Восенню як для прыроды, так і для чалавека настае пераходны перыяд. Змена тэмпературы паветра, працягласці светавога дня, колькасці сонечных промняў — усё гэта ўплывае на наш стан.
Крыніца: celes.club
З надыходам халадоў далёкія шпацыры ды вандроўкі ў лес, на возера, выезды на лецішча прыпыняюцца. Усё больш часу мы праводзім у памяшканнях — наша прастора значна звужаецца. І, каб зімоўе было камфортным, варта паклапаціцца пра ўтульнасць гэтай звужанай прасторы.
Давайце разбярэмся, з чаго наша прастора складаецца, і як можна палепшыць кожны складнік. Дзелімся парадамі, абсалютную большасць з якіх можна скарыстаць не толькі ўзімку, але і ў любы іншы час, каб зрабіць сваё жыццё больш камфортным.
Фізічнае асяроддзе
Крыніца: www.psychologies.ru
Непасрэдна тое, што нас атачае: сцены, столь, падлога. Больш за ўсё часу мы праводзім у сваім доме і на працоўным месцы. У першую чаргу варта навесці там парадак. Вынесці на сметнік усё непатрэбнае. Усё патрэбнае — раскласці па сваіх месцах. Можна для гэтага выдзеліць спецыяльны дзень (ці два). А можна, калі вы не аматар «генеральных» прыборак, вылучаць па 20-30 хвілін штодня, разбіраючы кожны раз які-небудзь адзін кут, шафу, пакойчык. Зараз існуе шмат методык па «расхламленні»: метад Мары Кандо, метад трох скрынак, FlyLady, метад «аднаго чамадана» і іншыя. Забейце ў гугл і абірайце тое, што падыходзіць для вас.
Пасля дадайце сваёй фізічнай прасторы індывідуальнасці. Пастаўце на бачнае месца штосьці адметнае для вас: вазон з любімай кветкай, памятную рэч, натхняючую кнігу. Можна развесіць фотаздымкі шчаслівых і значных для вас момантаў. Калі вы практыкуеце афірмацыі, візуалізацыю і д.п., павесце свае мапы жаданняў, выказванні любімых аўтараў, цытаты-матыватары.
Завяршальнай рысай падарыце сабе якую-небудзь новую цёплую рэч. Рукавічкі, шалік, магчыма, плед ці коўдру. Адсвяткуйце свой пераход у зіму. Такі падарунак можна проста набыць. Можна зрабіць больш цікава: пашыць ці звязаць сабе самастойна. А можна дамовіцца з кім-небудзь на абмен. Падключайце фантазію і прыдумляйце свае цікавосткі.
Нашы стасункі
Гэта таксама вельмі важны складнік асабістай прасторы. Сваякі, блізкія сябры, калегі — неад’емная частка нашага жыцця. І, калі з кім-небудзь стасункі не вельмі, то і якасць жыцця паніжаецца.
Стасункі — гэта працэс. Натуральна, што пастаянна ідэальнымі яны быць не могуць. Вось некалькі падказак, як гарманізаваць і палепшыць сваё «стасункавае» асяроддзе.
Прытрымліваемся таго ж прынцыпу, што і з першым складнікам: спачатку «прыбіраемся». Прааналізуйце, якія пачуцці і эмоцыі выклікаюць у вас камунікацыі з тымі ці іншымі людзьмі. Якія людзі натхняюць вас, падтрымліваюць. А ад якіх вы адчуваеце сябе спустошанымі, адчуваеце роспач, сум. Кантакты з такімі суразмоўцамі лепш звесці да мінімума. Калі гэта не магчыма зрабіць, абірайце нейтральныя тэмы, старайцеся не падключацца эмацыйна.
Калі ж праблематычнымі сталі стасункі з блізкім чалавекам і дыстанцыравацца вы не хочаце, зрабіце адну з наступных практык. А можна і ўсе — для найлепшага эфекту.
«Ліст падзякі»
Крыніца: buki.com.ua
Калі нас крыўдзіць блізкі чалавек (а па-сапраўднаму пакрыўдзіць можа толькі блізкі), мы звыклі крыўдаваць: не размаўляць, запірацца ў сваім пакоі (ці сваіх эмоцыях), рабіць / не рабіць штосьці «на зло». Паспрабуйце зламаць сістэму. Выдыхніце, вазьміце аркуш і ручку да напішыце свайму крыўдзіцелю 20 падзяк (можна і больш). Так-так. Узгадайце і запішыце ўсе тыя моманты, за якія вы ўдзячны гэтаму чалавеку. Напачатку гэта бузе складана. Бо ў вас зараз бушуе крыўда і жаданне вінаваціць. Але паспрабуйце. Пасля 10-й падзякі справа пойдзе лягчэй. У ідэале гэты ліст пасля варта зачытаць адрасату. Калі не адчуваеце ў сабе сілы зрабіць гэта, проста аддайце (ці падклазіце ў кішэню ці торбу разам з якой смачнюшкай).
«Ліст нянавісці»
Бывае, крыўда настолькі моцная і эмоцыі проста «зашкальваюць», што не выціснуць з сябе ні слова ўдзячнасці. Тады пішам адваротны ліст. У ім выказваем усе свае прэтэнзіі і пажаданні крыўдзіцелю без цэнзуры (можна выкарыстоўваць лаянку, маты — усё, як будзе ісці). Тут няма абмежаванняў па колькасці, няма таго, што можна, а што нельга пісаць. Пішам, пакуль не адчуем, што ўсё — скончылася ўся крыўда. Калі вы цалкам вызвалілі сябе ад злосці, агрэсіі, ліст спальваем разам з гэтымі непрыемнымі эмоцыіямі. Уважліва назіраем, як напісаныя словы ператвараюцца ў попел.
