Як палешукі на вяселлях саву на кавалкі рвалі

11.11.2016 Культура

Жанчыны ахіналі ручніком саву і кідалі, а мужчыны мусілі яе злавіць і адарваць як мага большы кавалак.

Палессе – гэта асобны чароўны свет, а мінулае – нібы іншая краіна. Калі вы трапіце ў хату старых таго краю, абавязкова распытайце, як там было раней. І ёсць вялікая імавернасць, што гэтыя аповеды вас нармальна так уразяць.

Адно з самых істотных падзей – вяселле – мае надзвычай шмат разнастайных абрадаў. Так, на Брэсцкай частцы Палесся быў цікавы звычай: пасля таго як вясельнікі трохі пасядзяць за сталом, адна з жанчын заносіла заматаную ў ручнік саву і кідала яе іншай жанчыне, а тая перакідвала наступнай.

“І так гэтая сава скокае! А мужчыны павінны былі яе злавіць. Ды як зловяць, то ўжо дзяруць яе на кавалкі. Кожны хацеў большы кавалак адарваць”, – расказвае нам адна з жыхарак Пружанскага раёна. Гэта ўжо пасля яна нам апавяла, што гэта была не жывая, а спечаная сава, якая трохі нагадвала бохан.

Насамрэч было так: пакуль дзяўчаты ладзілі “вяночкі”, дзе рабілі сабе ўпрыгожанні да свята, сталыя кабеты збіраліся і пяклі каравай. Адбор у каравайніцы быў строгі: каб замужняя, шчаслівая ў шлюбе, каб дзеці здаровыя і г.д. Старыя распавядалі, што пячы каравай было вельмі весела. Жанчыны кпілі адна з адной, жартавалі з сябе, спявалі і нават вымазвалі адна адну.

Пячы каравай – цэлая навука. Напрыклад, на Пружаншчыне ўсіх упрыгожанняў клалі па тры: тры зорачкі, тры месяцы, тры птушачкі, але пасярэдзіне ружа – адна. Яшчэ адным абавязковым упрыгожаннем была каса, якую спляталі з цеста і выкладалі ўздоўж каравая.  Былі і тут свае абрады, вартыя асобнага артыкула, але вернемся да савы.

Калі каравай ставілі ў печку, то з цеста, што засталося, рабілі тую саву. І гэта было не схематычнае нешта, а паўнавартасная птушка з крыламі, лапкамі, хвосцікам і галавой. Вядома, выглядала яна кожны раз інакш суадносна з уяўленнямі каравайніцы. У вочы саве ўкладалі чарніцы, чорныя парэчкі ці два вугалькі.

На фота – Гарэйка Лідзія Мяфодзьеўна, 1936 г.н., в.Роўбіцк, Пружанскі р-н

Выносілі саву ў нядзелю, у першы дзень вяселля, разам з караваем альбо асобна, калі гулялі ў маладой. Да гэтага птушка і каравай ляжалі разам у кладоўцы. Жанчына, што першай брала саву, спявала: “Ой, ты совушка-сава, дзе ты, совушка, была. А была я ў лесу, сустрэла сокала-красу”.

У кожнай вёсцы з гэтай птушкай абыходзіліся па-рознаму. У Клепачах жанчыны кідалі яе адна адной, а мужчыны і дзеці намагаліся перахапіць і разарваць на кавалкі. Той, хто адрываў сабе большую частку, лічыўся шчасліўцам.

У іншых мясцінах адзін чалавек  танцаваў і трымаў саву над галавой, а астатнія ўдзельнікі вяселля намагаліся даскочыць і ўрваць сабе кавалачак. Пасля першы ўласнік птушкі перадаваў яе іншаму, а астатнія працягвалі танчыць і шчыпаць яе.

 

Марыя Грыц

Інфармацыя і фота з экспедыцыі СЭТ 2016 года