У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” першае непадцэнзурнае выданне Уладзіміра Караткевіча было прадэманстраванае мінскім гімназістам. Прэзентацыя “Ладдзі Роспачы” адбылася ў мінскай гімназіі №33 на вуліцы Шаранговіча. У актавай зале, нягледзячы на невысокую тэмпературу, сабралося шмат гімназістаў. Прэзентацыя была дарэчная яшчэ і таму, што праходзіла ў Тыдзень беларускай мовы. Некаторыя гімназісты мелі бэджыкі “Размаўляй са мной па-беларуску!”
Навучэнцы чыталі вершы на памяць, у тым ліку і Уладзіміра Караткевіча, – і атрымлівалі за гэта памятныя прызы ад культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Асаблівы ажыятаж выклікалі беларускамоўныя налепкі на клавіятуру. Кампутар цяпер ёсць ва ўсіх, і такі “дэвайс” – добры падарунак кожнаму!
Адным з конкурсаў, які праводзіў укладальнік “Ладдзі Роспачы” Глеб Лабадзенка, было называнне беларускіх пісьменнікаў. Гімназісты назвалі каля пяцідзесяці аўтараў, у тым ліку Міру Лукшу, Генрыка Сянкевіча і многіх іншых, якіх, відаць, не праходзілі на занятках.
Музыка, лідар гурта HandmadE Яўген Валошын выканаў для гімназістаў міні-канцэрт і быў здзіўлены, калі адна дзяўчынка прадэманстравала, што песня гурта стаіць у яе… на рынгтоне!