (па факце месца пражывання і грамадзянства).
Такое бачанне адрозніваецца ад рэалій нашага рэгіёна Еўропы, дзе адметнымі для большасці народаў ёсць культурны, рэлігійны код, а таксама ацэнка з боку суседніх нацый. У пераважнай большасці краінаў на гэтай частцы кантынента пераважае толькі адна нацыянальная асобная ідэнтычнасць. І што вельмі істотна — будуецца яна ў тым ліку на моцных сацыяльных сувязях у лакальных грамадах.
У значнай жа колькасці постсавецкіх краінаў стаўленне да нацыянальнай ідэнтычнасці ўжо трансфармавалася бліжэй да «фукуямаўскага» і адышло ад цэнтральнаеўрапейскіх падыходаў.
Для Беларусі ўласціва стаўленне да палітычных ідэнтычнасцяў, увогуле рознае адразу для некалькіх значных катэгорый грамадзянаў. Бо з-за невялікай колькасці беларускаарыентаваных жыхары краіны з постсавецкай свядомасцю сфармавалі адразу некалькі полюсаў свядомаснага прыцягнення. І яны зусім далёкія ад нацыянальна беларускага.
Нацыянальная ідэнтычнасць чалавека закранае ў большай ступені нематэрыяльныя каштоўнасці, можна сказаць — будуе ўніверсальны погляд на грамадства праз прыняцце міфалагемаў, культурнага, рэлігійнага, моўнага кантэкстаў.
Гэта адзін з самых ірацыянальных аспектаў жыцця.
Менавіта нематэрыяльныя духоўныя каштоўнасці ў часы войнаў і рэвалюцыяў, звязанай з імі частковай дэгуманізацыяй, захаваць вельмі складана. Бо ў экстрэмальных абставінах у людзей зніжаецца патрэба ў «высокіх пачуццях» — годнасці, шчырасці, любові. У такіх выпадках кажуць, што чалавек грубее, становіцца чэрствым.
У СССР усе народы былі роўныя, але былі і самыя роўныя нават сярод роўных
Для сённяшняй Беларусі гэтыя працэсы могуць адбывацца ў вельмі неспрыяльных умовах. Калі ў некалькіх сучасных пакаленняў жыхароў нашай краіны адбыліся змены ў ідэнтычнасцях, якія прынята лічыць палітычнымі.
Знаходзячыся пад сталым прэсам мэтанакіраванай і агрэсіўнай палітыкі з-за ўсходняй мяжы, фактычна калектыўная свядомасць у Беларусі змянілася. Варта канстатаваць, што ў вялікай часткі насельніцтва Беларусі пераважае не нацыянальная ідэнтычнасць, але тэрытарыяльная. Гэтыя жыхары краіны адчуваюць сваю датычнасць да Беларусі выключна ў рацыянальных катэгорыях — месца нараджэння і пашпарт. А ментальная сувязь з мінулымі пакаленнямі праз мову, культуру, гісторыю фактычна адсутнічаюць.
Чытайце яшчэ: Як уціск прыводзіць да разладу супольнасці вольных людзей і фарміравання дысцыплінарных грамадстваў
Такім чынам, для значнага адсотка грамадзянаў Беларусі больш блізкімі з’яўляюцца сучасныя насельнікі РФ, чым іхнія ўласныя продкі.
Атрымліваецца, што карціна свету ў калектыўным несвядомым значнай колькасці жыхароў краіны разрываецца, а пустое места замяняецца наратывамі з-за ўсходняй мяжы.
Даючы крытычную ацэнку працэсаў у Беларусі, неабходна ўсвядоміць, што чалавечыя масы ў нашай краіне не маюць агульнага для ўсіх каштоўнаснага падмурку, але адразу некалькі ментальных «полюсаў» — постсавецкі, нацыянальны і найбольшы тэрытарыяльны.
Таксама можна назіраць адасабленне гэтых свядомасных «полюсаў» адзін ад аднаго. Яны не толькі не ўзаемадзейнічаюць, а ў пэўным сэнсе нават не перасякаюцца. Роўны дыялог і плюралізм меркаванняў у публічнай прасторы амаль адсутнічаюць.
Адлюстраванне дысцыплінарнага грамадства
Суіснуюць гэтыя некалькіх ідэнтычнасцяў (якія могуць прэтэндаваць на палітычную) не проста адасоблена, але і ў асобных інфармацыйных прасторах. Пры гэтым постсавецкая і тэрытарыяльная маюць ментальную сувязь выключна за ўсходняй мяжой Беларусі.
Беларуская нацыянальнае «мае дыялог» у большай меры зараз з украінскімі наратывамі. Часам, здаецца, нават і празмерны, што можа сведчыць аб запатрабаванасці ў сінхранізацыі і недахопе яго на нацыянальным узроўні.
Назіраюцца таксама адразу некалькі канфліктных кропак паміж ідэнтычнасцямі ў Беларусі, а таксама адсутнасць спробаў пабудовы роўных сувязяў для ўзгаднення пазіцый і каардынацыі свядомаснага суіснавання ў адной краіне грамадзянаў з амаль супрацьлеглымі поглядамі на мінулае і будучыню Беларусі.
