«Як гавораць беларусы». З’явілася ў продажы інтэрактыўная кніга для ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай

У Беларусі ў шырокім продажы (з магчымасцю адпраўкі за мяжу) з’явілася навукова-папулярная кніга «Як гавораць беларусы», адрасаваная ўсім, хто цікавіцца беларускай мовай у шырокім яе разуменні. Выданне складаецца з трох раздзелаў і прысвечана разгляду адметных рыс сучаснай беларускай літаратурнай мовы, характарыстыцы яе дыялектнай асновы, апісанню найбольш яркіх асаблівасцей гаворак Беларусі.


«Jak havorać bielarusy»

Хто аўтар кнігі

Аўтар кнігі — кандыдат філалагічных навук Вадзім Шклярык, вядомы ў тым ліку па серыі публікацый у рамках праекта «Мова: як гаворыць краіна» на сайце Onliner  і па дакументальным фільме «Гаворкі Беларусі».

Чаму кніга інтэрактыўная

Кніга змяшчае на сваіх старонках 48 QR-кодаў са спасылкамі на карты з «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і 5-томнага «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», а таксама на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Панчанкі і С. Грахоўскага. Гэтая асаблівасць надае выданню інтэрактыўны характар.

Што пабачым на старонках кінігі

Ілюстрацыі для выдання падрыхтавала прафесійная мастачка Надзея Леановіч.

У якасці ілюстрацый у кнізе выкарыстаны 15 выяў архітэктурных славутасцей Беларусі, выкананых у арыгінальным і кідкім стылі. У прыватнасці, на старонках выдання чытачы пабачаць палацы ў Гомелі і Жылічах, ратушы ў Мінску, Магілёве і Чачэрску, цэрквы ў Віцебску, Полацку і Сынкавічах, касцёлы ў Гродне, Навагрудку і Камаях, сядзібы ў Бабруйску, Галавічполі і Заполлі, а таксама Слуцкую браму ў Нясвіжы.

Гісторыя стварэння

Сайт Onliner, які выступіў інфармацыйным партнёрам праекта, падрыхтаваў відэаролік пад назвай ««Як гавораць беларусы»: гісторыя адной кнігі», у якім аўтар Вадзім Шклярык і мастачка Надзея Леановіч расказалі пра асаблівасці працы над выданнем.

«Jak havorać bielarusy»

Прэзентацыі ў Польшчы

Сёння, 13-га чэрвеня, з 12 да 14 гадзін адбудзецца прэзентацыя кнігі ў Любліне, на кафедры Славянскага мовазнаўства Універсітэта Марыі Кюры-Складоўкай.

У іншых польскіх гарадах прэзентацыі адбудуцца ўжо восенню.

Набыць кнігу можна на сайце выдавецтва «Тэхналогія».


паводле прэс-рэліза