«Давай пагутарым»
Гэты метад патрабуе найбольш рашучасці. Выконваць можна не адразу пасля сваркі, а крыху супакоіўшыся. Выдыхніце разам са сваім суразмоўцай. Запарце гарбаты і разліце ў прыгожыя кубкі. За гарбатай па чарзе максімальна шчыра паразмаўляйце пра тое, як і што вы адчувалі. Чаму вы пакрыўдзіліся. Гаворым выключна пра сябе: «я адчуваў/адчувала; у мяне гэта выклікала; мне прыгадалася; і г.д. Ніякіх «ты так зрабіў/зрабіла; з-за цябе» і д.п. Уважліва выслухайце суразмоўцу. Часцей за ўсё сваркі ўзнікаюць ад простага непаразумення — ніхто не хоча спецыяльна пакрыўдзіць блізкага чалавека.
Мы самі
Крыніца: pikabu.ru
Гэта, бадай, самы важны складнік нашай прасторы. Бо ад яго нікуды не падзенешся 24 гадзіны 7 сутак на тыдзень. Гэта ўсе нашыя думкі, ўяўленні, чаканні, спадзяванні, ўсе нашыя «хачу», «магу», «мушу».
Вось некалькі простых спосабаў палепшыць стасункі з сабой.
Клопат пра здароўе
Відавочная рэч: калі нешта не ў парадку з арганізмам, не заладзіцца і ўсё астатняе. Таму варта дастаткова спаць (на зімовы час патрэба ў сне можа павялічыцца), удзяляць увагу свайму харчаванню і фізічнай актыўнасці.
Дазвол быць розным
Часта мы звыклі ставіцца да людзей і сябе, у тым ліку, у адпаведнасці з агульнапрынятымі ярлыкамі: клапатлівая маці, добры альбо строгі тата, выдатніца/выдатнік, цяжкі падлетак і г.д. І ўсё, што выходзіць за межы гэтага, усрымаецца як нешта недарэчнае, няправільнае, ненармальнае. Паназірайце за надвор’ем: вось ласкавае сонейка прыпякае з нябёсаў, а вось завіруха працінае холадам да самых костак. Вось яркае золата асенняй лістоты, а вось шэрае неба і лужыны пад нагамі. І вы таксама можаце быць рознымі. Можаце адчуваць розныя эмоцыі. І гэта нармальна. Вы можаце быць радасным і сумным, вясёлым і бурклівым, пяшчотным і злым, стомленым альбо поўным энергіі, нязломны ці слабым. І гэта ўсё адно будзеце вы. Проста сачыце, каб пражываць свае эмоцыі экалагічна: без шкоды для сябе і атачэння. Але прымайце сябе любога.
Асабісты рытуал
Прыдумайце для сябе сакрэтны рытуал, які будзе напаўняць вас, вызваляць з балота роспачы, калі па нейкіх прычынахвы туды зваліцеся. Гэта можа быць нешта зусім простае: кубачак кавы з зефіркай зранку, прычэсванне драўляным грэбнем, чытанне перад сном любімай кнігі, прагляд мульціка... Альбо вы можаце стварыць нешта грандыёзнае: спа-працэдуры, шматгадзінны шпацыр па лесе ці паездка ў іншы горад. Усё залежыць ад вашай фантазіі і рэсурсаў, якія вы дазволіце сабе выкарыстаць. Сэнс тут палягае не ў маштабнасці дзеянняў. А ва ўсведамленні таго, што гэта выключна ваш час. Вось тут і цяпер вы жывяце толькі для сябе. І не важна, гэта 5-10 хвілін штодня на кубак гарбаты на балконе ці некалькі гадзін лясных шпацыраў з выключаным мабільным.
Баланс паміж «хачу» і «трэба»
Напрыканцы дня прааналізуйце свае дзеянні, разбіўшы іх на тры слупкі:
1) вітальныя патрэбы: сон, прыёмы ежы, санітарна-гігіенічныя працэдуры і г.д.
2) трэба: бытавыя клопаты, праца/вучоба і інш.
3) хачу: тое, што вас радуе (кнігі, размовы з сябрамі, хоббі, кіно і д.п.).
Насупраць кожнага дзеяння прастаўце прыкладна патрачаны час. Звычайна вітальныя патрэбы вымагаюць у нас 35 — 40% усяго часу. Рэшта размяркоўваецца паміж «трэба» і «хачу». У ідэале, гэтыя слупкі таксама павінны быць прыблізна роўнымі: па 30 — 35%. Намагайцеся прытрымлівацца такога балансу. Калі цягам дня гэта складана (праца ці вучоба забіраюць значную частку дня), зрабіце балансіроўку на тыдзень — у выходныя дазвольце сабе больш спраў са слупка «хачу». Таксама можна дамаўляцца з сямейнымі пра раздзяленне бытавых клопатаў: абіраючы тое, што вам падабаецца. Ды й частку вітальных патрэбаў можна перавесці ў слупок «хачу»: не проста памыцца перад сном, а прыняць ванну, пабалаваць сябе самамассажам твару, ступняў і г.д.
Няхай ваш восеньскі пераход будзе лёгкім, а зімоўе — утульным!
Вікторыя Лебедзева