У сучаснай псіхалогіі і філасофіі лічыцца не зусім слушным стаўленне да ідэнтычнасцяў як да канстанты. Любая палітычная самасвядомасць у тым ліку не проста індывідуальная, але і зведвае трансфармацыі цягам жыцця чалавека. Таксама яна патрабуе своеасаблівай сінхранізацыі ў супольнасцях, грамадстве.
Войны, рэвалюцыі і іншыя крызісы ў стане змяняць палітычныя ідэнтычнасці да непазнавальнасці. Дастаткова прыгадаць істотныя змены, якія адбыліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасля 1917 і 1939–1944 гадоў.
У гэтыя перыяды гісторыі, калі руйнаваліся і страчвалі давер шмат каштоўнасцяў, беларуская нацыянальная ідэнтычнасць у яе мадэрным выглядзе захапіла дастаткова вялікую частку калектыўнай свядомасці насельніцтва нашай краіны, бо прадстаўляла адрозныя ад мінулых, рэвалюцыйныя, актуальныя для ўсяго кантынента ідэі, блізкія народу.
У сучасным свеце падобныя працэсы трансфармацый на ментальным і калектыўным узроўнях могуць значна паскарацца. Асабліва на фоне сённяшняй вялікай свядомаснай неаднароднасці грамадства ў Беларусі і атамізацыі (неразвітасці гарызантальных сувязяў на ўзроўні лакальных супольнасцяў).
У цалкам верагодным выпадку разгортвання на тэрыторыі рэгіёна міжнародных вайсковых кантынгентаў, стварэння дэмілітарызаваных зонаў альбо тэрыторый пад кантролем суседніх дзяржаваў, пераносу баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі, магчымыя не толькі масавая іміграцыя і ўзнікненне новых тэрытарыяльных фармацый, але і калектыўныя свядомасныя змены.
Як яшчэ ўчора большасці нашых суграмадзянаў цяжка было ўсвядоміць, што ад ранейшай «стабільнасці» не засталося і слядоў, так сёння апісаныя варыянты бачацца фантастыкай. Прыблізна падобныя ўяўленні мелі немцы ў 1945 годзе. Акурат напярэдадні раздзялення краіны на ФРГ і ГДР, калі большасць насельніцтва на мяжы фізічнага выжывання пакарылася рашэнню лідараў дзяржаваў-пераможцаў.
У Беларусі падзеі могуць разгортвацца нашмат трагічней. У першую чаргу з-за невялікай колькасці людзей з нацыянальнай свядомасцю і, як вынік, адсутнасцю крытычна неабходнага патэнцыялу да самааргаізацыі, дзейных лакальных аб’яднанняў грамадаў.
У Ірландыі таксама некалі верылі ў вечную «стабільнасць»
Трэба разумець, што большасць жыхароў Беларусі ў апісаных сітуацыях з размытай (тэрытарыяльнай) ідэнтычнасцю не зробяць свой выбар у кірунку нацыянальнай беларускай. Без прад’яўлення ўніверсальнага адпаведнага сучасным кантэкстам праекта (як гэта было ў 1917-м, пры ўсіх ягоных недахопах), вялікая колькасць насельніцтва Беларусі перад прорвай цалкам верагоднай катастрофы можа абраць іншы шлях. Масы будуць змушаныя імкнуцца да самаарганізацыі і будавання лакальных супольнасцяў дзеля фізічнага выжывання, але не праз складаны шлях да нацыянальнай беларускай ідэнтычнасці.
Тым больш, што тэндэнцыі аўтанамізацыі і імкнення грамадстваў да спалучэння разнастайных формаў калектыўнай і ідэнтычнаснай самаарганізацыі існуюць і пашыраюцца ў свеце.
Чытайце яшчэ: Новы погляд на бяспеку ў гарадах і аўтанамізацыю грамадаў
Сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць яднацца ў мясцовыя грамады проста на падставе сітуатыўнай неабходнасці, падчас крызісных падзеяў.
Гэта на падставовым узроўні можа мець супярэчнасці з постсавецкімі анталогіямі, на якіх будуецца названая тэрытарыяльнаю ідэнтычнасць. Але з’яднанне і самаарганізацыя зыходзячы з рацыянальнай неабходнасці выжывання хутчэй пераважыць «складаны шлях» да беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.
У становішчы ідэнтычнаснага вакууму, які фарміраваўся на тэрыторыі нашай краіны не адно дзесяцігоддзе, магчымыя трансфармацыі калектыўнай свядомасці, якія ўжо адбываліся неаднаразова ў гісторыі. Бо для выжывання на першыя шэрагі высоўваюцца ірацыянальныя вартасці — давер, здольнасць да самаарганізацыі, салідарнасць, узаемадапамога. Але для развіцця і пашырэння гэтых каштоўнасцяў у чалавечым розуме і супольнасцях часам недастаткова выключна інстыкту самазахавання. Неабходныя больш складаныя формы самаўсведамлення чалавека, ягонага месца ў грамадстве. Такую ролю адыгрываюць палітычныя ідэнтычнасці.
Аднак у сённяшнім свеце яны могуць мець не абавязкова нацыянальны, але таксама лакальны, класавы, прафесійны альбо іншы характар.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org